12 Снежня
12.12.2018

Светлае і цёмнае. Міфы пра піва і яго ўласцівасці

logo
Без алкаголю
284 0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Піва – трэці па папулярнасці напой у свеце пасля вады, гарбаты і абсалютны фаварыт у тых, хто ўжывае алкаголь. У яго склад уваходзяць соладавы ячмень, хмель, дрожджы, вада, часам цукар. Этылавы спірт у піва не дадаюць, ён з'яўляецца там у выніку натуральнага закісання. Чым больш у соладзе крухмалу і чым даўжэй бродзіць піва, тым яно мацней.

Здаўна піва шанавалі не толькі за натуральнасць і п'янлівы эфект, але і за гаючыя ўласцівасці. Хмельны напой шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне як сродак пры кашлі, болях у горле, бяссонніцы, праблемах са скурай (дэрматыты, высыпанні), для ўмацавання і бляску валасоў.

Усё гэта спарадзіла вакол піва мноства міфаў. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі разам з вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам Уладзімірам Максімчуком разбіралася, што ў іх праўда, а што не.

Чым больш у піве хмелю, тым яно мацней

Сінанімічны рад слову «хмельнае» складаюць словы «спіртное», «п'янае», «бударажачае»... Верагодней за ўсё, адсюль і міф: чым больш хмелю ў піве, тым вышэй у ім градус. На самай справе, хмель змяшчае раслінныя рэчывы, якія выступаюць у ролі кансервантаў і дазваляюць працягваць тэрмін захоўвання прадукту. Акрамя таго, хмель надае піву характэрныя водар і гарчынку. Сучасная броварная вытворчасць выкарыстоўвае шырокую палітру культываваных араматычных гатункаў хмелю і іншых натуральных араматызатараў для надання піву розных смакавых адценняў.

 
Уладзімір Максімчук
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, к.м.н., дацэнт
Мацунак піва вызначае колькасць у соладзе крухмалу, які пры варцы расшчапляецца на просты цукар, а той, у сваю чаргу, пры ўзаемадзеянні з дрожджамі пераўтвараецца ў вуглякіслы газ, спірт і іншыя рэчывы. Дарэчы, пры выкарыстанні звычайных дрожджаў немагчыма вырабіць піва так званых экстрэмальных гатункаў, мацунак якіх дасягае 12-20%. Для гэтага патрабуюцца спецыяльныя дрожджы, устойлівыя да алкаголю.

Разліўное піва самае свежае і смачнае

Гэты міф дагэтуль клапатліва песцяць уладальнікі піўных бараў і рэстаранаў, каб прыцягнуць наведвальнікаў. На самай справе, піва на разліў у бары і ў бляшанцы або бутэльцы на прылаўку крамы, умоўна кажучы, з аднаго катла. Вырабляць піва асобна для гандлёвай сеткі і грамадскага харчавання піваварным прамыслоўцам эканамічна не выгадна і сэнсу вялікага не мае.

Трэба меркаваць, што асаблівы смак і непераўзыдзеную свежасць, якія прыпісваюць барнаму піву, забяспечвае пышная пенная шапка. Але і тут сакрэт просты: пры падачы вуглякіслага газу піва выціскаецца са спецыяльнай ёмістасці для захоўвання напою да разліўных калонак і непасрэдна пры наліванні ў бакал або кубак утварае прыгожую ўстойлівую пенную шапку.

Ад светлага піва не таўсцеюць

І, калі ўжо быць сумленнымі, ад цёмнага таксама. Класічнае, правільнае піва вырабляецца без дадання цукру, і яго энергетычная каштоўнасць ужо толькі таму значна ніжэй, чым у безалкагольнай газіроўцы.

Але, трапляючы ўнутр, піва раздражняе слізістую абалонку страўніка, узмацняе выпрацоўку страўнікавага соку і тым самым выклікае апетыт. А што звычайна падаюць да піва? Чыпсы, крэкеры, салёныя арэшкі, вострыя курыныя крылы, смажаныя ў фрыцюры... Увогуле, тую закуску, якую нельга назваць ні здаровай, ні дыетычнай. Акрамя таго, печань у першую чаргу занятая абясшкоджваннем алкаголю. А тым часам высокакаларыйныя закускі, груба кажучы, «залягаюць на дно», дадаючы фігуры лішнія кілаграмы і праблемныя месцы.

Піва – прычына вялікага жывата

На першы погляд, гэты міф моцна пераклікаецца з папярэднім: вялікі жывот, лішняя вага ў большай ступені абумоўлены не ўжываннем піва ўвогуле, а той ежай, якой яго заядаюць. Тым не менш, недаацэньваць вялікую піўную пагрозу нельга. У параўнанні з ёй талія, якая расплываецца, – пагроза меншая.

 
Уладзімір Максімчук
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, к.м.н., дацэнт
Злоўжыванне півам вядзе да фарміравання так званага «бычынага» сэрца. Яно павялічваецца ў памерах у 2-3 разы за кошт разрастання злучальнай тканкі, пашырэння поласцяў сардэчнай мышцы, яе тлушчавага перараджэння. У гэтым выпадку вялікае сэрца – не прыкмета дабрыні і шчодрасці, а крыніца сур'ёзных праблем са здароўем: алкагольнай кардыяміяпатыі, артэрыяльнай гіпертэнзіі, парушэнняў сардэчнага рытму і г.д.

Акрамя таго, піва, як і любы іншы алкагольны напой, пры празмерным піцці можа стаць прычынай алкагольнага гепатозу (тлушчавай дыстрафіі печані). Наступная прыступка пасля яго – хранічны алкагольны гепатыт і цыроз.

Лёгкае піва не прывядзе да алкагалізму

Самы жывучы з існуючых міфаў. Праўда ў тым, што на развіццё алкагольнай залежнасці ўплывае не столькі мацунак напояў, колькі частата ўжывання. Нават самае лёгкае піва ўтрымлівае этылавы спірт, які фарміруе спачатку псіхічную, а затым і фізічную цягу. Пры штодзённым ужыванні бутэлькі піва хваравітая залежнасць разаўецца гарантавана. Магчыма, крыху пазней, чым пры рэгулярным ужыванні моцных спіртных напояў. Але пазней – не значыць ніколі. Пытанне часу.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

284 0 37

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх