29 Чэрвеня
29.06.2019

Здаў тлушчавую тканку – атрымаў лекі: вучоныя пра лячэнне ствалавымі клеткамі

logo
Навiны
347 0 73
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пашкоджаныя суставы, дзясны, хранічныя раны, рагавіцу ўжо сёння можна «нарасціць» і вярнуць у здаровы стан уласнымі ствалавымі клеткамі. Як гэта адбываецца, журналісту партала Здаровыя людзі распавялі ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут створана спецыяльнае медыцынскае падраздзяленне, дзе можна пракансультавацца наконт магчымасці такога лячэння.

Якія клеткі выкарыстоўваюцца ў медыцыне?

Cтвалавыя клеткі здольныя самаўзнаўляцца і дыферэнцыравацца, гэта значыць ператварацца ў клеткі розных органаў і тканак. Яны захоўваюцца і функцыянуюць у дарослым арганізме, але з узростам іх становіцца меней.

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Сёння ў медыцыне выкарыстоўваюцца мезенхімальныя ствалавыя клеткі дарослага арганізма. Яны абсалютна бяспечныя, не выклікаюць рост пухлінаў і ўжываюцца ў свеце ўжо больш за 10 гадоў. Асноўны эфект гэтых клетак – супрацьзапаленчы і імунасупрэсіўны (падаўленне імунітэту). Выкарыстанне біямедыцынскіх клеткавых прадуктаў (БМКП) на аснове ствалавых клетак дазволена беларускім заканадаўствам. Акрамя нашага Інстытута іх вытворчасцю займаюцца ў Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, РНПЦ трансфузіялогіі і РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Зараз у нашай краіне зацверджаныя каля 40 інструкцый, якія рэгламентуюць выкарыстанне мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння розных захворванняў. Што тычыцца ствалавых клетак з эмбрыёнаў, дык у Беларусі іх медыцынскае прымяненне забароненае, як і ў многіх краінах, бо яны здольныя выклікаць рост злаякасных пухлінаў.

Дзе знаходзяцца ствалавыя клеткі?

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Ствалавыя клеткі рэгенеруюць усе нашы тканкі. Але для медыцынскага прымянення выкарыстоўваюць пераважна дзве асноўныя крыніцы: тлушчавую тканку і касцявы мозг. Забор з касцявога мозгу, у асноўным, выкарыстоўваецца ў анкагематалогіі. Мы ж у Інстытуце выбіраем самы зберагальны і просты спосаб забору матэрыялу – тлушчавую тканку. Неабходна ўсяго некалькі грамаў, каб лабараторыя затым змагла вылучыць з яе ствалавыя клеткі і нарасціць патрэбную колькасць біямасы для лячэбнай дозы, неабходнай канкрэтнаму пацыенту. Яшчэ адна перспектыўная крыніца мезенхімальных ствалавых клетак – нюхальны эпітэлій (слізістая носа).

Як адбываецца забор матэрыялу?

 
Алег Казлоў
Загадчык аддзялення рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі
Маніпуляцыя займае 20-30 хвілін. У аперацыйнай пад мясцовым абязбольваннем пры дапамозе ліпасакцыі бярэцца некалькі грамаў тканкі ў раёне пупочнай ямкі, каб не было відаць мікрашрама. Затым мы аддаём матэрыял у лабараторыю, дзе ўжо з яго вылучаюцца ствалавыя клеткі і нарошчваецца неабходная біямаса.

Што лечаць ствалавымі клеткамі?

У спецыяльным медыцынскім падраздзяленні Інстытута мезенхімальныя ствалавыя клеткі паспяхова прымяняюць па чатырох накірунках.

Першы накірунак – лячэнне трафічных язваў.

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Асабліва добра паддаюцца лячэнню язвы на фоне варыкознай хваробы (вынікі лячэння дыябетычных язваў не такія добрыя, бо дыябет – сур'ёзнае сістэмнае захворванне). Мы выкарыстоўваем як мезенхімальныя ствалавыя клеткі, так і фібрабласты – клеткі скуры. Уведзеныя ў арганізм, яны лакальна памяншаюць запаленчую рэакцыю, уключаюць рэгенератарныя функцыі арганізма і ствараюць аб'ёмную структуру тыпу дэрмы, якая фактычна закрывае язвавы дэфект. Гэтая методыка таксама добра дапамагае пры лячэнні цяжкіх пролежняў.

Другі накірунак – лячэнне дэгенератыўных захворванняў суставаў, распрацаванае сумесна з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Гэтая методыка была ўхваленая Міністэрствам аховы здароўя Беларусі як эфектыўная і бяспечная ў 2018 годзе.

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Астэаартоз – цяжкае захворванне, якое значна зніжае якасць жыцця людзей, вядзе да інваліднасці, страты прафесіі. Класічнае лячэнне не заўсёды дапамагае, а вось клеткавыя тэхналогіі дазваляюць запусціць працэс аднаўлення храстковай тканкі. Працэдура праводзіцца ў амбулаторных умовах «сёння на сёння»: у сустаў уводзіцца пункцыя БМКП, які загадзя быў вырашчаны ў лабараторыі з тлушчавай тканкі пацыента. У выніку ўтворыцца гіялінападобная структура, якая закрывае дэфект храстка. Гэтага дастаткова, каб знік болевы сіндром. Акрамя таго, пашыраецца аб'ём рухаў, гэта значыць паляпшаецца функцыя сустава. Метад выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі посттраўматычных і дэгенератыўных захворванняў тазасцегнавых, каленных, галёнкаступнёвых, плечавых суставаў.

Трэці накірунак – стаматалогія. У Інстытуце адкрыты стаматалагічны кабінет, дзе лечаць захворванні перыядонту. Распрацоўкі вяліся сумесна з кафедрай артапедычнай стаматалогіі БелМАПА.

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Парадантыт і парадантоз – хранічныя захворванні, якія дрэнна паддаюцца лячэнню. З-за іх пацыент губляе здаровыя зубы. Адзін з сімптомаў захворвання перыядонту – памяншэнне дзясны. Мы змаглі яе «нарасціць». Летась зацверджана інструкцыя па лячэнні рэцэсіі дзясны з дапамогай ствалавых клетак. Яны ін'екцыйна ўводзяцца ў тканку дзясны, здымаюць запаленне, запускаюць працэс рэгенерацыі тканкі і павялічваюць яе масу, спрыяюць выдаленню патагенных мікраарганізмаў, умацоўваюць звязкі зуба. Таксама цяпер сумесна са стаматолагамі мы вядзем распрацоўкі па аднаўленні касцяной тканкі. Гэта значна палегчыць задачу імплантолагам, якім часцяком проста няма ў што ўкруціць штыфт.

Чацвёрты накірунак – афтальмалогія.

Сёння ў Інстытуце завяршаецца цікавы праект з афтальмолагамі па аднаўленні пашкоджання рагавіцы вока пасля хімічнага апёку або траўмаў.

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Выкарыстоўваюцца не толькі мезенхімальныя ствалавыя клеткі, але і клеткі лімба. Іх нанясенне на рагавіцу забяспечвае яе гаенне з празрыстай структурай. Напрыканцы года будзе зацверджаная інструкцыя аб прымяненні гэтай методыкі.

Ствалавыя клеткі – не цуд, які можа дапамагчы ад усяго. Але гэта дадатковая магчымасць пераламаць сітуацыю ў хваробе, падкрэсліваюць вучоныя.

Чаму клеткавыя тэхналогіі дарагія?

Названыя методыкі лячэння ў медыцынскім падраздзяленні Інстытута – платныя. Напрыклад, курс лячэння артрозу каштуе 4 тысячы рублёў. У параўнанні з коштам лячэння ў іншых краінах гэта нядорага. Напрыклад, па словах Андрэя Ганчарова, у Польшчы і Чэхіі гэта каштуе 5-6 тысяч еўра, у Германіі – больш за 10 тысяч, а ў ЗША і Ізраілі – некалькі дзесяткаў тысяч еўра. Аднак для беларусаў і такія расцэнкі – немалыя грошы. Чаму пакуль гэта столькі каштуе і ці будзе танней?

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Клеткавыя тэхналогіі сёння дарагія, бо цэлая каманда ўрачоў і навуковых супрацоўнікаў працуе, па сутнасці, толькі на аднаго пацыента, вырабляючы для яго БМКП. Сама працэдура падрыхтоўкі клетак – вельмі складаная маніпуляцыя. У нас на ўсю краіну ўсяго два дзясяткі спецыялістаў, хто можа гэта рабіць. Пры гэтым нашы цэны практычна роўныя сабекошту. Магчыма, з часам клеткавыя тэхналогіі атрымаецца зрабіць больш таннымі. Сёлета пачаўся праект па лячэнні чырвонай ваўчанкі, сур'ёзнага аўтаімуннага захворвання, якое дае ўскладненні на ўсе органы і прыводзіць да інваліднасці за кароткі перыяд. Плануецца асвоіць метад лячэння донарскімі ствалавымі клеткамі і пуліраванымі культурамі. Клеткі будуць забірацца ад некалькіх донараў, і на аснове самых жыццяздольных фармавацца БМКП, які можна выпускаць партыямі. Такія донарскія пуліраваныя культуры знізяць сабекошт БМКП у 3 разы як мінімум. Калі цяпер адна доза БМКП для лячэння чырвонай ваўчанкі каштуе каля 4 тысяч рублёў, дык будзе каля 1,3 тысячы рублёў.

Навошта трэба замарожваць свае ствалавыя клеткі?

Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі прапануе сёння паслугу крыябанкінга – замарозку і шматгадовае захоўванне ўласных ствалавых клетак у спецыяльнай крыяячейцы. Навошта гэта трэба?

 
Уладзімір Крыцкі
Намеснік дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Гэтыя клеткі затым можна выкарыстоўваць для ўласнага лячэння. Здавалася б, мая тлушчавая тканка заўсёды са мной, і ў любы момант можна ўзяць маленькі кавалачак і вывесці ствалавыя клеткі. Але справа ў тым, што клеткі старэюць і падвяргаюцца ўсім негатыўным уздзеянням навакольнага асяроддзя разам з намі. Таму чым раней іх забраць, тым маладзейшымі і здаравейшымі яны будуць.
 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі
Своечасовая здача матэрыялу можа выратаваць жыццё. Справа ў тым, што каб вылучыць з тканкі ствалавыя клеткі і нарасціць патрэбную біямасу, неабходны прыкладна месяц. Але раптам лячэнне спатрэбіцца тэрмінова? А з замарожаных клетак можна вырасціць неабходны для лячэння аб'ём за пару дзён.

Сёння любы чалавек можа прыйсці ў Інстытут і здаць тлушчавую тканку для наступнага выдзялення ствалавых клетак. Паслуга новая і нязвыклая, пакуль ёю скарысталіся толькі з дзясятак чалавек. У кошт паслугі ўваходзіць забор матэрыялу (80 рублёў), працэдура крыякансервацыі – важна падрыхтаваць клеткі так, каб пры размарожванні яны засталіся жывымі (100 рублёў), і захоўванне (50 рублёў у год). Клеткі могуць захоўвацца дзесяцігоддзямі. Такі вось своеасаблівы дэпазіт здароўя.

Пра тое, як клеткавыя тэхналогіі дапамагаюць у лячэнні раку, чытайце ў наступным матэрыяле.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Фота – Алеся Лазарава

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

347 0 73

Журналіст
Наверх