3 Сакавіка
03.03.2019

Марыце пра здаровыя адносіны? Праверце 9 крытэрыяў (+відэа)

logo
Пабудуй стасункі
11 0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

За апошнія некалькі гадоў у сетцы можна заўважыць магутны ўсплёск цікавасці да тэмы гвалту ва ўсіх яго відах: псіхалагічнага, эмацыянальнага, фінансавага, рэпрадуктыўнага... Мы разважаем, як пазнаць нарцыса і не ўскочыць у адносіны з псіхапатам, пазбегнуць сузалежных адносінаў або не стаць часткай любоўнага трыкутніка. Часам узнікае адчуванне, што паталогія паўсюль. Ці могуць наогул існаваць здаровыя і шчаслівыя адносіны? Як іх адрозніць сярод усёй разнастайнасці адхіленняў?

Што такое здаровыя адносіны?

Даць дакладнае вызначэнне здаровым адносінам псіхолагам нярэдка цяжкавата. Часцяком за норму прымаюць... адсутнасць паталогіі.

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Усе пішуць пра тое, што жанчыны і мужчыны адрозніваюцца. Ужо збітым стаў выраз па назве кнігі: «Жанчыны – з Венеры, мужчыны – з Марса»... Але пасля такіх абагульненняў незразумела, дзе цэласнасць і ў чым мы падобныя, на што нам абапірацца адно ў адным. Я б казаў не толькі пра тое, як варта ацаніць пару як здаровую, а хутчэй здаровага чалавека, які можа ўзаемадзейнічаць з іншым. І калі сустракаюцца двое такіх людзей, яны могуць будаваць адносіны.

9 крытэрыяў здаровых адносінаў

Даследчыкі вылучаюць розную колькасць падобных крытэрыяў. Кажа гэта пра тое, што ўніверсальнай формулы, на жаль, не існуе. І ўсё ж ёсць некаторыя «сцяжкі», якія пакажуць, што вы рухаецеся ў правільным кірунку.

1. Вы ўмееце размаўляць адно з адным

Мабыць, гэта адна з ключавых асаблівасцяў пабудовы любых здаровых і шчаслівых адносінаў. Разам з сабой у пару мужчына і жанчына прыносяць мноства сталых уяўленняў, установак, якія могуць моцна адрознівацца. Мы часта фантазіруем з нагоды таго, што значаць тыя ці іншыя паводзіны для партнёра. Аднак правяраць, ці праўдзівыя гэтыя здагадкі, не знаходзім часу: «А нашто, бо і так зразумела. Што тут яшчэ магло быць?»

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Для таго, каб размова сталася магчымай, патрэбна такая атмасфера, калі кожны можа адкрыта выказаць, чаго ён хоча і чаго не, не баючыся пры гэтым нейкага «пакарання» ад іншага.

2. Здольнасць кахаць рэальнага чалавека

Гэта рэдкі і каштоўны навык: не прыпісваць чалавеку неіснуючых у яго якасцяў і не чакаць ад яго таго, каб ён «дацягнуўся» да ідэалу ў вашай галаве. Ён ёсць вось такі ў гэты момант і з вамі. І вы яго такім кахаеце.

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Часам жанчыны кажуць: «Вось сыдземся, а потым я яго выпраўлю». Але гэтага не адбываецца. Калі мужчыну спрабуюць перарабіць, ён перастае быць самім сабой, яму дрэнна ў такіх адносінах. І, напэўна, тады жанчыне важней не займацца «ўдасканаленнем» гэтага мужчыны, а знайсці таго, каго яна можа пакахаць за тыя якасці, якія ў ім ужо ёсць. Зразумела, што ва ўсіх нас ёсць добрыя якасці і абмежаванні, да якіх таксама трэба ставіцца з павагай.

3. Здольнасць укладваць у адносіны

Нярэдка можна сустрэць развагі пра тое, што галоўнае – сустрэць падыходзячага чалавека. А ўсё астатняе складзецца само па сабе. Калі падтрыманне адносінаў патрабуе намаганняў, тады яны не патрэбныя. Гэта шкодны міф. Любыя адносіны патрабуюць працы.

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Многія чакаюць толькі рамантычнага складальніка адносінаў, які апяваецца ў музыцы, фільмах, вершах. Але рэдка кажуць пра тое, што адбываецца пасля гэтага перыяду. А там – стадыя, дзе мы павінны дамовіцца, як нам будаваць побыт, колькі дзяцей плануем і ці будуць яны наогул і г.д. У любых адносінах, як бы моцна мы кагосьці ні кахалі, нам давядзецца казаць пра свае патрэбы і сутыкацца з некаторым адпрэчаннем, неразуменнем, напругай. І што гэта значыць? Адразу ўсё разбурыць? Не. Мы так ці інакш не ў стане кантраляваць абсалютна ўсе моманты. Але важна адзначаць, што нават калі ўсё не вельмі гладка, я па-ранейшаму цябе паважаю, мне па-ранейшаму дарагія гэтыя адносіны. Па-ранейшаму важна, каб ты заставаўся са мной, а я па-ранейшаму вырашаю заставацца з табой. А яшчэ карысна часам спусціць усё на тармазах і добра пажартаваць. Гэта выдатна працуе ў дробных і бытавых пытаннях.

4. Гармонія ў сэксуальнай сферы

Важнасць гэтага аспекту сямейнага жыцця нельга недаацэньваць. Адкрытая размова на інтымныя тэмы і здольнасць наладзіць гарманічнае сэксуальнае жыццё – важная цаглінка для падмурка здаровых адносінаў.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Як толькі ў эмацыянальнай сферы адбываецца перакос, гэта тут жа адбіваецца і на сэксе. Ён у пары альбо наогул знікае, альбо навязваецца. Ёсць тры тэмы, якія я заўсёды спрабую праверыць у сваіх кліентаў: межы, сэкс і супадзенне тэмпераментаў. Часцей за ўсё там крыюцца праблемы.
 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
На тэмы сэксу нас размаўляць не вучылі, таму для многіх заявіць пра сваё жаданне або нежаданне ў такім далікатным пытанні ўсё яшчэ вельмі складана.

5. Уменне спраўляцца з крызісамі

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Усё жыццё сям'і, па сутнасці, складаецца з крызісаў. Вяселле, нараджэнне дзіцяці, сад, школа, падлеткавы ўзрост, смерць кагосьці са сваякоў... Крызісныя моманты ўзнікаюць пастаянна. Важна навучыцца праходзіць іх сумесна і працаваць на «згуртаванне», а не дыстанцыяванне адзін ад аднаго.
 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Знаходзіцца побач з чалавекам, які перажывае, напрыклад, крызіс сярэдняга ўзросту, вельмі складана. А паколькі такіх крызісаў будзе шмат, важная стабільнасць адносінаў, іх бяспека для кожнага.

6. Уменне знаходзіцца не толькі ў пары, але і аўтаномна

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Многія лічаць, што любыя адносіны – гэта пра агульнасць, парнасць, што цяпер усюды трэба быць разам. Але для кахання патрэбны і іншы полюс: «Я табой даражу, я цябе кахаю. Але мне важныя і іншыя людзі вакол мяне, маё жыццё па-за адносінамі». Калі чалавек эмацыянальна залежны, ён можа аб гэта моцна параніцца і лічыць, што ён не каханы і не цэнны. На фоне гэтага могуць быць скандалы.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Міф пра паловы, якія адна адну дапаўняюць і глядзяць у адзін бок, – гэта пра зліццё. А значыць, залежныя адносіны. У іх шмат пакутаў і барацьбы.

7. Стабільная самаацэнка і павага да іншага

У здаровых адносінах кожны партнёр не перастае заставацца ўнікальнай асобай са сваімі мэтамі, заняткамі. Ёсць не толькі «Мы», але і кожнае «Я» паасобку.

8. Уменне перажываць увесь спектр эмоцый

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
У нас грамадства досыць алексітымічнае. Мы не ўмеем не проста казаць аб пачуццях і перажываннях, але і распазнаваць іх. Шматлікія кліенты на пытанне: «Як ты сябе адчуваеш?» – кажуць пра сваё фізічнае самаадчуванне. Нам трэба ўмець казаць пра розную гаму пачуццяў: про трапятанне, сорам, віну, злосць, ярасць. Калі мы можам прамаўляць гэтыя пачуцці адно з адным, адносіны ажываюць. Пры ўмове, што іншы ўмее слухаць.

9. Адносіны – зона росту для абодвух партнёраў

Шчаслівыя адносіны напаўняюць вас энергіяй, а не адбіраюць яе. Вам не трэба марнаваць энергію на чарговыя скандалы ці думкі пра тое, ці кахаюць вас і ці ўсё вы правільна зрабілі. Гэтыя сілы накіроўваюцца на іншыя важныя сферы вашага жыцця: праца, хобі і г.д.

Калі вашы адносіны цяжка назваць здаровымі ці ёсць праблемы з некаторымі крытэрыямі, не адчайвайцеся. Здаровыя адносіны – гэта не тое, што здараецца само па сабе. У любым выпадку яны патрабуюць штодзённай працы, перш за ўсё, над самім сабой. Часам – самастойнай, а часам прыйсці да іх можна толькі з дапамогай спецыяліста.

Відэа – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

11 0 26

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх