10 Ліпеня
10.07.2019

Здароўе даражэйшае. Медыцынская страхоўка – браць ці не браць?

logo
Падарожнічай
88 0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уплыў глабалізацыі закрануў і сферу турызму. Цяпер ніхто не абмяжоўваецца летнім перыядам, каб пагрэцца на беразе мора, ды і не чакае снежнай зімы для горных лыжаў і сноўборда. Адпачынак даступны круглы год усім жадаючым. А вось новыя геаграфічныя напрамкі і тамтэйшыя забавы тояць шмат небяспекі: ад складанай акліматызацыі, перыпетый з нацыянальнай кухняй да вірусаў і экстрэмальных сітуацый.

Збіраючыся ў любое падарожжа, мы хочам не толькі ўдала адпачыць, але і вярнуцца задаволенымі і шчаслівымі, захаваўшы, а то і палепшыўшы здароўе – сваё і сваіх блізкіх. І часам нават не задумваемся пра патрэбу, наяўнасць, выгляд ці асаблівасці медыцынскага страхавання. А дарма. Каб у патрэбны момант медыцынская страхоўка не падвяла, падыходзіць да яе выбару трэба сур'ёзна.

Адказнасць на вас і не толькі

Згодна з Указам № 530 «Пра страхавую дзейнасць» у Беларусі страхаванне ад няшчасных выпадкаў і хвароб на час паездкі за мяжу з'яўляецца добраахвотным відам страхавання і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі страхавання. Таму нават калі ў краіну, куды вы збіраецеся, страхоўка не патрэбная – лепей паклапаціцца пра яе самастойна і аформіць для сябе і сваёй сям'і.

Дарэчы, згодна з артыкулам 26 Закона Рэспублікі Беларусь пра турызм, турыстычная арганізацыя (кампанія, фірма і інш.) па жаданні турыста абавязана прадаставіць гарантыі аплаты аказання медыцынскай дапамогі турыстам, экскурсантам пры ўездзе ў краіну (месца) часовага знаходжання – страхавы медыцынскі поліс, пасведчанне, сертыфікат. Патрабуем і не саромеемся.

Абавязковым дакументам пры атрыманні візы ў любую з 31 дзяржавы Шэнгенскага пагаднення 1985 года з'яўляецца медыцынская страхоўка на суму не менш за 30 000 еўра ў эквіваленце.

Да ўвагі: Вы як турыст маеце права самастойна аформіць страхоўку ў любой страхавой арганізацыі, нават калі ў краіне знаходжання не прадугледжанае абавязковае страхаванне. Настойліва раім азнаёміцца з правіламі страхавання абранага страхоўшчыка і ўдакладніць, на якія выпадкі страхоўка будзе распаўсюджвацца, а ў якіх давядзецца аплачваць медыцынскія выдаткі самастойна (так званы «спіс выключэнняў»). Умовы заключэння дагавора страхавання вызначаюцца ў правілах канкрэтнага віду страхавання, якія зацвярджае ў сваіх правілах страхавая кампанія або аб'яднанне такіх кампаній і ўзгадняе Мінфін. Страхоўшчык павінен прыкласці іх да страхавога полісу.

Некаторыя сайты пішуць пра бясплатную медыцынскую дапамогу нашым грамадзянам на падставе пагаднення дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў 1997 года пра аказанне медыцынскай дапамогі грамадзянам. Нагадаем, гэта пагадненне ні для адной з краін не з'яўляецца абавязковым для выканання, давядзецца заплаціць.

Кошт пытання

Усё залежыць ад колькасці дзён знаходжання за мяжой, пажаданай страхавой сумы, краіны прызначэння і, як ні дзіўна, віду адпачынку.

Напрыклад, страхавы поліс на два тыдні ў Еўропе на суму ў 30 000 еўра – каля 11-15 беларускіх рублёў, на пяць дзён – 5 рублёў. Ізраіль, ЗША на суму 100 000 – 100 долараў ЗША ў эквіваленце; Канада, Вялікабрытанія, Японія, Тайланд і некаторыя іншыя краіны – значна даражэй з-за кошту аказваемых паслуг. Такі парадак цэн распаўсюджваецца на турыстаў ад 17 да 65 гадоў. Для дзяцей – больш нізкія цэны, для пажылых людзей – больш высокія.

Дарэчы, свядомае страхаванне актыўнага і экстрэмальнага адпачынку (дайвінг, сафары, параглайдынг, рафтынг і інш.) будзе з павышаным каэфіцыентам, але затое з гарантыяй аплаты ў выпадку прычынення шкоды здароўю.

Як гэта працуе?

Сур'ёзны падыход страхавых кампаній – сфарміраваны пакет дакументаў да страхавога поліса. Патрабуйце смела даведку з рэкамендацыямі, як паступаць пры надыходзе страхавога выпадку. Плюс да гэтага можна папрасіць прыкласці форму медыцынскай справаздачы для ўрача, калі раптам ён не зможа даць даведку, стандартны зварот на некалькіх мовах да медыцынскіх работнікаў або службаў ратавання ў выпадку, калі застрахаваны знаходзіцца без прытомнасці.

Знаходзіцеся на адпачынку і ў вас паўстала неабходнасць звароту да ўрача або ў медыцынскую ўстанову? Дзейнічаем. Варыянт №1:

  • бярэм страхоўку і тэлефануем па нумарах, пазначаных у ёй або ў памятцы;
  • адказвае рускамоўны аператар кол-сервісу або так званы прадстаўнік кампаніі – асістэнс. Паведамляем нумар страхавога поліса, прозвішча і імя, дзе вы знаходзіцеся, тэлефон, па якім можна ператэлефанаваць;
  • спакойна тлумачым, што здарылася з вамі або з кім-небудзь з блізкіх.

Званок аплачвае страхавая кампанія. Кол-сэрвіс працуе кругласутачна і хутка вырашае неабходныя пытанні па аказанні медыцынскай дапамогі.

Калі праблема са здароўем не надта сур'ёзная, відавочна, што не патрабуецца шпіталізацыя і вы зможаце растлумачыць на замежнай мове, што з вамі здарылася, для вас варыянт №2:

  • знаходзім бліжэйшы пункт аказання медыцынскай дапамогі або ўрача; паказваем яму медыцынскую страхоўку, каб ён аформіў дакументы, якія пацвярджаюць факт звароту і праведзенае лячэнне, а таксама лекавыя прызначэнні;
  • аплачваем такі прыём ва ўрача самастойна;
  • бярэм дакументы ва ўрача, рэцэпты і чэкі аплаты лекавых сродкаў у аптэцы;
  • па прыездзе – звяртаемся ў страхавую арганізацыю з арыгіналамі дакументаў па атрыманне кампенсацыі.

Прыкладная сума, на якую можна самастойна атрымаць медыцынскую дапамогу, складае не больш за 100-500 долараў ЗША ў эквіваленце. Рэкамендуем загадзя ўдакладніць у страхавой кампаніі дапушчальную суму ў выпадку самастойнага звароту. Неабходныя дакументы для вяртання затрачаных сродкаў звычайна пазначаныя ў правілах страхавання.

Дзейнічайце строга па памятцы. Калі вы парушыце правілы страхавання, страхавая кампанія можа не вярнуць выдаткаваныя на лячэнне грошы.

У якіх выпадках дзейнічае медыцынская страхоўка?

Медстрахоўка пакрывае выдаткі выключна пры надыходзе страхавога выпадку. Страхавым выпадкам лічыцца падзея, пры надыходзе якой страхавая кампанія абавязаная выплаціць вам пэўную суму грошай – страхавую выплату. Самыя распаўсюджаныя страхавыя выпадкі – гэта траўмы і хваробы, якія патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі.

За кошт медстрахоўкі, як правіла, аплачваюцца выдаткі:

  • на аказанне неадкладнай медыцынскай дапамогі застрахаванай асобе, амбулаторнае і стацыянарнае лячэнне: кансультацыя ўрача, якая ўключае дыягнастычнае абследаванне;
  • медыцынскія маніпуляцыі (ін'екцыі, лекавыя прэпараты, перавязкі і іншыя медыцынскія працэдуры), якія адпавядаюць стандартам аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі;
  • экстраная шпіталізацыя застрахаванай асобы, у тым ліку ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі;
  • хірургічнае і (або) тэрапеўтычнае лячэнне застрахаванай асобы;
  • на аказанне экстраннай стаматалагічнай дапамогі (як правіла, да 100 еўра ў эквіваленце);
  • транспарціроўку ў шпіталь краіны знаходжання і/або ў Беларусь для далейшага лячэння;
  • аплату тэлефонных перамоў са страхавой кампаніяй або яе прадстаўнікамі за мяжой і інш.;
  • выдаткі на медыцынскую эвакуацыю;
  • выдаткі на медыцынскую рэпатрыяцыю;
  • выдаткі на пасмяротную рэпатрыяцыю цела і (або) астанкаў застрахаванай асобы.

Некаторымі варыянтамі страхавання прадугледжана аплата і іншых выдаткаў:

  • пошук і выратаванне застрахаваных асоб;
  • аплата юрыдычнай дапамогі;
  • вяртанне дадому непаўналетніх дзяцей, напрыклад, у выпадку, калі яны застаюцца без нагляду, бо бацькі ў бальніцы.

Страхоўка не аплаціць лячэнне:

  • сонечных апёкаў і наступстваў доўгага знаходжання на сонцы;
  • інфекцыйных захворванняў, якія можна было прадухіліць, зрабіўшы прышчэпку напярэдадні;
  • абвастрэння хранічных захворванняў, аднак, ёсць страхоўкі, якія часткова пакрываюць і такія выдаткі;
  • абвастрэння або пагаршэння хваробы з-за парушэння рэкамендацый урача пасля перанесеных хвароб або аперацый, рэжыму ці перапыненага курса лячэння;
  • інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку ВІЧ і яго разгорнутай стадыі СНІД, анкалагічных захворванняў;
  • любога парушэння здароўя (траўмы, хваробы), якое здарылася з турыстам у нецвярозым стане.

Скупы плаціць двойчы!

Зараз страхоўшчыкі прадугледжваюць так званую франшызу – суму, якую яны не кампенсуюць. Ёсць два тыпы. Абсалютная франшыза, дапусцім, у 100 долараў, азначае, што з усіх выдаткаў на лячэнне гэтую суму кампенсуеце вы самі, астатняе – страхавая кампанія. Адносная – калі кошт за лячэнне перавысіць 100 долараў, дык за ўсё заплаціць страхавая кампанія. Калі ж меддапамога будзе таннейшай, давядзецца плаціць самому. Як правіла, чым страхоўка таннейшая, тым франшыза вышэйшая.

Часам страхоўшчыкі ў рамках страхавання кампенсуюць не толькі абумоўленыя выдаткі, але і робяць разавую выплату, напрыклад, пры пэўнай траўме, наступленні інваліднасці ў выніку няшчаснага выпадку. Усе гэтыя нюансы неабходна ўдакладняць у канкрэтнай кампаніі, кошт такой страхоўкі вышэйшы.

Будзьце пільнымі!

У любой краіне прадстаўнік праваахоўных органаў мае права ў любы момант праверыць у вас дакументы, асабліва гэта папулярна ў Еўрасаюзе. Загадзя зрабіце ксеракопію пашпарта і медыцынскай страхоўкі з кантактнымі тэлефонамі і насіце з сабой. Няхай лепей яны вам не спатрэбяцца, чым іх не будзе побач у самы патрэбны момант.

Самыя дасведчаныя турысты раяць пра ўсе нюансы паклапаціцца напярэдадні падарожжа, а ў перыяд знаходжання за мяжой атрымліваць асалоду ад заслужанага адпачынку – у поўнай меры, з выключна пазітыўнымі думкамі!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

88 0 32

Наверх