12 Верасня
12.09.2017

Калі ўкусіла гадзюка… Правілы паводзінаў

logo
Падарожнічай
97 0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Змест:

З 1 ліпеня па 22 жніўня сёлета ў мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі трапілі 6 пацярпелых ад укусаў змей.

Вуж, мядзянка і гадзюка – змеі, што насяляюць Беларусь. Сустрэча з вужом ці мядзянкай можа скончыцца толькі перапудам і непрыемнымі ўражаннямі, яны не ядавітыя. Гадзюка ж не такая бяскрыўдная, пацярпелыя ад яе ўкусу абавязкова павінны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Як аказаць першую дапамогу чалавеку, якога ўкусіла гадзюка, Здаровым людзям расказала Вольга Солтан.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг таксікалагічнага аддзялення вострых хімічных атручэнняў у псіхічна хворых Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Мінска
да зместу

Калі вас укусіла змяя

Укус вужа ці мядзянкі значна больш балючы, чым гадзюкі. Чалавек адчувае моцны боль і пякоту. А вось ўкус ядавітай гадзюкі можна і не адчуць.

Адназначна сказаць, як адрэагуе арганізм таго ці іншага чалавека на яд гадзюкі, нельга. Як правіла, месца ўкусу чырванее. На працягу паўгадзіны з'яўляецца ацёк, які з часам павялічваецца. Напрыклад, калі пацярпела далонь, ацёк можа распаўсюдзіцца на ўсю руку і нават частку грудной клеткі. Акрамя гэтага, змяняецца колер скуры: ад бардова-чырвонага да сінюшнага. У некаторых пацыентаў могуць з'явіцца і іншыя прыкметы атручвання ядам: парушэнне дыхання, кашаль, пачашчанае сэрцабіцце, павышэнне артэрыяльнага ціску.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Нярэдка, нават пры ўкусах неядавітых змей, у чалавека проста ад перапуду падымаецца ціск і пачынаецца тахікардыя.
да зместу

Як аказаць першую дапамогу

Калі гадзюка ўкусіла ў вобласць шыі, верхняй паловы грудной клеткі альбо твару, трэба тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Таму што вельмі хутка могуць развіцца сур'ёзныя анафілактычныя рэакцыі, аж да ацёку Квінке.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Ацёк у вобласці галавы і шыі хутка нарастае і абцяжарвае дыханне пацярпелага, магчыма развіццё дыхальнай недастатковасці, што можа стаць прычынай смерці.

Аднак часцей за ўсё пакутуюць верхнія альбо ніжнія канечнасці (у асноўным ступня і галенастоп). Дарэчы, ад укусу ў нагу ратуюць звычайныя гумовыя боты.

Яд з ранкі трэба пастарацца выдаліць. Чым хутчэй, тым лепш. Існуюць два спосабы:

1. Высмактаць яд. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў вас няма ніякіх ранак ў роце, герпетычных высыпанняў ці іншых захворванняў, якія парушаюць цэласнасць слізістай абалонкі. Яд можа патрапіць у гэтыя ранкі і праз іх у кроў. Дапамога тады спатрэбіцца не толькі пацярпеламу, але і ратавальніку.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Яд варта адсмактаць і выплюнуць. Затым рот трэба прапаласкаць чыстай вадой.

2. Выдаліць яд з месца ўкусу можна з дапамогай лёгкіх націсканняў. Калі з'явілася жоўтая празрыстая вадкасць – сукравіца, хай нават з прымессю крыві, палохацца не варта. Так і павінна быць.

Затым ранку трэба прамыць. Лепш за ўсё чыстай вадой. Калі пад рукой яе няма, можна выцерці чыстай сурвэткай, у тым ліку вільготнай, хусткай ці іншым чыстым кавалачкам тканіны.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Апрацаваць ранку неабходна для таго, каб не адбылося яе інфіцыраванне. А вось пашыраць ці разразаць месца ўкусу нельга. Гэта і так «вароты» для інфекцыі, спрабуючы разрэзаць рану, можна толькі пагоршыць становішча.

Далей, каб яд павольней распаўсюджваўся па крывяноснай і лімфатычнай сістэме, неабходна добра зафіксаваць пашкоджаную канечнасць. Як пры пераломе. Пацярпелы павінен знаходзіцца ў спакойным стане, пажадана лежачы. У такім стане пацыент шпіталізуецца ў стацыянар.

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Многія думаюць, што трэба накладваць жгут. Гэтага рабіць не варта. Разам з тым, можна перабінтаваць пашкоджанае месца. Такая павязка павінна прапускаць два пальцы, не ціснуць.

Пацярпеламу трэба шмат піць. Можна ваду ці цёплы чай. Гэта неабходна для таго, каб арганізм лепш спраўляўся з таксінамі. Не лішнім будзе прыняць супрацьалергічны прэпарат. 

Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Такіх пацыентаў абавязкова шпіталізуюць. Калі чалавек звярнуўся позна ці ёсць яшчэ паталогія, магчыма парушэнне згусальнасці крыві і, як вынік, развіццё павышанага ўтварэння тромбаў у артэрыях і венах пацярпелай канечнасці. Таму мы абавязкова робім УГД і праводзім тэрапію, што зніжае рызыку развіцця трамбозаў.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

97 0 44

Наверх