25 Кастрычніка
25.10.2017

Дарасінская крыніца здароўя

logo
Запалі танцпол
39 0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Вылекаваць многія хваробы дапамагае святая крыніца. Яна знаходзіцца ў лясным масіве паміж вёскай Дарасіно і пасёлкам Радуга Любанскага раёна ва ўрочышчы Студзянец. Людзі ўпэўненыя: вада дапаможа, калі ісці да крыніцы і назад пешшу.

Вёска Дарасіно Любанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца ў 6 км ад г.п. Урэчча і 25 км ад г. Любані. Ад вёскі Дарасіно да святой крыніцы таксама 6 км.

Над крыніцай узведзены калодзеж, стаяць крыжы. Раней тут была даволі вялікая капліца. Увогуле, святыня вельмі старажытная і калі яна з’явілася, сказаць дакладна немагчыма. Верагодна, з глыбокіх язычніцкіх часоў. Паводле архіўных дадзеных, тут збіраліся на кожную маладзіковую нядзелю і ахвяравалі крыніцы сувоі палатна, лён, воск і грошы. Такое магло адбывацца, як мінімум, яшчэ ў часы ўшанавання беларусамі Месяца.

Таксама вядома, што спачатку царква вельмі непрыязна ставілася да старадаўніх традыцыйных культаў. Таму крынічку, на месцы якой быў узведзены калодзеж глыбінёй у паўтары метры, перыядычна засыпалі, а крыжы, што стаялі вакол, і каплічку побач знішчалі. Але людзі з упартасцю штораз аднаўлялі сваю святыню і працягвалі хадзіць да яе лекавацца, а ў падзяку за ацаленне прыносіць ахвяраванні і ставіць крыжы.

Што людзі кажуць

Пра з’яўленне крынічкі існуе дзве легенды. Паводле адной з іх, некалі на гэтым месцы было поле, дзе стомленаму пастушку ў сне з’явілася сама Божая Маці і паказала месца, дзе ён можа наталіць смагу і набрацца сіл. Прачнуўшыся, хлопчык са здзіўленнем знайшоў на пазначаным месцы крыніцу з чыстай вадой.

Другі варыянт легенды апавядае ўжо пра аратага, які апрацоўваў поле на двух валах. Ён таксама стаміўся і прылёг адпачыць каля вялікага каменя. І ў сне пачуў, быццам нехта гаворыць яму: «Падыміся і адвалі камень! ». Калі араты прачнуўся, то так і зрабіў. І здарыўся цуд: з-пад каменя зацурчэла вада.

12 крыжоў

Да крыніцы, якую па павер’ях ахоўвае сама Божая Маці, пацягнуліся вернікі з усяго наваколля. Мясцовыя жыхары пабудавалі ля калодзежа капліцу і паставілі дванаццаць крыжоў, на якія навешвалі стужкі, фартушкі і прасілі ў Божай Маці здароўя. Калі крыж парахнеў, яго спальвалі, а попел закапвалі каля бліжэйшага дрэва. Але больш за ўсё людзі прыходзілі сюды на Прэпалавенне – серада чацвёртага тыдня пасля Вялікадня і на Макавей альбо Мядовы Спас – 14 жніўня.

У гэтыя дні ваду з крыніцы асвячаў святар з дарасінскай царквы, тады яна лічылася асабліва дзейснай ад розных хвароб. Перад гэтым святар праводзіў у царкве службу. Затым вернікі хрэсным ходам ішлі вакол храма і неслі абраз Божай Маці. Потым з абразом накіроўваліся да крыніцы. Дарогу на ўсім шляху да святыні высцілалі саматканым палатном, а ўздоўж дарогі кленчылі вернікі, каб над іх галовамі быў пранесены абраз.

Святочная макавая поліўка

Новая хваля змагання са святыняй пачалася ў 1930-я гады ХХ стагоддзя. Мясцовыя ўлады вырашылі пазбавіцца ад гэтага месца і адвярнуць ад яго людзей. Крыжы прыбралі, крыніцу засыпалі і завалілі камянямі.

Але, як сцвярджае новая легенда, адзін з актыўных выканаўцаў гэтай справы неўзабаве саслеп. У сне да яго з’явілася Божая Маці і сказала, што ён ведае, за што пакараны. Распавядаюць, што раніцай гэты чалавек прыпоўз на каленях да крыніцы, раскапаў яе, раскідаў камяні, прамыў вадой вочы і зноў зрабіўся відушчым. А ў падзяку за ацаленне ён пабудаваў на гэтым месцы калодзеж.

    У пасляваенныя гады тут праходзілі калгасныя святы з канцэртамі, з раённага цэнтра прыязджалі аўталаўкі і разгортваўся гандаль. У канцы ХХ стагоддзя мясцовыя людзі аднавілі старадаўнюю традыцыю хрэснага хода, асвячэння вады і ўстаноўкі крыжоў, на якія вернікі і сёння вешаюць стужкі і ручнікі. Штогод на Мядовы Спас падчас малебну і асвячэння вады ў калодзежы людзі просяць святара асвяціць мёд, мак, чарніцы, моркву новага ўраджаю. Пасля малебну вернікі з бліжэйшых гарадоў і вёсак забіраюць у бутэльках асвечаную ваду, якая нібыта ніколі не псуецца і выкарыстоўваюць яе як лекавы сродак. Потым па старадаўняй традыцыі людзі збіраюцца сем’ямі і ладзяць святочны абед. Абавязковы ласунак у гэты дзень – макавая поліўка.

Шлях да святыні

Калі вы хочаце далучыцца да гэтага незвычайнага дзейства, то лепш наведаць крынічку на Макавей 14 жніўня. Толькі спачатку трэба прыехаць у вёску Дарасіно і разам з працэсіяй хрэснага ходу прайсціся пешкі да святыні. Як сцвярджаюць старажылы, толькі так вада з незвычайнага калодзежа дапаможа вам вылекавацца канчаткова. Апроч святой вады, якую вы возьміце пасля асвячэння, вам  трэба тройчы падысці да абраза Божай Маці, перажагнацца, укленчыць і прайсці пад ім. У гэты час трэба папрасіць у Божай Маці чаго вам не стае. Калі здароўя – прасіце здароўя, ладу ў сям’і – прасіце ладу, калі ў дзяўчыны няма хлопца – прасіце больш спрыяльнага лёсу. Але трэба гэта рабіць ад чыстага сэрца. Толькі не забудзьце прыхапіць з сабою кветкі, якія ў якасці падзякі пакіньце ля крыжа. Альбо вазьміце з сабой стужку, павяжыце яе на крыж.

І няхай усё здзейсніцца!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

39 0 34

Наверх