29 Лістапада
29.11.2018

Хто дапаможа сем'ям з цяжкахворымі родзічамі? Бальніцы сястрынскага догляду

logo
Тэхагляд арганізма
85 0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сумесны праект інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі» і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Даглядаць цяжкахворых родзічаў – справа не з простых. Неабходна цвяроза разлічыць уласныя сілы і магчымасці, каб не выгарэць самому і не нашкодзіць хвораму. Таму вельмі важна вывучыць пытанне, куды можна звярнуцца па падтрымку. Магчымасці сёння ёсць.

Вялікай падмогай для сем'яў, якія даглядаюць цяжкахворых родзічаў, з'яўляюцца бальніцы сястрынскага догляду (БСД). Тут пацыенты могуць атрымаць якасны догляд, а іх родныя – сацыяльную перадышку. Сёння ў Беларусі функцыянуе 104 такія бальніцы, з іх 91 – у сельскай мясцовасці. Усяго разгорнута 4645 ложкаў.

Хто, на якіх умовах і якую дапамогу можа атрымаць у гэтых установах, распавяла Святлана Южык, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па арганізацыі працы спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй.

Хто можа знаходзіцца ў БСД?

Бальніцы сястрынскага догляду створаны для аказання дапамогі пацыентам, якія маюць патрэбу ў староннім доглядзе, а не ў актыўным лячэнні. Гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту, якія маюць некалькі хранічных захворванняў. Дапамогу тут могуць атрымаць і маладыя людзі, калі маюць пенсію па інваліднасці. Самыя распаўсюджаныя дыягназы падапечных БСД – хранічная ішэмічная хвароба сэрца, стан пасля інсульту, розныя траўмы (напрыклад, пералом шыйкі сцягна).

Існуюць паказанні і супрацьпаказанні для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі ў БСД.

Паказанні:

  • хранічныя захворванні ў стадыі рэмісіі з бліжэйшым спрыяльным прагнозам для жыцця;
  • неабходнасць працягу лячэння пад кругласутачным назіраннем медработнікаў пасля завяршэння інтэнсіўнага лячэння ў стацыянары;
  • хранічнае псіхічнае расстройства (захворванне) у стадыі рэмісіі без парушэння сацыяльнай адаптацыі.

Супрацьпаказанні:

  1. інфекцыйныя і паразітарныя захворванні;
  • вострыя кішачныя інфекцыі, востры вірусны гепатыт – да выздараўлення і заканчэння тэрміну ізаляцыі;
  • актыўныя сухоты рознай лакалізацыі – да заканчэння тэрміну ізаляцыі;
  • мікозы, за выключэннем мікозу пазногцяў, кандыдозу скуры і пазногцяў, кандыдозу ўрагенітальных лакалізацый, кандыдознага стаматыту – да выздараўлення;
  • кароста – да выздараўлення і заканчэння тэрміну ізаляцыі;
  • сіфіліс, ганакокавая інфекцыя – да выздараўлення і заканчэння тэрміну ізаляцыі;
  • іншыя інфекцыйныя і паразітарныя захворванні, выкліканыя рознымі ўзбуджальнікамі – да выздараўлення і заканчэння тэрміну ізаляцыі;
  • вострыя і хранічныя захворванні, якія патрабуюць папярэдняга інтэнсіўнага лячэння ў стацыянарных умовах;

2. хранічнае псіхічнае расстройства (захворванне) у стадыі абвастрэння, якое патрабуе спецыялізаванай меддапамогі ў стацыянары;

3. псіхічнае расстройства (захворванне), якое суправаджаецца асацыяльнымі паводзінамі;

4. расстройства сэксуальнай перавагі.

Ці могуць знаходзіцца ў БСД людзі з дэменцыяй і хваробай Альцгеймера?

Так, калі ёсць станоўчае заключэнне псіхіятра.

Колькі каштуе знаходжанне ў БСД і якую дапамогу тут аказваюць?

80% пенсіі пацыента. Гэта пакрывае прыкладна 20-25% кошту паслуг, астатнія выдаткі датуе дзяржава. Лекавымі прэпаратамі ў межах фармулярнага спісу, памперсамі, харчаваннем забяспечвае бальніца. Аплачваць знаходжанне ў БСД могуць не толькі самі пацыенты, але і іх родныя ці знаёмыя. Галоўнае, каб памер платы не перавышаў 80% пенсіі пацыента.

У сястрынскі догляд уваходзяць:

  • усе віды ін'екцый, апрацоўка каластом, трахеястом, нефрастом, цыстастом, устаноўка і прамыванне катэтара Фалея, мочапрыёмніка, вымярэнне ўзроўню глюкозы крыві, зняцце ЭКГ;
  • дапамога ў прыёме лекаў, прызначаных урачом;
  • прафілактыка пролежняў;
  • гігіенічныя працэдуры;
  • замена памперсаў, сподняй і пасцельнай бялізны;
  • дапамога ў прыёме ежы і пітва;
  • суправаджэнне на прагулкі і працэдуры.

Таксама прадугледжаны кансультацыі псіхолага і агляд тэрапеўта не радзей аднаго разу на тыдзень.

Колькі часу можна знаходзіцца ў бальніцы?

Максімальны тэрмін знаходжання – месяц. Можна заключыць дагавор на некалькі дзён ці тыдняў, у залежнасці ад патрэб пацыента і яго сям'і. На працягу года магчымы некалькі шпіталізацый.

Ці можна падоўжыць тэрмін знаходжання?

Гэта магчыма пры наяўнасці вольных месцаў і важкіх прычын – па ўзгадненні з загадчыкам. Вельмі часта родзічы просяць падоўжыць тэрмін знаходжання, матывуючы гэта тым, што дома няма каму ажыццяўляць догляд хворага. Але важна разумець, што ў паслугах БСД маюць патрэбу вельмі многія людзі, таму тут не могуць бясконца доўга пакідаць аднаго пацыента.

Ці можна забраніраваць дату шпіталізацыі?

Можна. Напрыклад, калі родзічам трэба з'ехаць летам у адпачынак, яны могуць загадзя забраніраваць для свайго блізкага тэрмін знаходжання ў БСД на гэты перыяд.

Ці могуць родныя пацыента атрымаць у БСД базавыя навыкі догляду?

Калі родныя цікавяцца, супрацоўнікі БСД могуць паказаць і навучыць іх навыкам догляду: напрыклад, як мяняць памперсы, як не дапусціць утварэння пролежняў, як карыстацца рознымі дапаможнымі сродкамі: зондамі, катэтарамі і г.д.

Памятка

Што рабіць перад шпіталізацыяй?

Калі чалавек знаходзіцца дома, ён або яго родзічы павінны патэлефанаваць у БСД і ўзгадніць дату шпіталізацыі. За 7-10 дзён да шпіталізацыі трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства для афармлення накірунку. У накірунку павінны быць паказаны вынікі апошніх аналізаў і абследаванняў, заключэнне УКК з псіхіятрычнага дыспансэра аб магчымасці знаходжання ў БСД. Абавязкова трэба ўзяць даведку з раённага ўпраўлення сацыяльнай абароны аб памеры пенсіі за апошні месяц для разліку кошту знаходжання. Гэтыя дакументы і пашпарт падапечнага трэба прынесці ў БСД загадзя.

Калі чалавек знаходзіцца ў стацыянары, то накірунак у БСД афармляе ўрач, які яго лечыць. У накірунку павінен быць паказаны агляд псіхатэрапеўта з рэкамендацыямі. Родзічы за некалькі дзён да шпіталізацыі павінны занесці ў БСД даведку аб памеры пенсіі пацыента.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

85 0 37

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх