29 Красавіка
29.04.2017

Як правільна выбраць адзенне для падарожжа?

logo
Падарожнічай
153 0 293
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і падарожжа – са збору валізак. А ці знаёма вам сітуацыя, калі едзеш адпачываць з вялікім багажом, а ў выніку многае ні воднага разу не спатрэбілася, вяртаешся з тым жа непад'ёмным чамаданам, плюс пакеты з пакупкамі і сувенірамі...

Як жа сабраць аптымальны гардэроб? 24health.by пацікавіўся меркаваннем прафесіянала. Наш эксперт – Аляксей Міхаленка.

 

 
Аляксей Міхаленка
Канструктар адзення, дызайнер і вялікі аматар падарожжаў

Што трэба ўлічваць, калі збіраешся ў падарожжа?

Каб не сапсаваць сабе доўгачаканы адпачынак, загадзя прадумайце наступнае:

  • якія кліматычныя ўмовы ў краіне, куды збіраецеся ехаць;
  • на якіх экскурсіях вы абавязкова хочаце пабываць і якія славутасці паглядзець;
  • ці не прыпадае ваш адпачынак на перыяд нацыянальных або рэлігійных святаў;
  • асаблівасці менталітэту жыхароў краіны.

Скажам, летам вы хочаце наведаць краіну з неспякотным кліматам. Напрыклад, едзеце ў Шатландыю, дзе ў самыя цёплыя летнія дні тэмпература паветра не перавышае 23 градусаў, а верагоднасць ападкаў складае не менш за 80%. Цёплы швэдар, куртка і дажджавік лішнімі не будуць...

Экскурсіі – тэма асобная. У многіх краінах экскурсійныя маршруты ўключаюць наведванне старадаўніх манастыроў, цэркваў і касцёлаў. Таму захапіце з сабой закрытае адзенне – шорты і майка не падыдуць.

Менталітэт жыхароў (што вызначаецца, у тым ліку, і рэлігійнай прыналежнасцю) таксама можа быць насуперак нашым уяўленням аб норме. Таму па-за тэрыторыяй гатэля трэба апранацца, улічваючы мясцовыя асаблівасці культуры і побыту, бо няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці…

Зараз пра нацыянальныя святы. Адна справа, калі гэта, напрыклад, карнавал у Рыа-дэ-Жанейра, на які спецыяльна едуць турысты. Свабодна адпачывайце і весяліцеся – вы ж за гэтым прыехалі ў Бразілію?

Зусім іншы каленкор – мусульманская краіна ў перыяд Рамадана, калі мусульмане выконваюць строгі пост ( «ураза»), адмовіўшыся ў светлы час сутак ад вады, ежы і інтымных адносін. У гэтыя дні мусульманскія гарады ажываюць з надыходам цемры. Таму не здзіўляйцеся начному шуму – выспацца будзе цяжка.

Памятайце таксама, што ў мусульманскіх краінах жанчынам непажадана (а ў некаторых строга забаронена) з'яўляцца на вуліцы ў адкрытым адзенні. Таму пра гардэроб важна паклапаціцца загадзя.

Як падабраць вопратку для летняга адпачынку?

Ідэальны гардэроб для падарожжаў можна ахарактарызаваць трыма словамі:

  1. камфорт;
  2. індывідуальнасць;
  3. дарэчнасць.

Любое адзенне павінна быць дарэчнае і не абмяжоўваць вас. Шмат у чым гэта вызначаецца мэтай і фарматам падарожжа. Але, сфарміраваўшы капсульны гардэроб, дзе 6-10 рэчаў будуць выдатна кампілявацца адна з адной, зможаце ствараць ад 10 да 15 розных камплектаў і выдатна выглядаць на любым мерапрыемстве, не перагружаючы чамадан лішняй вопраткай.

Для аматараў пляжнага адпачынку галоўнае – не забыць купальнік (плаўкі), і лепш два, каб можна было пакідаць пляж у сухой вопратцы.

Звярніце ўвагу на пакрыццё пляжу. Калі па пяску з задавальненнем можна прайсціся басанож (не ў 12 гадзін апоўдні, вядома, калі ён распалены да максімума), то па гальцы ісці куды менш прыемна. Спецыяльныя пляжныя тэпцікі абароняць ногі і ад парэзаў ракавінкамі, ад дакранання з дробнымі марскімі насельнікамі, здольнымі зрабіць шкоду здароўю.

Аддаеце перавагу актыўнаму адпачынку, наведваеце шмат экскурсій, збіраецеся падымацца на гару? Улічыце, што тэмпература паветра ля падножжа гары і на 1000-2000 метраў над узроўнем мора можа кардынальна адрознівацца – захапіце швэдар ці лёгкую куртку.

Асаблівую ўвагу надайце абутку. Новыя красоўкі, набытыя да паездкі, лепш пакіньце ў нумары, абраўшы старыя зручныя кеды. Ды і наогул, куды б вы ні збіраліся на адпачынак, бярыце правераны абутак. Бо едзеце адпачываць, а не марнаваць каштоўныя дні на лячэнне нацёртых да мазалёў ног. «Якая розніца, колькі гадоў вашым кедам, калі вы ідзяце ў іх па Парыжы»...

Ідэальныя матэрыялы для летняга, гарачага клімату – натуральныя бавоўна і лён. Можна дапоўніць гардэроб парай спартыўных маек з антыбактэрыяльным пакрыццём, яны схаваюць празмернае потавылучэнне і цела будзе «дыхаць».

Ідэальны гардэроб для падарожжа летам выглядае прыкладна так:

  • шорты;
  • пара стыльных маек;
  • джынсы або штаны (або і тое, і тое);
  • зручны, правераны абутак (лёгкія красоўкі, тэпцікі, шлёпанцы);
  • тэпцікі для душа;
  • галаўны ўбор (кепка, бейсболка, капялюш);
  • сонцаахоўныя акуляры;
  • пінжак;
  • кофта на замку або гузіках.

Вядома, шмат у чым колькасць адзення вызначаецца працягласцю адпачынку і магчымасцю прання. Але з пералічаным наборам базавых рэчаў вам будзе камфортна ў любой сітуацыі.

Дзяўчаты, асаблівую ўвагу звярніце на наступныя моманты.

Пара сукенак – само сабой зразумела.

Спартыўны, класічны і casual абутак смела спалучайце з розным адзеннем – калі раней лічылася недапушчальным надзець вопратку з кедамі, то цяпер гэта модна. Таму не саромейцеся клапаціцца аб сваім камфорце і здароўе.

Заўсёды памятайце пра тое, што галаўны ўбор і вада – прадметы першай неабходнасці ў краінах з гарачым кліматам! З імі вам не пагражаюць цеплавы, сонечны ўдар і абязводжванне арганізма.

Вельмі ўважліва сачыце за надпісамі на майках! Часам, не звярнуўшы ўвагу на набор англійскіх літар, можна патрапіць у непрыемную сітуацыю, міжволі выклікаўшы незадаволенасць карэнных жыхароў або прыезджых турыстаў.

У выбары колеру перавагу варта аддаць спакойным, пастэльных тонам. Кідкія, стракатыя анімалістычныя прынты могуць выглядаць недарэчна.

Асаблівасці зімовага адпачынку

Калі для адных зіма – гэта час пледа, гарачай гарбаты і рамантычных фільмаў, то іншыя ўспрымаюць гэтую пару года як выдатную магчымасць атрымаць задавальненне на гарналыжным курорце. І тут, безумоўна, пытанні камфорту і эрганамічнасці маюць першаснае значэнне.

З-за вялікай колькасці адзення не хочацца страчваць рухомасць. Таму рэцэпт зімовага гардэроба для адпачынку такі.

У якасці першага слоя адзення выкарыстоўвайце тэрмабялізну. Галоўная яе вартасць - здольнасць адводзіць ад цела вільгаць і захоўваць цяпло, што вельмі важна для актыўнага адпачынку. Не вельмі прыемна знаходзіцца на марозе ў мокрай баваўнянай майцы, а потым знемагаць ад спёкі, зайшоўшы ў памяшканне.

Другі слой – цёплы швэдар ці байка. За кошт таго, што вільгаць утрымлівае сінтэтычная тэрмабялізна, гэты пласт адзення можа быць выкананы абсалютна з любога матэрыялу. Галоўнае – зручнасць.

І, нарэшце, трэці слой (верхняя вопратка). Найлепшы выбар – пухавік з тэхналагічнага матэрыялу. У ім не страшны ні холад, ні вецер, ні ападкі.

І не забудзьцеся на шапачку з тэхналагічнага матэрыялу або з тэфлонавым пакрыццём. Яна надзейна абароніць і ад дажджу.

Як апрануцца ў дарогу?

Шлях да месца адпачынку можа быць не блізкім. Каб добра выглядаць і камфортна сябе адчуваць, улічвайце надвор'е ў краіне вылету і прылёту, від транспарту, колькасць перасадак, час у дарозе.

Калі вы ляціце з халоднага клімату ў цёплы, можна ў аэрапорце аддаць каму-небудзь з сяброў або родных свае верхнія цёплыя рэчы, папрасіўшы сустрэць вас па прылёце і прывезці іх. Так вам не давядзецца вазіць з сабой дадатковую аб'ёмную вопратку.

Сітуацыя наадварот – вяртанне з гарачай краіны ў халодную восень ці зіму. Ужо на паўдарозе тэмпература можа змяніцца, а вы ў шортах і майцы... Зрэшты, і без таго ў аэрапортах, у пунктах мытнага афармлення, у транспарце ноччу можа быць дастаткова холадна. Пакіньце ў ручной паклажы куртку або лёгкі плед.

Адзенне для LowCost

Асобнай увагі заслугоўваюць авіяпералёты, якія арганізуюцца таннымі авіякампаніямі, або лоукост, дзе багаж аплачваецца дадаткова. Адпаведна, людзі імкнуцца максімальную колькасць рэчаў браць у салон ці апранаць на сябе.

Спецыяльна для такіх падарожнікаў прыдумалі асаблівыя віды адзення: спецыяльныя камізэлькі з вялікай колькасцю кішэняў і дадатковых аддзяленняў, вопратку-сумку.

Што яшчэ спатрэбіцца ў падарожжы?

Што яшчэ спатрэбіцца ў падарожжы:

  • фотаапарат;
  • крэм для загару;
  • мабільны тэлефон;
  • лекавыя сродкі;
  • адаптар для разеткі (у чужой краіне разеткі могуць адрознівацца ад нашых).

І апошняе. Памятайце, што не адзенне ўпрыгожвае чалавека, а чалавек адзенне. Завітваючы ў іншую краіну, не забывайце пра тое, што па вашых паводзінах і знешнім выглядзе, у тым ліку, будуць меркаваць і пра нашу краіну ў цэлым. Таму «касіць» пад мясцовае насельніцтва не варта, тым больш, што ў гэтым няма карысці…

Але і забываць пра тое, хто вы і адкуль, таксама. Захоўвайце сваю індывідуальнасць у любой сітуацыі! Бо мода – зменлівая, а стыль – вечны. Нават калі гаворка ідзе пра адпачынак.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

153 0 293

Глядзіце таксама
Наверх