18 студзеня
18.01.2018

Андрэй Кулік: «Пік падрыхтоўкі да спаборніцтваў больш падобны на катаванне»

logo
Трэніруйся
85 0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Да 17 гадоў ён займаўся грабным слаламам, потым захапіўся паўэрліфтынгам, а з 2010 года прадстаўляе краіну на міжнародных спаборніцтвах па бодзібілдынгу.

Сёння Андрэй Кулік — майстар спорту па бодзібілдынгу, абсалютны чэмпіён Мінска-2014, прызёр чэмпіяната Беларусі, фіналіст чэмпіянатаў свету і Еўропы — ў гутарцы з карэспандэнтам «МВ» раскрывае сакрэты якасных трэніровак, распавядае пра свой рацыён і разважае пра ўспрыманне ўласнага цела.

- Бодзібілдынг — спорт досыць суб’ектыўны, і зразумела, што падчас спаборніцтваў ды ў міжсезонне знешні выгляд спартсмена адрозніваецца…

- Так, перыядызацыя сезонных трэніровак моцна адбіваецца на форме атлета. Цяжка трымаць форму з мінімальным працэнтам тлушчу, а менавіта яе вымагаюць спаборніцтвы. Пастаянную дыету, мноства кардыятрэніровак складана пераносіць як псіхалагічна, так і фізічна. Пік падрыхтоўкі да спаборніцтваў больш падобны на катаванне, чым на працэс, які прыносіць задавальненне.

У міжсезонне харчаванне больш каларыйнае, таму недзе дадаецца і вага, і тлушчавая праслойка. Важна, каб арганізм не адчуваў недахопу калорый.

- Якія стравы можна пабачыць на тваім стале?

- Ем у сярэднім 7 разоў за суткі. Гэта ў асноўным складаныя вугляводы — грэчка, рыс, іншыя кашы, якія маюць нізкі глікемічны індэкс. Бялок як будаўнічы матэрыял павінен заўсёды прысутнічаць у дастатковым аб’ёме. Ужываю дабаўкі са спартыўнага харчавання — гэта не крыніца росту для мышцаў, яны проста дапамагаюць арганізму хутчэй аднаўляцца, лепш засвойваць ежу.

- Мэта бодзібілдзера — прыгожае цела, раскачаныя мышцы. Як гэтага дасягнуць?

- Каб раслі мышцы, трэба мець добры абмен рэчываў. Нехта паводле генетычнай схільнасці можа быць вельмі вялікім, а нехта апрыёры не. Таксама варта шмат трэніравацца. Трэніроўкі мусяць быць дужа цяжкія, каб арганізм атрымліваў стрэс. Калі яго няма, то казаць пра нейкі рост не выпадае. Прынцып трэніроўкі такі: спачатку мышцу траўміраваць, а потым яе аднавіць. Аднаўляючыся, яна павялічваецца ў аб’ёме.

- Але ж гэта балюча!

- Боль — паняцце адноснае. У кожнага чалавека свой болевы парог, да болю можна адаптавацца. Калі ты доўга, плённа і якасна займаешся, то паняцце болю адсоўваецца ўсё далей. У нашым спорце працуе такі прынцып: калі падчас трэніроўкі нічога не баліць — значыць, яна непаўнавартасная. Ты павінен разумець, што кожны раз працуеш напоўніцу, трэба давесці кожную мышцу да гіпертрафіі, калі яна ўжо няздольная рэагаваць на нагрузку. Вось тады трэніроўку можна лічыць якаснай. А як гэта зрабіць? Ёсць многа спосабаў. Усё залежыць і ад тэхнікі, і ад падыходу, і ад колькасці энергіі, якую ты траціш. У нашым спорце важна захаваць форму, таму калі закладаеш сабе на год 300–350 трэніровак, амаль кожны дзень, трэба разумець, што гэта вельмі вялікі аб’ём.

- Бодзібілдынг — спорт на аматара. Не ўсе разумеюць прыгажосць настолькі раскачанага цела, часам кажуць, што гэта прыгажосць, якая палохае.

- Існуе некалькі меркаванняў на гэты конт. Да слова, я не прыхільнік так званага фрыкаўскага бодзібілдынгу, калі ўсё празмерна. Ёсць тыя, хто вітае вялікія аб’ёмы, мышачныя масы, жорсткі трэнінг, хард-кор. Але звычайныя людзі разумеюць, што такія формы — космас, проста верхняя планка таго, што чалавек можа зрабіць са сваім целам. Прыгожа ці непрыгожа — асабістая справа кожнага. Але вось пытанне магчыма ці немагчыма — хвалюе многіх.

Я ўжо казаў, што многае залежыць ад генетыкі. Не кожны паводле ўласнай канстытуцыі цела можа быць настолькі вялікім, як, напрыклад, Філ Хіт ці Брэндж Уорэн. На турнірах па бодзібілдынгу існуе мноства катэгорый, штогод уносяцца карэкціроўкі, уводзяцца новыя і ўдасканальваюцца старыя патрабаванні. Так, пазалетась з’явілася катэгорыя classic physic — вітаюцца больш прыземленыя формы. Гэта нармальны стан, не гіперраскачаны, фігура такіх спартсменаў блізкая да звычайнай, а падрыхтоўка падобная на гімнастыку. У гэтых катэгорыях выступае вялікая колькасць удзельнікаў, і паназіраць за спаборніцтвамі прыходзіць больш гледачоў, чым на турніры раскачаных атлетаў. Ёсць людзі, якія любяць паглядзець на Халкаў, але іх нямнога. Я таксама прытрымліваюся пазіцыі, што ўсяго павінна быць у меру.

- Не адчуваеш нейкага грэблівага стаўлення з боку іншых спартсменаў?

- І грабцы, і барцы, і гімнасты ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць такія ж практыкаванні, як і мы. Толькі ў нас трэніроўкі арыентаваныя на рост мышачнай масы. Іншыя спартсмены гэтак жа займаюцца атлетычнай гімнастыкай, каб павялічваць аб’ём мышцаў і свае фізічныя здольнасці — сілу, хуткасць, вынослівасць.

- Зараз ты выглядаеш прыгожа, але пройдзе гадоў 20 — і цела можа страціць такую форму. Баішся гэтага?

- Зразумела, што рызыка існуе заўсёды. Але я не баюся. Ёсць самакантроль, і калі да справы падыходзіць з розумам, то можна пазбегнуць перагібаў. Ніхто не застрахаваны ад траўмаў, хвароб. Сказаць, што гэты спорт вельмі траўманебяспечны, я не магу. Футбалісты ламаюць ногі, валейбалісты — рукі, нехта ездзіць на санках і разбіваецца. Таксама і тут: калі перастарацца — атрымаеш негатыўны вопыт. Але ў нашым спорце многа доўгажыхароў, ёсць людзі ва ўзросце 60–70 гадоў, якія ўдзельнічаюць у катэгорыі ветэранаў, яны выглядаюць як 40-гадовыя. Я дакладна ведаю, што хачу да старасці дажыць у зале.

- Ты зараз спрабуеш сябе ў якасці мадэлі. Падабаецца?

- Дапамагаю сябрам, знаёмым, якія нешта спрабуюць рэкламаваць. Пакуль гэта хобі, яшчэ адна са сфер, дзе я магу выкарыстаць сваё цела.

- Што параіў бы пачаткоўцам, якія хочуць займацца бодзібілдынгам? З чаго варта пачаць трэніроўкі?

- Я параіў бы не пачынаць адразу з бодзібілдзінгу. Дзеля гэтага трэба быць сталым чалавекам. Раіць некаму прыйсці займацца ў залу ў 10 гадоў — нонсэнс. Я б свайму сыну не пажадаў такога лёсу. Мой сын займаецца пяцібор’ем, думаю, што гэта самы адаптаваны для развіцця дзяцей спорт. Ён уключае стральбу, фехтаванне, бег, плаванне, конны спорт і акрамя сілавых якасцей развівае мысленне, каардынацыю. Бацькам параіў бы слухаць сваіх дзяцей, бо нельга аддаваць малога на маляванне, калі ён хоча гуляць у футбол. Мая дачка, напрыклад, не спартсмен увогуле, яна любіць маляваць і збіраецца ў мастацкую школу. Нехта схільны да спорту, нехта — да мастацтва, а нехта, магчыма, будзе добрым кухарам...

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

85 0 52

Літаратурны крытык
Глядзіце таксама
Наверх