15 Лютага
15.02.2019

Трагедыя ў Стоўбцах. Як жыць у небяспечным свеце? (+відэа)

logo
SOS
59 061
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наш свет небяспечны. Тэарэтычна мы разумеем гэта, ды і зводкі крымінальных навінаў усумніцца ў дадзенай акалічнасці не даюць. Але ўсё ж некаторыя рэчы да гэтага часу за мяжой свядомасці. Мы ніяк не чакаем, што ў гандлёвы цэнтр уварвецца апантаны з бензапілой, што ў школе, якую мы прывыклі лічыць адным з самых бяспечных месцаў, могуць пакалечыць і нават забіць дзіця, настаўніка... Гэта магло здарыцца ў танным фільме жахаў, у кнізе, недзе там далёка. Але не ў нас. Толькі не на нашых спакойных беларускіх вуліцах, не з нашымі людзьмі. Пра тое, што адбылося ў гэты панядзелак у Стоўбцах, немагчыма маўчаць. І ў той жа час любых слоў мала, каб апісаць трагедыю. Сухія дадзеныя: вучань 10 класа СШ № 2 забіў нажом настаўніцу і адзінаццацікласніка, параніў яшчэ двух аднакласнікаў... За кожным словам – зламаныя чалавечыя жыцці. Страх, бездапаможнасць, гнеў, віна. Любая крызісная сітуацыя актывуе гэтыя пачуцці. А калі справа тычыцца бяспекі, яны асабліва вострыя.

Узровень трывогі цяпер зашкальвае. Бо настаўнікам па-ранейшаму трэба хадзіць на працу, бацькам адводзіць дзяцей у школу, дзецям ісці ў клас да аднакласнікаў. Пасля страшнага інцыдэнту на нашым сайце для падлеткаў Teenage.by у разы павялічыліся запыты па тэме «крыўдзяць у школе». Нам усім стала страшна, што звычайныя школьныя бойкі могуць перарасці ў панажоўшчыну і забойствы.

Хтосьці вінаваціць сістэму бяспекі ў школах, іншыя кажуць пра наркотыкі, трэція аб усёдазволенасці сучасных падлеткаў, а таксама аб іх закінутасці. Бацькі часцяком занадта занятыя, каб паўнавартасна мець стасункі з дзецьмі і ўнікаць у іх жыццё. Каментуючы сітуацыю, вядомы псіхіятр-крыміналіст з Расіі Міхаіл Вінаградаў успамінае і пра тое, што камп'ютарныя гульні і жорсткія фільмы прывялі да таго, што ў падлеткаў губляецца разуменне каштоўнасці жыцця. Яны не ўсведамляюць незваротнасць сваіх дзеянняў. І нават сур'ёзна чакаюць, што ўсё, як у «стралялках»: забітага можна ажывіць. Але ў жыцці так не адбываецца...

Хто вінаваты і што рабіць? Ці можна спрагназаваць і прадухіліць падобную сітуацыю? У СМІ на розныя лады інтэрпрэтуюць тое, што адбылося. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі звярнулася па каментары да псіхолагаў.

 
Канстанцін Пятроў
Псіхолаг рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансэра, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута
Першае, пра што можна задумацца, – псіхічны стан хлопца. Лічыцца, што прыкладна 1% людзей у грамадстве нестабільныя, маюць псіхічныя адхіленні. У нашай культуры псіхічныя расстройствы стыгматызуюцца, нярэдка замоўчваюцца. Нават думка пра тое, што блізкі чалавек можа быць псіхічна нездаровым, палохае. Таму бывае так, што нам прасцей успрымаць родзіча як чалавека са сваімі прусакамі, чым прызнаць, што ёсць праблема. Але ж без лячэння яна ўзмацняецца. На мой погляд, як бы ў школах ні спрабавалі заклікаць да адказу настаўнікаў, гэта бескарысна. Так, вядома, педагогі маюць на дзяцей велізарны ўплыў. Але першапачаткова трэба звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў сем'ях. Адказнасць за дзяцей нясуць у першую чаргу бацькі. Вельмі важна, каб паміж членамі сям'і быў кантакт. Тады не такія разбуральныя наступствы школьных праблем і няўдач. На мой погляд, нестабільныя людзі ў грамадстве заўсёды былі. Цалкам пракантраляваць псіхіку нельга. Так, ёсць тэсты, што выяўляюць схільнасць да самагубства ці трывожны стан, але нават класікі псіхатэрапіі кажуць, што мы спрабуем вымераць тое, што палічыць немагчыма. Таму так ці інакш нам давядзецца сутыкацца з трывогай, напружаннем, страхамі, бяссіллем з нагоды таго, што пракантраляваць усё мы не можам.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Каментароў на форумах з нагоды трагедыі ў Стоўбцах шмат. Ажно да таго, што людзі пішуць пра жаданне расстраляць вінаватага і нават яго бацькоў. Агрэсіўныя пасылы кажуць пра тое, што людзі напалоханыя, занепакоеныя. Але справа не толькі ў самым хлопчыку, а ў сітуацыі, якая да гэтага прывяла. Усюды падкрэсліваюць, што ён быў прыкладным, ціхім, не злаваўся, не лаяўся. І таму для многіх сталася велізарным здзіўленнем, што ён мог так паступіць. Для мяне як для псіхолага гэта бачыцца інакш. 10 клас, падлетак, гармоны бушуюць. Пераходны перыяд. Пра які спакой можа ісці размова? У грамадстве прынятая пазіцыя, што злавацца і праяўляць агрэсію дрэнна («злуюцца дрэнныя людзі»). Але гэта нармальная рэакцыя, калі патрэбы не задавальняюцца ці калі чагосьці не хочаш. Прыглушаная агрэсія не знікае нікуды, яна застаецца ўнутры. І калі ў дзіцяці няма магчымасці пазлавацца ні дома, ні ў школе, ні выплюхнуць эмоцыі ў спорт, дык «кацялочак» напаўняецца і ў выніку адбываецца выбух. А калі да гэтага яшчэ і прыкладаецца знаёмства з псіхатропамі... Мой вопыт паказвае, што ўжыванне псіхаактыўных рэчываў сярод школьнікаў – сітуацыя, якая часта сустракаецца. Аднак чалавеку, які не сутыкаецца з гэтым у паўсядзённым жыцці, цяжка выявіць, што падлетак знаходзіцца пад уздзеяннем прэпаратаў. З характэрных прыкмет можна заўважыць палярнасці ў паводзінах (сёння пануры, заўтра – душа кампаніі), пастаянную хлусню і складанне гісторый, чырвоныя вочы (траўка), пашыраныя (псіхастымулятар) або звужаныя (апіоідныя наркотыкі) зрэнкі.

Як перажыць цяжкую крызісную сітуацыю?

Па рэкамендацыях экспертаў Цэнтра крызіснай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя.М.Танка важна:

  • не адмаўляць рэальнасць, прыняць яе, паколькі змяніць тое, што адбылося, немагчыма;
  • выяўляць эмоцыі і даваць магчымасць абмяркоўваць іх разам з вамі блізкім, сябрам, калегам;
  • не адмаўляцца ад фізічнай і эмацыянальнай падтрымкі іншых. Яна палегчыць ваш стан. Абмяркоўваць гэтую падзею з тым, хто мае падобны вопыт;
  • не пазбягаць казаць пра тое, што здарылася;
  • не чакаць, што ўспаміны сыдуць самі па сабе. Пачуцці застануцца з вамі і будуць наведваць вас на працягу доўгага часу;
  • захоўваць нармальны распарадак вашага жыцця, наколькі гэта магчыма;
  • дазваляць дзецям казаць вам і іншым пра свае эмоцыі і выяўляць сябе ў гульнях і малюнках;
  • захоўваць у дзяцей распарадак жыцця, вучобы.

Калі абавязкова трэба звярнуцца да спецыялістаў?

  1. Калі вы адчуваеце, што не можаце справіцца са сваімі пачуццямі самастойна.
  2. Калі праз месяц вы працягваеце адчуваць здранцвенне, пустату ці іншыя падобныя пачуцці, падтрымліваеце актыўнасць толькі дзеля таго, каб не адчуваць і не ўзгадваць пра падзеі.
  3. Калі працягваюцца начныя кашмары і бяссонніца.
  4. Калі вам няма з кім абмеркаваць свае пачуцці.
  5. Калі вам здаецца, што ўзаемаадносіны ў сям'і пагоршыліся або ўзніклі сэксуальныя праблемы.
  6. Калі вы аказваецеся схільнымі да няшчасных выпадкаў.
  7. Калі вы працягваеце адчуваць і паводзіць сябе так, як адразу пасля падзеі.
  8. Калі пакутуе ваша праца і вы горш спраўляецеся са сваімі абавязкамі.
  9. Калі вы ўвесь час адчуваеце ператамленне.

Трагедыя, якая здарылася ў Стоўбцах, магла адбыцца ў любым населеным пункце. Справа не ў месцы. Гэта боль для ўсіх жыхароў вялікага дома – нашай краіны. Крытэрый сталасці ў цяжкія часы – згуртавацца і падтрымліваць адзін аднаго. Самае важнае, што можа зрабіць кожны з нас цяпер, – праявіць сапраўдны жывы інтарэс да жыцця сваіх дарагіх і блізкіх людзей, абняць сваіх дзяцей і набрацца мужнасці жыць у нашым не заўсёды бяспечным, недасканалым свеце як мага больш поўным і сапраўдным жыццём.

Відэа – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

59 0 61

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх