10 Лістапада
10.11.2017

На курорт – у Бароўку

logo
Запалі танцпол
36 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Некалі на гэтым жывапісным месцы сярод азёраў быў толькі сасновы лес – бор. Ад чаго і ўрочышча атрымала назву – Бароўка. Але, як сцвярджае легенда, аднойчы святары з суседняй в. Камень знайшлі тут падважаны на трох соснах абраз Божай Маці з Сынам. Трошкі ніжэй, непадалёк ад возера Шчыбат, з-пад зямлі выбіваліся ручаі. І абраз, і вада з ручаёў апынуліся цудатворнымі, лекавымі.

Абсталяванне святога месца

Легенда, а потым ужо быль распавядае, што адразу пасля таго, як святары знайшлі цудатворны абраз, яны вырашылі «акультурыць» мясцовасць.Таму пабудавалі на гары драўляную светлую царкву Успення Божай Маці, а звонку яе атынкавалі. У храме ўсталявалі шмат абразоў у пазалочаных рамах. Над яўленым абразом зрабілі паветку, пад ёй – драўляны памост. Затым ніжэй на ручаях было ўзведзена тры каплічкі. Мясцовасць паступова засялялася. Узнікла паселішча, якое назвалі такжа ж, як і ўрочышча. Праз нейкі час абраз сталі захоўваць ў мураванай царкве Святога Георгія ў в. Камень, да якой была прыпісана бароўская царква Успення Божай Маці. Увесну на Юр’я (6 траўня) абраз пераносілі на крыніцу і змяшчалі ў адной з каплічак. На Пакравы (14 кастрычніка) абраз забіралі назад ў галоўную царкву. У адной з каплічак знаходзілася скульптурная выява распятага Ісуса Хрыста. На Прачыстую  альбо Хлебны Спас (28 жніўня) каля крыніцы таксама праходзіла служба і асвячэнне вады. Разам з вадой асвячалі моркву і жыта.

Ратунак для дзяцей

Вада з крыніц-ручаёў і сапраўды дапамагала ад многіх хвароб, але асабліва тым, у каго хварэлі маленькія дзеці і былі праблемы з вачыма. За вадой прыходзілі ў розныя часы. Тым не менш, лічылі, што асаблівай сілай вада пачынала валодаць напярэдадні Тройцы і свята Пятра і Паўла. Таму ў гэты час сюды збіраліся вернікі з усяго наваколля. Пазней масава сталі прыходзіць у асноўным на Пятра і Паўла. Прычым стараліся прыйсці пасля абеду, калі тут разгортваўся кірмаш. Многія ішлі пешшу не толькі з навакольных вёсак, але і з Лепеля, Барысава, Полацка, Віцебска і нават з Мінска. Бацькі прыносілі сюды маленькіх дзетак і купалі іх у крыніцах. Служба каля крыніцы ішла з перапынкамі да самай ночы. З высокага берага возера адкрываўся велічны краявід: царква, капліцы, калодзежы са святой вадой, святары ў святочных адзеннях, жабракі, хор пеўчых і тысячы вернікаў, гандлёвыя палаткі. Паломнікі ў каплічках складалі ахвяры: палотны, лён, воўну, грошы, прадукты. Як толькі вечарэла, вакол запальвалі сотні вогнішчаў.

Жаночы пачатак

Верагодна, у часы язычніцтва, гэтае месца было свяцілішчам. І першапачаткова сюды збіраліся ў перыяд росквіту прыроды. Ужо ў хрысціянстве гэты час адлюстраваўся ў такіх святах, як Тройца і Пятра і Паўла. Сімвалічна, што святыня знаходзіцца ў бары, сярод соснаў. А сасна ў беларускіх міфах – культавае дрэва, якое сімвалізуе, з аднаго боку, само жыццё і касмічны парадак, а з другога – смерць і пакаранне. Да таго ж, сасна звязана з жаночым пачаткам. Так, у многіх легендах і паданнях, ужо хрысціянізаваных, гаворыцца, як на сасне альбо ў бары знаходзяць абраз Божай Маці. Гэта заўсёды ўспрымалася як знак звыш, месцу надаваўся глыбокі сакральны сэнс. Сюды пачыналі цягнуцца вернікі, паломнікі. Як і ў нашым выпадку. Не выпадковыя і асноўныя святы, якія ладзіліся і адбываюцца каля крыніцы. Усе яны звязаны з жаночым персанажам – Маці Божай, штогадовым уміраннем і адраджэннем прыроды.

Гістарычная несправядлівасць

Прыйшла рэвалюцыя 1917 года, цудатворны абраз некуды знік, капліцы зруйнавалі, а царкву знеслі для пабудовы вайсковага гарадка. Драўляную фігуру Хрыста пусцілі плаваць па возеру. У канцы 1960-х гг. на месцы адной з капліц пасярод ручая з народнай назвай Святы ўсё яшчэ знаходзіўся амаль спарахнелы драўляны зруб. Мясцовыя жыхары, калі прыходзілі сюды па ваду, на дне ручая часта знаходзілі царскія медныя грошы. Па ваду прыходзілі да сярэдзіны 1970-х гг. Пазней крыніца зацягнулася жвірам і сышла ў зямлю. Кажуць, што да ўзвядзення тут пляжнага комплексу рэчышча ручая праходзіла на паўднёвым усходзе, яно было глыбей і шырэй, плынь больш інтэнсіўная.

Адпачынак, карысны для здароўя

Сёння ў Бароўцы заснавалі прыход храма іконы Божай Маці «Неўпівальная Чаша», які мае сваё храмавае свята – 18 траўня. Прыходу перадалі будынак былой электрастанцыі. Людзі ўпарадкавалі крыніцу і зрабілі купель. У храме адбываюцца штотыднёвыя нядзельныя службы. На Успенне Божай Маці (Прачыстую альбо Хлебны Спас) таксама святочная служба і хрэсны ход да крыніцы.
А яшчэ Бароўка – самы сапраўдны курорт. На тэрыторыі Бароўскага сельсавета пяць чыстых азёр, лясы, лекавыя крыніцы, працуе вайсковы санаторый і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўляльны цэнтр «Жамчужына». Тут ёсць асаблівая крыніца мінеральнай вады, якая дапамагае вылечыць у тым ліку і хваробы страўніка, і эндакрыннай сістэмы, кровазвароту і апорна-рухальнага апарату.

Ехаць сюды трэба па трасе Мінск – Віцебск да пас. Старае Лядна (155 км), потым па гэтай жа трасе да ўказальніка на в. Бароўка на правым баку дарогі (каля 2,5 км).

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

36 0 43

Наверх