2 студзеня
02.01.2018

Парыцца, каб не запарыцца! Ці як зрабіць паход у лазню прыемным

logo
Уставай з канапы
123 0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хто з нас не чуў аповедаў, не глядзеў фільмаў пра ўсе прывабнасці парных?! А вось пра тое, якой лазні аддаць перавагу і як правільна парыцца, Здаровым людзям распавялі Генадзь Мароз і Сняжана Каўрыга.

Як выбраць правільную лазню і з чаго лепш пачаць?

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі, прафесійны парыльшчык па версіі «РусПар», бронзавы прызёр чэмпіянату свету па паранні 2011 года, арганізатар штогадовага лазневага свята «Лазенькі», суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым мастацтве
Першы раз лепш пабываць у лазнях з дасведчаным чалавекам. Пагаварыць з людзьмі, паназіраць за тым, як яны парацца, звярнуць увагу на іх тэхніку, паглядзець, якія spa-працэдуры там праводзяцца і вызначыцца, што канкрэтна падыходзіць менавіта вам. Абавязкова звярніце ўвагу на шырыню паліцы, якая мусіць быць не менш за 70 см. Важна, каб у парыльні былі: вентыляцыя, акно і вадасцёк, каб можна было намачыць сцены.
 
Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога Цэнтра здароўя, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Калі ў вас ёсць якія-небудзь хранічныя захворванні ці вы толькі нядаўна акрыялі пасля вострага працэсу, то наведванне лазні лепш за ўсё пачаць з паходу да свайго ўрача, які ведае вас, ацэніць ваш фізічны стан і вынесе свой вердыкт адносна вашага знаходжання ў парыльні.

Якой лазні аддаць перавагу: рускай, фінскай ці турэцкай «хамам»?

Кожны чалавек мае права выбраць прыдатную для сябе парную. Аднак трэба ўлічваць не толькі традыцыі і звычаі вашага народа, але і магчымасці свайго здароўя.

Фінская сауна:

  • Тэмпература 100°C, вільготнасць – 20%;
  • Забаронена паліваць камяні;
  • Адсутнасць венікаў;
  • Астуджэнне цела ў басейне з пакаёвай тэмпературай.

Руская лазня:

  • Тэмпература 50-80 °C, вільготнасць – 70%;
  • Абавязкова трэба паліваць камяні;
  • Наяўнасць венікаў;
  • Астуджэнне цела ў купелі з ледзяной вадой.

Турэцкая лазня, «хамам» – лічыцца самай мяккай па ўздзеянні, бо тэмпература паветра ў ёй крыху вышэйшая за 45°С, але затое вільготнасць – амаль 95%. У адрозненне ад двух іншых лазней, тут перапад тэмпературы ад падлогі да столі будзе крыху большы за 20°С. Зайшоўшы ў «хамам» вы тут жа адчуеце моцнае потавыдзяленне без знясільвальнай спёкі. Такая гарачыня ў турэцкай лазні прымальная для ўсіх аматараў цеплавых працэдур, і, зноў паўтаруся, калі ў іх няма праблем з сэрцам і добрая сістэма тэрмарэгуляцыі. 

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі
У лазні важна колькасць пары, якая ёсць у парыльні, а не сама тэмпература.

Турэцкая лазня найбольш прыемная будзе аматарам масажу і spa-працэдур.

Руская лазня больш набліжаная да натуральных для чалавечага арганізма ўмоў. Паветра ў лазні павінна быць свежае, а само памяшканне лазні добра праветранае, каб гарачыня была лёгкай і мяккай.

 
Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога Цэнтра здароўя, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Прынцып дзеяння ў кожнай лазні свой, таму тут усё залежыць ад вашых пераваг, індывідуальнай пераноснасці альбо наяўнасці якіх-небудзь медыцынскіх супрацьпаказанняў.

Ці абавязкова рабіць spa-працэдуры ў лазні?

Безумоўна! Лазня без spa-працэдур – гэта не лазня. Цела трэба падрыхтаваць да ачышчэння, ароматэрапіі і нанясення розных масак. Памятаеце, што ўсе працэдуры выконваюцца толькі на чыстай скуры. Таму спачатку цела мыюць, потым скрабіруюць, а ўжо затым наносяць неабходныя пажыўныя прэпараты. 

У якасці скрабу можна выкарыстоўваць соль, цукар, кававую гушчу з мёдам, сухую кукурузную муку, пшанічнае вотруб'е, тварог з працёртай парэчкай, мёд з яйкам і аліўкавым алеем і г.д.

У парыльні вельмі зручна карыстацца спецыяльнай шчоткай для зняцця кропель поту. Акрамя таго, ёй выдатна чысціць скуру.

Маскі для твару можна зрабіць як самастойна, у хатніх умовах, адштурхоўваючыся ад вашых пераваг, тыпу скуры і выніку, які вы хочаце дасягнуць, так і скарыстацца шырокім асартыментам, прадстаўленым на спажывецкім рынку. Але і тут нельга забывацца на індывідуальную непераноснасць асобных кампанентаў.

 

У які час сутак лепш парыцца?

Думаю, што многія схіляюцца да адказу – увечары. Аднак у лазню можна хадзіць у любы час сутак.

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі
Усё залежыць ад таго, чым вы хацелі б пасля лазні заняцца. Калі вы прыйшлі раніцай ці днём і вас далей чакаюць справы, то можна зрабіць халодныя працэдуры, а калі ўвечары і вы ўжо збіраецеся пайсці спаць, то – цёплыя.

Які венік лепш: бярозавы, дубовы ці ядлаўцовы?

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі
Венік для лазні можна нарыхтоўваць з любога дрэва, важна толькі вырашыць, які венік і для чаго вы будзеце выкарыстоўваць. Напрыклад, парыцца венікам з ліпы з кветкамі няма сэнсу, яго лепш прымяніць у парнай, калі вы ляжыце на паліцы, паклаўшы такі венічак пад твар. Гэта будзе добрая прафілактыка прастудных захворванняў.

Бярозавым венікам лепш расцерціся, бо лісце бярозы ўтрымлівае дзёгаць, які, з'яўляецца выдатным сродкам догляду скуры. 

Дубовы і арэхавы венікі добра нагнятаюць цяпло, імі выдатна рабіць кампрэсы, прыпаркі, прагрэць паясніцу і г.д.

Ядлаўцовыя і піхтавыя венікі выдатна прастымулююць скуру і забяспечаць прыемную ароматэрапію.

З эўкаліптавым венікам лепш за ўсё зрабіць своеасаблівую інгаляцыю. Яго можна кінуць у ваду, якой потым паліць прагрэтыя ў лазні камяні.

Рабінавы венік мае добрыя танізуючыя ўласцівасці. Ім добра парыцца, калі пасля лазні вы плануеце яшчэ чым-небудзь заняцца.

Ці такі важны галаўны ўбор у лазні і якому аддаць перавагу

Прыказка «Трымай ногі ў цяпле, а галаву ў холадзе», як ні дзіўна, але актуальная для лазні.

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі
Галаву ў лазні абавязкова трэба абараняць ад перагрэву. Таму лямцавая або футравая шапка лепш за ўсё падыдзе для лазневых працэдур. Таксама яна выратуе ад траплення ў вуха кропель поту. А вось прадстаўніцам прыгожай паловы карысна будзе ведаць, што фарба з валасоў хутчэй змыецца, калі ў лазні вы не абароніце свае валасы ад перагрэву з дапамогай шапкі.

Яшчэ ў глыбокай старажытнасці медыкі лічылі (а сучасныя даследаванні пацвердзілі), што сэрца паражаецца страхам, печань – гневам, страўнік – апатыяй. Таму хадзіце ў лазню з задавальненнем, каб пазбавіцца ўсіх жыццёвых нягод, якія перашкаджаюць вам шчасліва жыць.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

123 0 17

Журналіст, радыёвядучая.
Наверх