30 Красавіка

Дыхаць на поўныя грудзі. Галоўнае ў бранхіяльнай астме – яе абарачальнасць

Жыццё з анкалогіяй
135 0 237
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На працягу вось ужо 20 гадоў пачатак мая ва ўсім свеце адзначаны не толькі святам вясны, міру і салідарнасці працоўных. Кожны першы аўторак месяца – гэта яшчэ і міжнародны дзень барацьбы з бранхіяльнай астмай, ад якой у свеце пакутуюць больш за 350 мільёнаў людзей. Да гэтага часу само слова «астма» для большасці абывацеляў напоўнена страхам і асуджанасцю.

Між тым, апошнія 12 гадоў у корані змянілі ўяўленне аб бранхіяльнай астме, дзякуючы дасканаламу вывучэнню прыроды захворвання і, як следства, з'яўленню сучасных метадаў тэрапіі. Хваробу можна кантраляваць! Галоўнае ў астме – яе абарачальнасць. Пры своечасовым і адэкватным лячэнні цалкам рэальна дамагчыся адсутнасці сімптомаў захворвання, а значыць, высокай якасці жыцця.

Пра тое, што ляжыць у аснове бранхіяльнай астмы, якія прыкметы паказваюць на яе развіццё, як не прапусціць аптымальны час, каб спыніць хваробу, журналіст інфармацыйнага партала 24health.by даведалася ў загадчыка алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўнага пазаштатнага дзіцячага алерголага Міністэрства аховы здароўя, к.м.н. Дзмітрыя Бузы.

Фактары астмы

Бранхіяльная астма – гэта хранічнае запаленчае генетычна абумоўленае захворванне, пры якім арганізм адказвае на ўздзеянне раздражняльных фактараў спазмам бронхаў.

Гэта хвароба са шматвяковай гісторыяй. На працягу доўгага часу яна трывала асацыявалася з непрадказальнымі і зацяжнымі прыступамі ўдушша, якія прыводзяць у крайніх выпадках да фатальнага зыходу. Але нават пры менш цяжкім цячэнні праявы хваробы ў выглядзе дыхавіцы, адчування цяжару ў грудзях, хрыпаў і свісту пры дыханні, стамляльнага кашлю пакідалі хвораму мала шанцаў на паўнавартаснае і якаснае жыццё. Чаму так адбываецца?

Вобразна кажучы, бронхі – гэта дварэцкія ля параднага ўваходу. Яны з'яўляюцца апошнім правадніком у лёгкія вычышчанага і сагрэтага паветра, якое мы ўдыхаем. У выпадку бранхіяльнай астмы «дварэцкiя» залішне падазроныя і гіперактыўныя: пры мінімальным раздражненні «дзверы» вокамгненна зачыняюцца. Адсюль абцяжаранае дыханне, дыхавіца, хрыпы і свіст пры дыханні, рэфлекторны кашаль.

Фактары, якія спрыяюць развіццю і/або абвастрэнню астмы, дзеляцца на некалькі груп:

  1. Алергены памяшканняў:
  • хатні пыл, у тым ліку клешч хатняга пылу;
  • поўсць жывёлаў;
  • алергены прусакоў;
  • бытавая хімія;
  • цвіль.
  1. Алергены па-за домам:
  • пылок квітнеючых раслінаў;
  • плесневыя грыбкі;
  • прафесійныя алергены.
  1. Неалергічныя прычыны:
  • вірусныя інфекцыі;
  • халоднае паветра;
  • стрэс;
  • курэнне, у тым ліку пасіўнае;
  • празмерная фізічная нагрузка.

Прыкметы навальніцы,  якая насоўваецца

У перыяд рэмісіі хвароба ніяк сябе не выдае, а сімптомы настолькі зменлівыя, што нават пры абследаванні не заўсёды магчыма сапраўды ўсталяваць дыягназ бранхіяльнай астмы. Прыкметы хваробы найбольш ярка выяўленыя ў перыяд абвастрэння (прыступу ўдушша):

  • з'яўляецца экспіраторная дыхавіца (цяжкасці пры выдыху);
  • выдыханне паветра патрабуе намаганняў, пра што сведчаць разадзьмутыя крылы носа;
  • гаворка перарывістая;
  • у наяўнасці ўзбуджэнне, якое мяжуе з панікай;
  • становішча артапноэ (чалавек спрабуе знайсці становішча, якое дапамагло б яму дыхаць на поўныя грудзі: як правіла, седзячы, абапіраючыся на рукі);
  • пачынаецца пастаянны або перарывісты кашаль.

Акрамя таго, ёсць і іншыя прыкметы, якія паказваюць на цяжар абвастрэння: цыяноз (сінюшнасць твару і канечнасцяў, што сведчыць пра недахоп кіслароду), дрымотнасць, тахікардыя, уздуцце грудной клеткі, немагчымасць вымавіць слова.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Дыягназ «бранхіяльная астма» пэўна ўстанаўліваецца на падставе аналізу пералічаных сімптомаў (частаты, перыядычнасці, працягласці і цяжкасці іх праяў). А таксама па выніках даследавання функцыі вонкавага дыхання з дапамогай спецыяльнага прыбора (спіраметра) і алергаабследавання: аналізу крыві на IgE-антыцелы, скарыфікацыйных пробаў («драпін») і некаторых іншых метадаў. Манітарыраванне астмы з дапамогай пікфлауметра (прыбора для вызначэння хуткасці выдыху паветра) дазваляе ацаніць цяжар цячэння захворвання, яго абарачальнасць, а таксама прагназаваць перыяды абвастрэння і/або эфектыўнасць лячэння, якое праводзіцца. Алергаабследаванне неабходна для таго, каб пэўна вызначыць трыгеры хваробы (правакацыйныя фактары) і па магчымасці максімальна абмежаваць кантакт з імі ці наогул яго выключыць.

Лячэнне астмы

Для бранхіяльнай астмы прымяняюцца дзве катэгорыі лекавых прэпаратаў: для неадкладнай дапамогі і купіравання вострых прыступаў удушша (яны эфектыўна здымаюць праявы хваробы, але не лечаць яе саму) і планавая базісная тэрапія (лечаць захворванне, перашкаджаюць з'яўленню прыступаў, але бескарысныя ў момант абвастрэння).

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Паколькі ў аснове бранхіяльнай астмы ляжыць асаблівае хранічнае запаленне дыхальных шляхоў, якое захоўваецца нават на фоне ўяўнага фізічнага дабрабыту, ва ўсіх выпадках хваробы, акрамя хіба што самых лёгкіх, базісная супрацьзапаленчая тэрапія – абавязковая ўмова. Зараз пры лячэнні астмы ўжываецца так званы прыступкавы падыход. Вынікі шматлікіх даследаванняў паказваюць, што аптымальнай тактыкай лячэння з'яўляецца прызначэнне спачатку больш актыўнай тэрапіі і памяншэнне яе пры неабходнасці па прынцыпе «прыступка ўніз», але не наадварот. Дасягненне кантролю над астмай з дапамогай найменшай колькасці прэпаратаў – гэта і ёсць мэта лячэння захворвання. Аднак, схему тэрапіі, дазіроўку і перыядычнасць выкарыстання лекавых прэпаратаў прызначае толькі кваліфікаваны алерголаг з улікам індывідуальных асаблівасцяў цячэння хваробы ў канкрэтнага чалавека.

Таксама варта памятаць, што лячэнне бранхіяльнай астмы не абмяжоўваецца толькі прыёмам лекавых сродкаў. Абсалютны кантроль над хваробай магчымы толькі пры комплексным падыходзе, з выкарыстаннем, у тым ліку, немедыкаментозных метадаў. Іншымі словамі, важна стварыць вакол сябе такія ўмовы, якія звялі б да мінімуму рызыку развіцця і/або абвастрэння хваробы.

Тэрыторыя, свабодная ад астмы. 15 правілаў бяспекі

Дзмітрый Буза раіць прытрымлівацца 15 правілаў арганізацыі гіпаалергеннага побыту. Гэтыя правілы былі распрацаваны ў рамках міжнароднай Глабальнай стратэгіі лячэння і прафілактыкі бранхіяльнай астмы (GINA) і даказалі сваю высокую эфектыўнасць.

  1. Па магчымасці пазбаўцеся ад рэчаў-«пылазборнікаў»: дываноў, парцьераў, залішняга тэкстыльнага дэкору ў інтэр'еры, шкур жывёл...
  2. Штодня праводзьце вільготную ўборку кватэры. Кампрамісы ў дадзеным выпадку недарэчныя.
  3. Захоўвайце кнігі, вопратку, пасцельную бялізну ў закрытых шафах.
  4. Пры неабходнасці выкарыстоўвайце паветраачышчальнікі кругласутачна, у тым ліку у перыяд цвіцення раслін. Калі ў вас няма такога прыбора, занясіце яго ў спіс першачарговых набыткаў.
  5. Рэгулярна і старанна праветрывайце кватэру, забяспечце прыток свежага паветра нават уначы.
  6. Падумайце, ці патрэбныя вам дома пакаёвыя расліны – у зямлі ствараюцца ўмовы для размнажэння плесневых грыбкоў.
  7. Праводзьце ўборку ваннага пакоя з растворамі, якія папераджваюць рост плесневых грыбкоў, не радзей 1 разу ў месяц.
  8. Сачыце, каб дома не было плямаў сырасці на столі і сценах.
  9. Карыстайцеся пасцельнай бялізнай для матрацаў, коўдраў, падушак, вырабленай з сінтэтычных матэрыялаў, непранікальных для алергенаў. Пры гэтым неабходна раз у год мяняць старую падушку на новую.
  10. Дзіцячыя мехавыя цацкі неабходна рэгулярна пыласосіць, падвяргаць хімічнай апрацоўцы акарыцыдамі або класці на ноч у маразільнік (-20 градусаў). Як бы ні было прывязана да свайго плюшавага мядзведзя ваша дзіця, прызвычайце яго да думкі, што спаць яны павінны паасобку.
  11. Не трымайце ў доме жывёл. Даўжыня воўны або адсутнасць такой у хатняга гадаванца не маюць значэння: неалергенных жывёл не бывае.
  12. Засцеражыце сваё дзіця ад кантакту з бытавой хіміяй: пральнымі парашкамі, чысцячымі сродкамі, фарбамі і да т.п.
  13. Пазбягайце выкарыстання ў прысутнасці дзіцяці рэчываў з рэзкімі пахамі: касметыка, духі, дэзадаранты, лак для валасоў і т.п.
  14. Не паліце дома. Нават пасіўнае курэнне можа правакаваць абвастрэнне захворвання.
  15. Дзіця з устаноўленым дыягназам «бранхіяльная астма» пажадана не адпраўляць у дзіцячы сад да 5 гадоў. Але гэта не значыць, што яго трэба цалкам ізаляваць ад знешняга свету, стварыць інкубацыйныя ўмовы.

Бранхіяльная астма адносіцца да ліку захворванняў, супраць якіх не існуе цуда-таблеткі, здольнай раз і назаўсёды пазбавіць чалавека ад хваробы. Тым не менш, пры існуючых спосабах лячэння і правільным іх ужыванні можна забыцца пра пакутлівыя прыступы ўдушша, званкі ў «хуткую» і атрымліваць асалоду ад жыцця ва ўсёй яго паўнаце. Яскравы прыклад таму – Сафія Ратару і Дэвід Бэкхем, Ірына Слуцкая і Біл Клінтан, Шэран Стоўн і Томас Долан... Апошні, дарэчы, пакутаваў на цяжкую форму бранхіяльнай астмы задоўга да таго, як стаць двухразовым алімпійскім чэмпіёнам па плаванні.

135 0 237

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх