21 Сакавіка
21.03.2019

Дарсанваль – не масаж. 5 пытанняў урачу аб папулярнай працэдуры

logo
Тэхагляд арганізма
7 0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адной з самых эфектыўных фізіятэрапеўтычных працэдур – дарсанвалізацыі – амаль 130 гадоў. Нягледзячы на тое, што яна распрацоўвалася і ўпершыню была ўжытая ў лячэбных мэтах, апошнія некалькі дзясяткаў гадоў яе эфект асабліва запатрабаваны ў індустрыі эстэтычнай касметалогіі. А ў продажы з'явіліся апараты, адаптаваныя да ўжывання ў хатніх умовах. Але чым папулярней робіцца працэдура, тым больш вакол яе памылак і здагадак. Напрыклад, цяпер нярэдка можна сустрэць прапановы «масажу з дапамогай апарата Дарсанваль». «Але дарсанвалізацыя – не масаж і быць ім не можа!» – абсалютна безапеляцыйна заяўляе ўрач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Вольга Вельгіна. Мы задалі эксперту 5 галоўных пытанняў аб працэдуры і даведаліся ўсю праўду.

1. Што такое дарсанвалізацыя?

Дарсанвалізацыя – гэта метад электралячэння, пры якім на асобныя ўчасткі цела аказваецца ўздзеянне высокачастотным пераменным імпульсным токам высокага напружання і малой сілы. Метад носіць імя свайго «аўтара» – французскага фізіка і фізіёлага Жака Арсена Д'Арсанваля.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Уздзеянне пераменным імпульсным токам спрыяльна адбіваецца на крывяносных сасудах: надае тонус венам, расслабляе артэрыі. Як вынік: сыходзяць застойныя з'явы, паляпшаецца кровазварот, адпаведна і сілкаванне органаў ды тканак. Акрамя гэтага, дарсанвалізацыя аказвае бактэрыцыдны, болесуцішальны, антыспастычны (здымае спазм сасудаў), супрацьзапаленчы і трофіка-рэгенератарны эфекты.

Адчуванні, якія можа зведваць чалавек пры працэдуры дарсанвалізацыі, падобныя да паколвання. У залежнасці ад абранага метаду паколванне можа быць мяккім, ледзь улоўным, альбо больш інтэнсіўным, чымсьці нагадваючы апёк крапівой. У некаторых выпадках пасля сеансу дарсанвалізацыі скура можа трохі пачырванець.

2. Як праходзіць працэдура?

Праз спецыяльны вакуумны шкляны электрод падаецца высокачастотны імпульсны пераменны ток. Паветра ў электродзе іянізуецца. За кошт таго, што шкло – дыэлектрык, а цела праводзіць ток, ствараецца рознасць патэнцыялаў. У выніку адбываецца разрад (ці, як кажуць урачы, «прабой», які візуальна падобны да мініяцюрнай маланкі). У залежнасці ад таго, на якую частку цела або поласць будзе аказвацца ўздзеянне электрычнага току, выкарыстоўваюць розныя насадкі-электроды.

Дарсонваль

Існуе некалькі методык дарсанвалізацыі:

  • кантактная альбо дыстантная. Электрод ушчыльную датыкаецца да скуры, адбываецца так званы «ціхі разрад». Альбо электрод утрымліваюць на адлегласці ад некалькіх міліметраў да 1 сантыметра над паверхняй скуры. Чым большы паветраны зазор, тым мацнейшы разрад;
  • лабільная альбо стабільная. Электродам праводзяць па паверхні (або над ёй) таго ўчастка цела, на які аказваецца ўздзеянне токам. Ці электрод фіксуецца на адным месцы такім чынам, каб прадухіліць яго перамяшчэнне. Стабільная методыка выкарыстоўваецца, як правіла, для сеансаў дарсанвалізацыі ў розных поласцях чалавечага цела: у роце, носе, вуху, похве, анальнай адтуліне.
 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
У залежнасці ад таго, з якой мэтай і пры якім захворванні (стане) прызначаецца курс сеансаў дарсанвалізацыі, праводзяць ад 5 да 10 працэдур працягласцю ад 5 да 15 хвілін максімум. Як правіла, паўторны курс рэкамендаваны праз 6 месяцаў.

Атрыманне працэдур з дапамогай апарата Дарсанваль патрабуе захавання пэўных правілаў паводзінаў і тэхнікі бяспекі:

  • неабходна прыняць зручнае становішча, якое не давала б адчуванне дыскамфорту падчас працэдуры: лепш, калі гэта будзе становішча седзячы з апорай для спіны або лежачы;
  • перад сеансам абавязкова зняць усе металічныя ўпрыгажэнні: завушніцы, ланцужкі, бранзалеты, гадзіннікі, заколкі, каб пазбегнуць разраду току;
  • пры кантактнай методыцы нельга дапускаць паветранага зазору паміж паверхняй цела і электродам, каб не справакаваць непатрэбны разрад;

Дарсонваль

  • вельмі непажадана карыстацца гаджэтамі і электроннай тэхнікай (мабільнымі тэлефонамі, планшэтамі, плэерамі, электроннымі гадзіннікамі). Існуе верагоднасць выхаду іх са строю;
  • варта пазбягаць дакрананняў да цела падчас працэдуры (за выключэннем электрода) і дакрананняў да металічных прадметаў. Такія неасцярожныя рухі могуць прывесці да непажаданага разраду току;
  • паколькі электроды выраблены са шкла, яны патрабуюць беражлівых адносінаў, асабліва пры сеансах дарсанвалізацыі ў поласцях.

3. Пры якіх хваробах і станах дарсанвалізацыя эфектыўная?

Дарсанвалізацыя ўжываецца пры самым шырокім спектры захворванняў і паталогій:

  • сардэчна-сасудзістай сістэмы: артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, тромбафлебіт, варыкознае пашырэнне вен канечнасцяў і г.д.;
  • органаў дыхання і слыху: рыніты рознай прыроды, танзіліт, бранхіяльная астма, гаймарыт, атыт і інш.;
  • страўнікава-кішачнага тракту: гастрыт, кішэчная дыстанія;
  • нервовай сістэмы: неўралгія, астэахандроз, галаўныя болі, галавакружэнні, радыкулапатыя, энурэз;
  • пры дэрматалагічных захворваннях: вугравы сып, экзэма, акнэ, атапічны дэрматыт, алапецыя, себарэя і г.д.;
  • пры хірургічных хваробах: раны, адмаражэнні, трафічныя язвы, гемарой і інш.;
  • у стаматалогіі: стаматыт, парадантоз, гінгівіт.
 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Акрамя лячэбнага, дарсанвалізацыя дае і выдатны касметычны эфект: паляпшае стан, тургор (тонус) скуры, яе знешні выгляд, эластычнасць. За кошт таго, што токі спрыяльна адбіваюцца на стане сасудаў, актывізуючы мікрацыркуляцыю крыві, сеансы дарсанвалізацыі дапамагаюць пазбавіцца ад дробных маршчын, палепшыць колер твару, «падцягнуць» контур, спрыяюць гаенню дробных высыпанняў і вугроў. Уздзеянне токам паказвае добры вынік у барацьбе з цэлюлітам, а таксама як прафілактычная мера супраць выпадзення валасоў і перхаці.

4. У якіх выпадках дарсанвалізацыя супрацьпаказаная?

Дзякуючы шырокаму спектру паказанняў да прызначэння, дарсанвалізацыя прызнана адной з самых эфектыўных фізіятэрапеўтычных працэдур. Аднак гэта не пазбавіла яе ад спісу захворванняў і станаў, пры якіх уздзеянне токам проціпаказанае або строга абмежаванае. Так, дарсанвалізацыю не прызначаюць:

  • пры любым інфекцыйным захворванні ў вострым перыядзе або пры абвастрэнні хранічнага, асабліва калі яно суправаджаецца ўздымам тэмпературы;
  • пры крывацёках альбо схільнасці да іх, паколькі ўздзеянне токам можа ўзмацніць працэс;
  • на вобласць жывата і паясніцы пры цяжарнасці;
  • пры наяўнасці пухлінаў любога роду (злаякасных і дабраякасных) з-за высокай рызыкі росту новаўтварэнняў;
  • пры цяжкіх сардэчна-сасудзістых паталогіях (напрыклад, людзям з мігальнай арытміяй);
  • пры эпілепсіі;
  • пры індывідуальнай непераноснасці лячэння токам;
  • пры наяўнасці кардыёстымулятара, а таксама металічных пратэзаў або імплантатаў.
 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Дарсанвалізацыя як фізіяпрацэдура – гэта тая ж «таблетка». Таму відавочна, што дазволіць і абгрунтаваць яе прымяненне павінен усё ж такі ўрач. Прычым нават у тым выпадку, калі гаворка ідзе не пра лячэнне, а пра касметычную працэдуру. Таксама важна, каб праводзіла працэдуру медыцынская сястра, якая не толькі мае навыкі працы з апаратам, але і разумее, якія працэсы адбываюцца ў арганізме пад уздзеяннем току і які можа быць эфект. Я вам скажу, што пры няправільным правядзенні працэдуры справа можа скончыцца нават апёкам ад электрычнага току.

5. Якія асаблівасці дарсанвалізацыі ў хатніх умовах?

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Яны такія ж, як і для атрымання працэдуры ва ўмовах медыцынскага стацыянара альбо ў кабінетах эстэтычнай касметалогіі: перш за ўсё неабходная кансультацыя ўрача-фізіятэрапеўта, які дакажа неабходнасць дарсанвалізацыі з улікам індывідуальных асаблівасцяў і стану здароўя чалавека, вызначыць перыядычнасць і працягласць сеансаў.

Трэба ўлічыць, папярэджвае Вольга Вельгіна, што падчас выкарыстання бытавых апаратаў разлічваць на эфект, які можна атрымаць у медыцынскіх установах, асабліва не варта. У першую чаргу з-за розніцы магутнасцяў прыбораў.

Дарсонваль

Сіла току ў апаратах для хатняга карыстання ў разы ніжэйшая, чым у тых, якія выкарыстоўваюцца ў аддзяленнях фізіятэрапіі. Шматлікія аматары хатняга аздараўлення гэтага не ўлічваюць і дапускаюць сур'ёзную памылку, спрабуючы кампенсаваць якасць працэдур іх колькасцю.

 
Вольга Вельгіна
Урач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска
Любая фізіятэрапеўтычная працэдура мае эфект акумуляцыі, назапашвання, дарсанвалізацыя ў тым ліку. Тут важная сістэма і паслядоўнасць: курс працэдур і перапынак, каб арганізм мог з карысцю рэалізаваць атрыманы назапашаны эфект. Толькі пасля гэтага ён зноў будзе гатовы да чарговага ўздзеяння. Умоўна кажучы, валасы не пачнуць расці, як на дражджах, калі расчэсвацца дома электродам-грабеньчыкам з раніцы да вечара кожны дзень. А вось «начосаны» галаўны боль можа з'явіцца ўжо зусім хутка.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Фота – Віталь Гіль.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

7 0 44

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх