11 Кастрычніка
11.10.2017

Жыватворныя крыніцы

logo
Сакральная Беларусь
42 0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Жыццё немагчымае без вады. Без ежы чалавек можа пратрымацца да двух месяцаў, а вось без вады – колькі дзён. Беларусам пашанцавала, у нас безліч азёр, буйных і дробных рэк, ручаёў і крыніц. Крыніцы даюць пачатак ўсім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і напаўняюць свежай вадой.

Яшчэ ў першабытныя часы прашчуры заўважылі, што самая чыстая і смачная вада – не ў моры, не ў балоце, і нават не ў рэках ці азёрах. У моры вада салёная, у балоце – змяшаная з тванню, мае іржавы колер. У рэкі і азёры ўвесну павадак зносіць смецце і жабурынне, сляды жыццядзейнасці жывых істот. А вось тое, што крынічная вада найлепш адпавядае гігіенічным і смакавым патрабаванням, нашы дзяды і прадзеды высветлілі здаўна. Улетку яна была ледзяной, а ўзімку не замярзала.

Пры захоўванні такая вада не мутнела і не змяняла смаку, паху, не давала асадак. І калі людзі яшчэ не навучыліся капаць студні, крыніцы забяспечвалі іх пітной вадой. У пракаветныя часы прашчуры заўважылі лекавыя ўласцівасці некаторых крыніц, іх гаючую сілу. Вада з іх часам цудоўна дапамагала пры некаторых хваробах, асабліва, як верылі, ад хвароб вачэй. Бо са старажытных часоў нашы продкі былі ўпэўнены, што шматлікія азёры і крыніцы з’яўляюцца вачыма магутнага боства, якое назірае за імі з падземных сховішчаў. Таму нездарма яны шмат дзе ў Беларусі называюцца  Божым Вокам. Як здаўна вядома, падобнае лекуе падобнае. Выкарыстоўвалі ў сваіх магічных дзеяннях гаючую ваду чараўнікі і знахары. Лічылася, што асаблівай сілай такая вада валодае, калі сабраць яе з трох або нават з сямі крыніц, тады яна будзе дзейнічаць у тры-сем разоў мацней. Больш дзейснымі і карыснымі лічыліся і лекавыя расліны, якія раслі каля падобных крыніц і азёр.

Мінуў час. Многія крыніцы сталі месцамі ўшанавання. Часта ў спалучэнні з камянямі, дрэвамі, узгоркамі яны ўяўлялі рэлігійны комплекс. Пасля прыняцця хрысціянства некаторыя крыніцы (самыя шануемыя ў народзе) абвяшчаліся святымі і ператвараліся ў прошчы, каля іх ставілі капліцы, храмы, манастыры. У Беларусі і сёння можна пачуць паданні, дзе гаворыцца пра з’яўленне на такіх крыніцах цудадзейных абразоў хрысціянскіх святых, асабліва часта ўзгадваецца вобраз Божае Маці. У такіх паданнях расказваецца, як Багародзіца ўказвае сляпым і нямоглым шлях да гаючай вады, і тыя, прамыўшы вочы, становяцца відушчымі. Людзі верылі, што вада з падобных крынічак лекуе ў першую чаргу хворыя вочы, а потым ужо ад астатніх хвароб: страўніка, скуры і галаўнога болю. Месцамі святая крыніца мела такую славу, што бліжэйшую вёску называлі ў яе гонар – Крыніца або Крынічка.

У перыяд станаўлення хрысціянства, і нават ў часы сярэднявечча, традыцыя шанавання крыніц не заўжды ўспрымалася прыхільна. Святары і ўлады змагаліся з пакланеннем крыніцам, як з праяўленнем паганства. Але ўжо ў ХІХ ст. гэтыя забароны адступілі.  Шмат дзе да крыніц, азёраў і рэк на пэўныя святы ад храма пачалі хадзіць хрэсным ходам і праводзіць асвячэнне вады. Пасля чаго яна, па народных вераваннях, набывала яшчэ большыя гаючыя якасці. У святочныя дні каля шануемых крыніц адбываліся фэсты і кірмашы. Збіралася часам ад пяці да дзесяці тысяч людзей.

Зацікавіліся такой з’явай і навукоўцы, пачалі даследаваць хімічны і мінеральны склад крынічнай вады. Было выяўлена: вада там утрымлівае шмат карысных мінералаў, мае хімічны склад, што ўплывае на захворванні і валодае ўласцівасцю доўгі час захоўвацца ў закрытым посудзе і не псавацца. Каля лекавых крыніц пачалі будаваць санаторыі або лячэбніцы, куды прыязджалі лячыцца ад такіх хвароб, як залатуха, параліч, рэўматызм і радыкуліт з усёй Еўропы. Найбольш вядомыя з такіх лячэбніц месціліся каля Відзаў на Браслаўшчыне, у Баркоўшчыне на Ушаччыне і ў Лагойску.

Але ў перыяд панавання вульгарнага атэізму пачалася барацьба з народнымі звычаямі. Забаранялі святкаванні каля крыніц, знішчалі храмы і крыжы побач з імі, высмейвалі мясцовыя павер’і. Крыніцы атручвалі хімікатамі і засыпалі зямлёй, а удзельнікі святкаванняў нават траплялі за краты. Але ў глухіх лясах вернікам удалося захаваць свае святыні. У пэўныя дні там патаемна збіраліся вяскоўцы, хрысцілі дзяцей, вянчалі маладых. Ролю святара часам выконваў абраны грамадой чалавек, у абавязкі якога ўваходзіла абараняць і захоўваць жыватворную крыніцу.


Толькі з 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў Беларусі пачынаюць адраджаць некаторыя культавыя крыніцы, каля іх зноў ставяць крыжы, узводзяць капліцы, храмы, адбудоўваюць папулярныя лячэбніцы і санаторыі.


Сёння дзяржавай прыняты меры па ахове крыніц. На многіх з іх адноўлены водасвяцці і нават пабудаваны купелі. Некаторыя крыніцы захавалі свае спрадвечныя назвы: Святая Вада, Студзянец, Святочніца, Здаравец, Багародзіцкая Крыніца, Божы Ключ, Жывая Вада, Памоцная і  г.д. А беларусы, як і іх далёкія продкі, працягваюць прыходзіць да сваіх неўміручых святыняў – гаючых і цудадзейных крыніц і ключоў, каб атрымаць ад іх адвечную сілу духа і цела, каб захаваць гэтыя выспачкі здароўя, моцы, перадаць іх у спадчыну наступным пакаленням.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

42 0 49

Наверх