20 Мая
20.05.2020

Звярталіся, лячыліся?! Віншуем і дзякуем!

logo
Думкі ўслых
151 0 55
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Здаецца, самы час звярнуць увагу на прафесійныя святы медыцынскіх работнікаў, якія не адзначаныя чырвоным колерам у календары, не з’яўляюцца днямі выхаднымі. Але гэта добрая нагода павіншаваць прафесіяналаў, падзякаваць ім за працу. Напрыклад, сёння, 20 мая, – Сусветны дзень урача-траўматолага.

Прычым яго святкуюць не толькі адны траўматолагі і толькі траўматолагі, але і артапеды, хірургі, студэнты і выкладчыкі медыцынскіх ВНУ вызначаных спецыяльнасцяў…

Думаю, наўрад ці хто ў сваім жыцці абышоўся без траўмы, нават самай маленькай, нават калі яе так і не называлі… І па дапамогу да ўрачоў, вядома ж, звярталіся. Але вось якая цікавая рэч… Тады, адразу ж, калі нам дапамаглі, калі боль пачаў сціхаць, а пасля мы і цалкам узнавіліся, пачуццё падзякі было, глыбокае і яскравае. Ці не так?!

А затым… Затым хацелася проста забыцца пра непрыемнасць, а заадно – пра ўсіх тых, хто так ці інакш аказаўся з ёй звязаным. Нават калі дапамог. Парадокс?! Не, законы жыцця.

Калі раней па роду сваёй журналісцкай дзейнасці я распавядала пра ўрачоў, часцяком задавала пытанне: а ці дзякуюць вам пацыенты? У сэнсе – не адразу, а калі праз некаторы час проста сустракаецеся выпадкова дзе-небудзь на вуліцы? Ці віншуюць з прафесійнымі святамі? І большасць давала адмоўныя адказы…

Сцсветны дзень урача-траўматолага. Ці дзякуюць пацыенты.

А цяпер… У перыяд пандэміі каранавіруса, калі ўвесь свет нарэшце развярнуўся тварам да медыкаў, ацаніў іх сапраўды самаахвярную працу, без якой проста не выжыць… Калі для медработнікаў збіраюць грошы і закупляюць неабходныя сродкі абароны ад віруса, гатуюць бясплатныя абеды і ўсяляк спрыяюць і дапамагаюць… Апладзіруюць іх працы…

Ці не час замацаваць у нашым розуме, сэрцах і душах гэтую традыцыю падзякі і паважлівага стаўлення? Віншаванняў з прафесійнымі святамі? Хаця б у сацсетках і мэсэнджарах… І давайце пачнем ад сёння. Ад траўматолагаў.

А вы ведаеце, каго лічаць «бацькам» траўматалогіі? Так, усё таго ж Гіпакрата, які ў свой час напісаў працы «Пра суставы» і «Пра пераломы». А папярэднікамі траўматолагаў і артапедаў у сярэдзіне 17 стагоддзя былі так званыя кастаправы. Такое прамое ўказанне на іх род дзейнасці, так бы мовіць. Але як па мне, дык жорсткае ў пэўным сэнсе… Кастапраўства…

А ў дваццатым стагоддзі нарэшце падзялілі хірургію і траўматалогію. Так апошняя зрабілася самастойнай. Праўда, асобна тыя ж траўмапункты створаныя толькі ў вялікіх гарадах. А ў невялікіх правінцыйных медыцынскую дапамогу аказваюць у цэнтральных раённых бальніцах.

Ці можна атрымаць траўму, але абысціся без дапамогі ўрача? Вядома ж, па ўсіх правілах я павінна напісаць: не, ні ў якім разе! Па медыцынскую дапамогу, і хутчэй!

Але як траўмы бываюць рознай ступені цяжкасці, так і сітуацыі бываюць рознымі. Напішу пра адну сваю, якая ўрэзалася ў памяць.

Маючы нізкі болевы парог, да ўсяго, не магу спакойна пераносіць, калі хтосьці дакранаецца да раны. Лепей самой, як-небудзь. Ведаю, што пазіцыя дрэнная, не раз за яе ўшчувалі, але… Не магу сябе перайначыць.

З дзяцінства ў мяне чамусьці цярпелі калені. У тым плане, што я іх рэгулярна «зносіла», да крыві, нават у дарослым узросце. Упершыню – гадоў у пяць. Калі суседскі хлопчык-сябар, гайдаючы мяне на арэлях, моцна штурхануў у спіну, і я з іх вылецела. Прызямлілася акурат на калені і з ровам пайшла дахаты.

Мама мяне супакоіла, памазала ёдам, перавязала… І ў якасці суцяшэння павяла глядзець на суніцы на нашым агародзе. Памятаю гэта чамусьці, як зараз. Затым найбольш каленям дасталося ўжо падчас вучобы ў Магілёве, калі я, зачапіўшыся, прызямлілася імі на асфальт. Дакульгаўшы да інтэрната, сама сабе аказала першую медыцынскую дапамогу (быў вечар нядзелі), забінтавала… І мы з сяброўкай пайшлі на прагулку да Дняпра…

Ну, а самае балючае здарылася каля 10 гадоў таму на дачы. Калі я ў нязручным гумавым абутку выйшла пасля дажджу з хаты, паслізнулася і грымнулася каленямі на бетон з вышыні свайго маленькага росту, але так моцна...

Як высветлілася пазней па адчуваннях, я не проста «знесла» калені, якія заўсёды доўга загойваюцца, а адно з іх яшчэ… м-м-м-м… ну, няхай будзе фармуліроўка – «выбіла». У бальніцу?! Нізавошта! Нават маме не дазваляла дакранацца да ранаў. Практычна адразу ж высветлілася, што накульгваю, але ў гарачцы да аўтобуса і з яго дадому дайшла.

А затым… Затым ногі доўга загойваліся-ўзнаўляліся. Пры гэтым я рэгулярна хадзіла на працу ў рэдакцыю раённай газеты. І ніхто, ніхто з тагачаснага начальства не прапанаваў хаця б колькі дзён пасядзець дома, папрацаваць падалена, хаця для гэтага тады ўжо былі ўсе ўмовы. Плюс, як заўсёды, шмат здадзеных наперад матэрыялаў.

Узнімацца па прыступках яшчэ было нічога, а вось спускацца… Таму перастала хадзіць на абед, брала з сабой. І – выжыла. Далечвала калені з дапамогай мамы па методыцы адной траўніцы – глінай. І паспяхова.

Карацей, калі вы, прачытаўшы гэта, пакруціце пальцам ля скроні, відаць, будзеце мець рацыю. Але вось такі я арыгінал у тым, што датычыцца самалячэння. Толькі паўтараць не раю! Зусім не раю! Лепей адразу да траўматолага альбо хірурга… Там вылечаць хутчэй. І, магчыма, нават бязбольна…

Таму давайце сёння шчыра віншаваць усіх знаёмых, хто адзначае прафесійнае свята – Сусветны дзень урача-траўматолага. Дзякуй вам, шаноўныя, за вашую працу! Пабольш спакойных дзяжурстваў, паменш капрызлівых пацыентаў. Здароўя, шчасця, дабрабыту ўсім!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

151 0 55

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх