23 Жніўня

Дэрматаскапія: не прапусціце меланому на ранняй стадыі

Патрэбны доктар
152 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Сваёй нявіннай праявай на ранняй стадыі, я расслабляю многіх урачоў і

не даю падставы пацыентам для своечасовага звароту да апошніх».

Подпіс: Меланома

Тэндэнцыі апошніх гадоў: штогод у Беларусі рэгіструюць каля 700 новых выпадкаў узнікнення меланомы, прычым у 90% прычынай развіцця стаў меланацытарны невус. Але ёсць і добрая навіна. Пры ўсёй агрэсіўнасці гэта захворванне, выяўленае на ранняй стадыі, добра паддаецца лячэнню. Галоўнае - своечасовая дыягностыка.

Якія змены скурнага покрыва і невусаў павінны насцярожыць і звярнуць на сябе ўвагу?

Вельмі важнае пытанне, і не толькі для людзей з вялікай колькасцю невусаў.

Асноўныя прыкметы атыпіі радзімай плямы:

  • змяненне памераў;
  • паскарэнне росту;
  • змяненне формы невуса, асабліва калі на яго паверхні з'яўляецца выпукласць, што лепш за ўсё відаць пры бакавым асвятленні;
  • асіметрыя - адна палова ўтварэння не падобная да іншай;
  • нераўнамерная змена афарбоўкі «радзімкі» - бязладна размешчаныя карычневыя, чорныя, шэрыя, ружовыя і белыя ўчасткі;
  • запаленчая рэакцыя ў невусе, утварэнне коркі ці кроватачывасць, з'яўленне болю, свербу ці адчування самога невуса.

Любыя змены ў радзімай пляме, ці з'яўленне новай «радзімкі», што адрозніваецца ад існуючых, - нагода з'явіцца на кансультацыю да спецыяліста.

Насцярожанасць павінна быць асабліва ў людзей, якія адносяцца да групы рызыкі па меланоме скуры.

Што такое меланома?

Меланома - гэта самая агрэсіўная і непрадказальная пухліна, што мае высокі патэнцыял метастазіравання (распаўсюджванне злаякасных меланацытаў у жыццёва важных органах, у выніку чаго лятальны канец непазбежны). 

Чым глыбей у скуры вызначаюцца атыповыя меланацыты і іх гнёзды, тым вышэй рызыка метастазаў.

У перакладзе з грэчаскага melanos абазначае – чорны і, часцей за ўсё, меланома у многіх асацыюецца з утварэннем чорнага ці цёмна-карычневага колеру. Але сапраўды гэтай злаякаснай пухліне ўласцівыя і іншыя колеры (ружовы, чырвоны, белы, блакітны, шэры, усе адценні карычневага і г.д.).

Розныя клінічныя формы меланомы часта імітуюць дабраякасныя ўтварэнні скуры, у выніку чаго меланома можа заставацца незаўважанай.

Колькасць захворванняў на меланому пастаянна расце ва ўсім свеце, але паказчыкі смяротнасці стабілізаваліся. Гэта звязана з дыягностыкай меланомы на ранняй стадыі, у выніку чаго дзесяцігадовая выжывальнасць можа дасягаць амаль 100%. І гэта вельмі важна: чым раней звярнуцца па дапамогу, тым больш шанцаў на жыццё!

Па еўрапейскіх даных сярэдні ўзрост пацыента да моманту ўстанаўлення дыягназу складае 55 гадоў для жанчын і 57 гадоў для мужчын, хоць меланома сустракаецца і ў больш маладым узросце. У мужчын часцей за ўсё меланома скуры лакалізуецца на тулаве (часцей на спіне), у жанчын – на ніжніх канечнасцях. Але гэтым пухліна не абмяжоўваецца. Агляд павінен праводзіцца ад галавы да пятак.

Дэрматаскапія – дыягнастычны метад, што дазваляе выявіць меланому на ранняй стадыі

Дэрматаскапія – неінвазіўны дыягнастычны метад, з дапамогай якога можна хутка ацаніць структуру эпідэрмісу, дэрмы-эпідэрмальнага злучэння і сасочкавага слою дэрмы, якія не бачныя няўзброеным вокам. Дэрматаскапію можна разглядаць як сувязное звяно паміж клінічным і патагісталагічным даследаваннямі. Зараз выкарыстанне дэрматаскапіі стала вельмі папулярным як у дэрматолагаў, так і ва ўрачоў іншых спецыяльнасцей, а за мяжой гэты метад выкарыстоўваюць самі пацыенты, якія маюць вялікую колькасць «радзімак». Аднак, нават пры абследаванні невусаў метадам дэрматаскапіі, у некаторых выпадках выявіць меланому не атрымліваецца.

Залатым стандартам дыягностыкі меланомы скуры цяпер застаецца гісталагічнае даследаванне!

Умоўна залатым стандартам, па-мойму, можна пазначыць і дэрматаскапію, як метад дыягностыкі, што дазваляе доўга ў дынаміцы назіраць за невусам, асабліва ў людзей, якія маюць шмат «радзімак».

Першапачаткова гэты метад быў прызначаны для дыягностыкі меланомы на ранняй стадыі, у апошні час яго выкарыстоўваюць для ацэнкі пігментаваных і непігментаваных утварэнняў скуры як злаякаснай, так і дабраякаснай прыроды, а таксама для дыягностыкі захворванняў скуры і валасоў.

Супрацьпаказанняў для правядзення дэрматаскапіі не існуе! Гэты хуткі, неінвазіўны і бязбольны метад можна выкарстоўваць пацыентам з моманту нараджэння да глыбокай старасці.

Хто ўваходзіць у групу рызыкі па ўзнікненню меланомы?

У групу рызыкі ўваходзяць асобы:

  • з абцяжараным асабістым і сямейным анамнезам па меланоме;
  • з множнымі «радзімкамі»;
  • з сіндромам дыспластычных (атыповых) невусаў;
  • з частымі выпадкамі меланомы скуры ў сям'і (мінімум у 2 сваякоў першай ступені);
  • хто мае прыроджаныя гіганцкія «радзімкі».

Калі невус займае вялікую плошчу (цэлую анатамічную вобласць і больш), рызыка развіцця меланомы складае 5-10%, нават у першыя 5 гадоў жыцця.

 Абавязкова дынамічнае назіранне за «радзімкамі» на валасістай частцы галавы, а таксама ў акральных абласцях (далоні, ступні).

Як абараніць сябе ад меланомы?

  1. Для своечасовага выяўлення меланомы неабходна праводзіць самастойнае абследаванне скуры (штомесячны агляд ўсёй паверхні скуры, у тым ліку валасістай частцы галавы, ягадзіц, палавых органаў і ступняў).
  2. Пазбягаць сонца паміж 10 і 16 гадзінамі.
  3. Людзям з павышанай рызыкай захворвання неабходна штодня выкарыстоўваць сонцаахоўныя крэмы.
  4. Выкарыстоўваць сонцаахоўныя экраны нават у пахмурны дзень (адзенне, капялюш, сонечныя акуляры, ласьёны, крэмы, пасты і гелі).
  5. Пазбягаць прымянення некаторых медыкаментаў і касметычных сродкаў (фотасенсібілізатараў), што прыцягваюць сонечныя прамяні.
  6. Абараняць дзяцей ад сонца (выкарыстанне сонцаахоўных экранаў з таго моманту, калі дзіця пачынае хадзіць).
152 0 18

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Урач-дэрматавенеролаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчык дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх