8 Кастрычніка
08.10.2018

Букет, які вяне. Як хібы ў выхаванні адбіваюцца на здароўі дзяцей

logo
Плануй свядома
207 0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У пачатку 2000-х, калі сярод еўрапейскіх, у тым ліку беларускіх, падлеткаў на фоне расстройстваў харчовых паводзінаў прайшла хваля аменарэй (парушэнне менструальнага цыклу), было праведзена маштабнае даследаванне. Адно з ключавых пытанняў: што штурхае дзяўчынак садзіцца на жорсткія дыеты, катаваць сябе голадам і ў цэлым прытрымлівацца строгіх абмежавальных паводзін? Аказалася, што дэвіяцыі харчовых паводзінаў у дзяцей пачыналіся зусім не з абразлівых заўваг аднагодкаў, як гэта прынята было лічыць. У больш чым 70% выпадкаў рэплікі накшталт «Ты тоўстая!» гучалі ў сям'і!

«Ізноў дупу ад'ела», «Заканчвай жэрці на ноч», «Зачыні халадзільнік, а то ні ў адну спадніцу не залезеш»... Такія фразы, нават калі кінутыя былі мімаходзь і без злога намеру, станавіліся прычынай глыбокіх псіхалагічных комплексаў і дэвіяцыі харчовых паводзінаў сярод падлеткаў.

Пра агрэхі сямейнага выхавання як фактары негатыўнага ўплыву на палавое паспяванне моладзі (і, як вынік, на рэпрадуктыўнае здароўе нацыі), мы пагаварылі з галоўным пазаштатным дзіцячым гінеколагам Міністэрства аховы здароўя, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА Аксанай Іванішкінай-Кудзінай.

Новыя мы. Рух без зруху

Пра так званае пакаленне Z (дзяцей, якія нарадзіліся пасля 1995 года) кажуць: «Лічбавыя людзі, яны з'явіліся на свет з кнопкай на пальцы». Фактычна яны з нараджэння ў IT-тэхналогіях як рыба ў вадзе. І гэта дае ім пэўныя перавагі ў сучасным жыцці.

Але, як вядома, палка з двума канцамі. Паводле ацэнак экспертаў, цяперашняя моладзь становіцца ўсё менш сімпатычнай: нізкарослай, гарбаватай, клышаногай і тоўстай. Не, прыгожых і статных хапае. Але агульная карціна з кожным годам усё далей ад ідэалу. І прычына ляжыць на паверхні: істотныя перамены ў вобразе жыцця, недахоп рухальнай актыўнасці, змяненне рацыёну і рэжыму харчавання.

 
Аксана Іванішкіна-Кудзіна
Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА
Пры гэтым наша жыццё не мянялася радыкальна: у Беларусі няма пастаянных міграцыйных працэсаў, якія маглі б уплываць на генафонд; людзі ходзяць на вучобу і працу, ёсць будні і выхадныя... Напрошваецца выснова: для нашай папуляцыі вялікае значэнне маюць уклад у сябе і сацыяльныя фактары. Апошняе – гэта сацыяльная палітыка, уцягванне насельніцтва ў нацыянальныя праграмы, актыўныя рашэнні па прасоўванні ідэй ЗЛЖ на ўзроўні дзяржавы. А вось уклад у сябе – гэта тое, што чалавек свядома і самастойна ўкладае ў сябе, навязаць і абавязаць да гэтага нельга. Напрыклад, Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты неабходныя, а браць іх акрамя як з марской рыбы больш няма адкуль. І чалавек свядома ладзіць 1-2 рыбныя дні ў тыдзень. Або ў яго 8 гадзін вучобы або працы седзячы. Значыць ён мэтанакіравана 2 разы на тыдзень ідзе ў басейн, а ў выходныя - катаецца за горадам на ровары ці лыжах. Сутнасць у тым, што гэта не прапаганда на яго так дзейнічае. Падобныя рашэнні – яго ўласны выбар, спроба нешта перайначыць самому ў сваім ментальным, фізічным, саматычным, эмацыйным здароўі.

Аднак тых, хто старэйшы, укладаць у сябе не вучылі. Адпаведна, і яны навучыць не могуць. Гэта галоўная праблема сучаснасці, якая адбіваецца на здароўі нацыі.

 
Аксана Іванішкіна-Кудзіна
Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА
Я не прыхільнік апяваць савецкае мінулае. Але некаторыя моманты з яго зусім дарэмна не былі запазычаныя. Напрыклад, 15-хвілінная зарадка перад пачаткам урокаў у любую пару года. У цёплую – на вуліцы, у халодную – у класе. З медыцынскага пункту гледжання гэта абсалютна правільнае рашэнне, каб дзіця магло ўвайсці ў рытм, пазбавіцца ад натуральнага ўсплёску ранішніх гармонаў. Тыя ж фізкультхвілінкі ў сярэдзіне навучальнага працэсу. Як бы там ні было, разумовую актыўнасць трэба разбаўляць фізічнай. І не 3 разы на тыдзень на ўроках фізкультуры, а штодня і сістэматычна.

Сёння такога паняцця як «ранішняя фізкультура» даўно няма. І гэта таксама адна з прычын велізарнай колькасці скаліёзаў, праблем з паставай, парушэнняў метабалічных працэсаў, залішняй масы цела сучаснай моладзі, што ў цэлым негатыўна адбіваецца на паспяховасці, фізічным развіцці, агульным саматычным і рэпрадуктыўным здароўі.

Есці ці не есці, вось у чым пытанне

Акрамя ладу жыцця другі знішчальны ўдар па здароўі падрастаючага пакалення наносіць харчаванне з трыма «не»: непаўнавартаснае, незбалансаванае, нерацыянальнае.

Нягледзячы на тое, што гэтая тэма абмяркоўваецца на кожным куце, кожны па-свойму разумее «паўнавартаснасць» і «збалансаванасць» рацыёну. Трэба прызнаць, падлеткі і маладыя людзі часта не моцна цікавяцца сутнасцю навамодных ідэй у харчаванні, што сыплюцца як з рога багацця. Вывучаюць іх павярхоўна, не паглыбляючыся далей за першыя старонкі пошукавых сістэм у інтэрнэце.

Калі вярнуцца да таго, з чаго пачалі, тады, у 2000-х, асноўным кантынгентам дзіцячых гінеколагаў ў Беларусі былі дзяўчынкі-падлеткі з дыягназам «другасная аменарэя на фоне дэвіяцыі харчовых паводзінаў». Менавіта ў тыя гады ва ўсім свеце асабліва агрэсіўна прапагандавалі худых мадэляў і худзізну наогул як стыль жыцця.

 
Аксана Іванішкіна-Кудзіна
Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА
Другі віток здарыўся ў 2005-2010 гадах, калі ў Беларусь прыйшла мода на вегетарыянства. Моладзь тут жа яе падхапіла. Пры гэтым зусім не думаючы пра тое, што ў пэўных умовах пражывання арганізм чалавека папросту не ў стане сублімаваць і кампенсаваць недахоп макра- і мікранутрыентаў, якія не атрымлівае пры адмове ад прадуктаў жывёльнага паходжання. Мы не жывем у Індыі, Тайландзе або Малазіі, дзе сонца 365 дзён у год, няма дэфіцыту вітаміна Д, а кальцый цалкам засвойваецца. Сілкуючыся адной толькі морквай і капустай з дачнай градкі забяспечыць арганізм усім неабходным немагчыма. Адсюль анеміі, аменарэі, метабалічныя парушэнні...

Любыя харчовыя дэвіяцыі і перакосы ў падлеткавым узросце вельмі негатыўныя. Любыя дыеты (безугляводныя, безбялковыя, безтлушчавыя) строга проціпаказаныя. Гэта трэба ўразумець дарослым і данесці да дзяцей.

70% жаночых палавых гармонаў утрымліваюцца ў тлушчавай тканцы. Таму катэгарычная адмова ад ужывання тлушчазмяшчальных прадуктаў (алеяў расліннага і жывёльнага паходжання, малочных прадуктаў і інш.) ставіць пад вялікае пытанне будучае мацярынства. Расстройствы менструальнай функцыі на фоне «абястлушчаных дыет» вельмі цяжка паддаюцца карэкцыі.

Выключэнне з рацыёну цукру запавольвае разумовыя працэсы, пагаршае памяць, канцэнтрацыю, увагу, здольнасць запамінаць.

Захаванне безбялковых дыет праз 1,5-2 гады прыводзіць да незваротнага вытанчэння незалежнай мышачнай тканкі, якую нельга «прапампаваць»: гладкай мускулатуры, сардэчнай мышцы...

 
Аксана Іванішкіна-Кудзіна
Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА
Сучасныя медыцынскія рэпрадуктыўныя тэхналогіі такія, што жанчыны з гарантаванай бясплоднасцю яшчэ 10 гадоў таму не маглі мець дзяцей, сёння ж цяжараюць і нараджаюць. Генетычны і храмасомны фактары стараннямі ўрачоў зменшыліся нашмат. А вось надзвычай важнае значэнне маюць харчаванне, лад жыцця і ўклад чалавека ў сябе (наколькі ён дадзенае прыродай растрачвае, павялічвае альбо зводзіць да нуля).

Хто вінаваты і што рабіць?

Вельмі многае (калі не ўсё) закладваецца ў сям'і.

  • Калі бацькам прасцей купіць на вячэру сасіскі, гатовы паўфабрыкат у кулінарыі або замовіць піцу, занадта саманадзейна чакаць, што дзіця «дарасце» да таго, што стане планаваць рацыён з улікам разнастайнасці і збалансаванасці харчавання. Ён амаль асуджаны на каўбасу з макаронамі.
  • Калі замест таго, каб аддаць пухляша на гімнастыку або танцы бацькі абмяжуюць яму доступ да здобных булачак, але пры гэтым пакінуць тэлефон і планшэт, ён не схуднее. Але амаль дакладна да лішняй вагі дададуцца праблемы са зрокам i паставай.
  • Не шмат сэнсу ў тым, каб прымушаць дзіця хадзіць у спартыўную секцыю, калі роля бацькоў зводзіцца да таго, каб давезці яго на машыне да цэнтральнага ўваходу спартшколы, а потым забраць і ў якасці заахвочвання за поспехі адвезці ў рэстаран хуткага харчавання.
  • Калі выхадныя дні бацькі цалкам прысвячаюць мыццю, прыборцы, гатаванню, ляжанню на канапе ля тэлевізара замест таго, каб паехаць у лес, на велапрагулкі, на каток, ды куды заўгодна, дзе не трэба сядзець на месцы, ЗЛЖ для дзіцяці так і застанецца назвай песні Шнурава, а не ладам жыцця і нормай паводзінаў.
 
Аксана Іванішкіна-Кудзіна
Галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА
А яшчэ ў сям'і абавязкова павінна быць жывёла. Хоць якая. Аб кім дзіця будзе клапаціцца. Рыбка, хамяк, марская свінка, сабака або коцік. Дзіця, як крайняе звяно ў ланцужку сям'і, таксама павінна быць за некага адказнае. Яно ж не можа несці адказнасць за маму ці тату. І потым. Маючы гадаванца, значна лягчэй захоўваць актыўнасць - больш падстаў выйсці на шпацыр.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

207 0 20

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх