15 Мая
15.05.2020

Жыццё анлайн. Карысныя лайфхакі для лічбавага дэтаксу

logo
Знайдзі сябе
162 0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наша жыццё цяпер як ніколі раней завязанае на стасунках анлайн. Зручна, хутка – проста выратаванне. Аднак любыя тэхналогіі патрабуюць асцярожнага выкарыстання. Лішак інфармацыі прыводзіць да таго, што яна не засвойваецца. Альбо запамінаецца толькі самае простае, нават прымітыўнае. Вось і атрымліваецца, што вы цэлы дзень правялі анлайн, загрузілі галаву бясконцым патокам усякіх розных дадзеных. А на выхадзе – стомленасць, невыкананыя справы, пачуццё знясілення, перагрузкі, нездаволенасці.

Без мабільнага. Абмяжоўваем сацсеткі.

У дадатак раздражненне, злосць і віна, якая падганяецца параўнаннем сябе з больш паспяховымі людзьмі, якія ў адрозненне ад вас паспяваюць усё. «Бонусам» прыходзіць і бяссонніца. А для жанчын апусканне ў лічбавае асяроддзе багатае на праблемы з рэгулярнасцю менструальнага цыклу. Акрамя таго, лічбавы кантакт не можа задаволіць нашу патрэбу ў эмацыянальных сувязях з іншымі людзьмі. Усё гэта ўзмацняе пачуцці адзіноты і нездаволенасці. Дапамагчы можа выкананне правілаў лічбавай гігіены.

Галоўныя правілы лічбавай гігіены

1. Раніцу пачынаем не з тэлефона.

Большая частка сучасных людзей, ледзь расплюшчыўшы вочы, цягнецца да смартфона: праверыць пошту, сацсеткі, убачыць апошнія навіны. Ці не пакінуў хтосьці паведамленні, колькі «падабаек» назбіраў пост у сацсетцы, што новага апублікавалі і г.д. На наш мозг абвальваецца лавіна інфармацыі, а настрой чамусьці псуецца. Важнае і першае правіла: прачнуўшыся, настроіцца на новы дзень, паляжаць у цішыні хаця б некалькі хвілін, адчуць сваё цела, пацягнуцца ў ложку, сказаць сабе штосьці добрае, узбадзёрыцца. Затым памыцца, зрабіць усе гігіенічныя працэдуры. І толькі пасля гэтага, ужо канчаткова прачнуўшыся, паглядзець у тэлефон. Многія людзі адзначаюць, што нават гэты пункт робіцца для іх складаным. Не правяраючы паведамленні пастаянна, яны літаральна адчуваюць інфармацыйную ломку. Нагода задумацца.

2. Адключаем гук і паведамленні.

Без мабільнага. Адключаем гук.

Вядомы расійскі псіхатэрапеўт Андрэй Курпатаў параўноўвае наша імкненне кідацца да тэлефона пры кожным сігнале месэнджараў з рэфлексамі сабакі Паўлава. Ад таго, што вы не адказалі ў гэтую ж секунду, ніхто не пацерпіць у 90% выпадкаў. Адкажаце тады, калі ўбачыце. Абвесткі можна пакінуць толькі на самыя важныя нумары або групы.

3. Фільтруем непатрэбнае.

Ад багацця разнастайных месэнджараў, сацсетак і дадаткаў галава ідзе кругам. Ці сапраўды яны ўсе патрэбныя альбо некаторыя проста цягнуць час і адцягваюць увагу?

4. Ставім таймер для працоўных задачаў.

Калі перад вамі ёсць працоўная задача, дык узнікае спакуса адцягнуць увагу: залезці спачатку «на пару хвілін» у Фэйсбук і знайсці пост Івана Пятровіча, праверыць новы рэцэпт чарговага блогера з інсты, «заліпнуць» на смешным відэа. І вось ужо прайшло 2-3 гадзіны, вы цалкам выматаныя, а нічога карыснага яшчэ не зроблена. Каб засцерагчы сябе ад такой сітуацыі, лепей карыстацца таймерам. Паўгадзіны-гадзіну канцэнтруемся выключна на працоўным пытанні, не чапаючы тэлефон, затым 15 хвілін адпачываем. Таксама строга па таймеры.

5. Рэгулюем час знаходжання ў сацсетках.

Без мабільнага. Абмяжоўваем знаходжанне ў сацсетках.

Сацсеткі карысныя новымі важнымі знаёмствамі і кантактамі, але вельмі каварныя. Падглядванне за лічбавым жыццём іншых людзей багатае на расчараванне ва ўласным: вось яны ўжо і спортам пазаймаліся, і пяты па ліку вебінар асвоілі, і кнігу прачыталі, і кар'еру прасоўваюць, і дом заўсёды ў парадку, а я... Праблемы ёсць ва ўсіх. Але лічбавы свет фільтруе і прапускае толькі самыя паспяховыя моманты. Таму наша ўласнае жыццё здаецца нам не такім удалым у параўнанні. У многіх гэта выклікае апатыю. Але мы не ведаем, з чым насамрэч сутыкаюцца гэтыя людзі.

Вядомы расійскі журналіст і медыяменеджэр Уладзімір Якаўлеў калісьці вырашыў зацікавіцца гэтым пытаннем і пагутарыў з героямі гучных публікацый пра поспех. Усё, што было апісана пра гэтых людзей, аказалася праўдай. Толькі вось высвятлілася, што сапраўды паспяховы бізнэсмэн пакутуе ад сур'ёзных хваробаў і страціў кантакт з дзецьмі, шчаслівы сем'янін ужо знаходзіўся ў эпіцэнтры разбуральнага разводу...

Шчасце і поспех бетануюцца ў інтэрнэце як штосьці нязменнае. Насамрэч у жыцці людзей здараецца ўсякае. Для таго, каб пазбегнуць спакусы параўноўваць сябе і псаваць гэтым настрой, псіхолагі рэкамендуюць праводзіць у сацсетках рэгламентаваную колькасць часу. Напрыклад, паўгадзіны ў дзень. Пэўныя праграмы дазваляюць устанавіць таймер, які будзе сігналізаваць пра тое, што свой сённяшні час вы ўжо вычарпалі.

6. Выдзяляем час без гаджэтаў штодня.

Без мабільнага. За сямейнай вячэрай.

Вызначыце для сябе час, у які вы будзеце мець стасункі толькі з сямейнікамі ці зможаце прысвяціць сабе, цалкам засяродзіўшыся на адпачынку і не перагружаючыся інфармацыйным шумам. Напрыклад, гэта можа быць традыцыя вячэраў, калі ўся сям'я мае стасункі ўжывую, а не гледзячы пастаянна на экран гаджата. Нават гэты невялікі, але рэгулярны час будзе важкім укладам у падтрыманне так патрэбнай для ўсіх нас эмацыянальнай сувязі са значнымі людзьмі.

Даследаванні псіхолагаў адзначаюць, што фабінг (звычка адцягваць увагу на мабільныя прылады замест таго, каб падтрымліваць размову з суразмоўцам) выклікае ў людзей пачуццё раз'яднанасці, непатрэбнасці, страты кантакту. З'ява, на жаль, зрабілася распаўсюджанай. А вось паходжанне слова кажа само за сябе – ад ангельскіх слоў «phone» (тэлефон) і «snubbing» (грэблівае стаўленне).

7. Рухаемся мінімум 30 хвілін у дзень.

Звычка пастаянна сядзець у тэлефоне прыводзіць не толькі да эмацыянальнага знясілення, але і стомленасці вачэй, болю ў спіне. Бо нярэдка, захапіўшыся, чалавек забываецца пра позу і сядзіць, скрукаваўшыся, гадзінамі. Паўгадзіны фізкультуры ў дзень дапамогуць вам лепей адчуваць сябе і фізічна, і псіхалагічна.

Без мабільнага. Займаемся фізкультурай.

8. Арганізуем месца без гаджатаў дома.

Андрэй Курпатаў раіць не насіць з сабой смартфон па ўсім доме (асабліва ў прыбіральню і ванны пакой), а адвесці для яго сваё месца, куды вы час ад часу будзеце падыходзіць. Так залежнасць ад гаджата будзе паступова слабець.

9. Выкарыстоўваем прадметы па прызначэнні.

Смартфон робіцца незаменным: тут і будзільнік, і нататнік, і падлік калорый, і дадатак для чытання кніг... Для таго, каб не дазволіць гаджату перацягнуць на сябе занадта шмат увагі, псіхолагі рэкамендуюць часцей выкарыстоўваць рэчы па прызначэнні: запісваць інфармацыю звычайнай ручкай у папяровы нататнік, завесці механічны будзільнік (гэта нават рамантычна), часцей чытаць папяровыя кнігі. Гэтыя простыя змены сапраўды дапамогуць развіццю мозгу.

10. Знаходзім цікавы занятак у рэальнасці.

Без мабільнага. Цікавы занятак.

Часта мы пачынаем цягнуцца праверыць сацсеткі або пасерфіць у інтэрнэце не таму, што нам рэальна штосьці трэба даведацца, а... ад суму. Штораз, калі нам няма чаго рабіць, мы бяром у рукі тэлефон. А там ужо справа тэхнікі: інфармацыйная варонка пачынае засмоктваць. Як толькі вы адчуваеце, што хочацца пацягнуцца да тэлефона ад няма чаго рабіць, значыць, ваш мозг нічым карысным не заняты.

Адцягнуць увагу дапаможа цікавая справа ў рэальнасці. Ёй можа зрабіцца нават прыбіранне. Асабліва такое, якое паляпшае не толькі ваш дом, але і якасць жыцця. Кожны пры жаданні можа заняць сябе чымсьці цікавым не ў тэлефоне. Вядома, цяпер сітуацыя іншая. Для многіх адзіны спосаб атрымаць падтрымку і кантакт з іншымі людзьмі – стасункі анлайн. Але нават у гэтым выпадку правілы лічбавай гігіены павінны працаваць!

11. Арганізуем лічбавы выхадны.

Акрамя таго, каб знаходзіць хаця б гадзіну ў дзень на стасункі, адпачынак без тэлефона, планшэта, камп'ютара, тэлевізара, псіхолагі рэкамендуюць выдзяляць для такога рэлаксу адзін дзень штомесяц. Пры такім падыходзе галава робіцца яснай, сон і настрой паляпшаюцца.

У ЗША існуе нават Нацыянальны дзень адключэння (National day of unplugging). У гэты дзень людзі не карыстаюцца камп'ютарамі, каб заняцца чым-небудзь іншым. А сярод турыстаў трэнд лічбавага дэтаксу робіцца суперпапулярным. Паехаць у маляўнічае месца, дзе не працуюць тэлефоны і вайфай, робіцца элітным баўленнем часу.

Без мабільнага. Адпачынак на прыродзе.

12. Не глядзім у смартфон за гадзіну да сну.

Калі першае правіла лічбавага дэтаксу абвяшчае «не пачынаць дзень з тэлефона», дык не заканчваць свой дзень ім зробіцца не менш важкім укладам у ваша здароўе. Справа ў тым, што святло экрана ад смартфона занадта яркае, а для нармальнага начнога адпачынку нам патрэбная цемра. Менавіта ноччу выпрацоўваецца жыццёва важны для нас мелатанін. Яркае святло, накіраванае прама ў твар у цёмны час сутак, збівае арганізм з панталыку. У жанчын такая сітуацыя можа прывесці не толькі да бяссонніцы, але і да збою менструальнага цыклу. За паўтары-дзве гадзіны да сну выкарыстанне гаджатаў рэкамендуецца выключыць. Дапамагчы можа звычайная папяровая кніга.

13. Ямо без гаджатаў.

Часам замовіць піцу і паглядзець любімае кіно можа быць добрым варыянтам адпачынку. Але ўвесь час прымаць ежу ў спалучэнні з праглядам тэлевізара ці прагортваннем стужкі навінаў у смартфоне не варыянт па дзвюх галоўных прычынах.

Па-першае, адцягваючы ўвагу, вы не заўважыце, як адбылося насычэнне, і будзеце з'ядаць значна большыя порцыі, не клапоцячыся пра тое, як вы перажоўваеце ежу, не атрымліваючы асалоду ад яе смаку.

Без мабільнага. Шкода пры ежы.

Па-другое, падчас ежы ваш мозг робцца занадта ўспрымальным да любой інфармацыі, а крытычнае ўспрыманне практычна не працуе. Таму замест адпачынку вы зноў загружаеце сябе бескарысным патокам інфармацыйнага фастфуду. Адсюль зноў пастаянная стомленасць, апатыя, віна. І хочацца суцешыць сябе, з'еўшы што-небудзь смачнае. Цыкл запусціўся.

Вядома, гаджаты і анлайн-стасункі – неад'емная частка сучаснага жыцця. Аднак важна ацэньваць карысць, рызыкі і знаходзіць аптымальны баланс, які дазволіць захаваць здароўе. Лепшая стратэгія для матывацыі – не ўшчуванне сябе штораз, калі штосьці не атрымалася, а пахвала за тое, што атрымалася. Дзякуйце сабе, калі ў вас атрымалася правесці якасны час без гаджатаў для сябе, са сваімі блізкімі. Для фарміравання здаровых звычак досыць пратрымацца 21 дзень. Затым гэта ўвойдзе ў вашае паўсядзённае жыццё і прынясе свае станоўчыя плады.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

162 0 14

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх