29 Красавіка
29.04.2017

Карысць і шкода папулярных спецый

logo
Выбірай прадукты
184 0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мала каму прыходзіла да галавы, што ў дробцы прыправаў, закліканых з банальнай яечні зрабіць шэдэўр кулінарнага мастацтва, тояцца карысць і шкода для здароўя чалавека. Адна і тая ж прыправа можа дадаць сіл, уздняць настрой, а можа давесці да... бальніцы. Мы раскажам вам усю праўду аб чатырох самых папулярных вострых прыправах. Шмат гадоў запар яны ўваходзяць у сусветны ТОП-10 самых любімых і найбольш папулярных спецый. Іх уласцівасці ў роўнай ступені здольныя як умацаваць здароўе, так і падарваць яго. Такім чынам, усё, што вы хацелі ведаць пра спецыі, але не здагадваліся спытаць.

Лаўровы ліст

Да таго, як стаць улюбёнай і незаменнай прыправай хатніх гаспадыняў, ён набыў папулярнасць як сродак для лячэння цэлага шэрагу хвароб. Гаючыя ўласцівасці «лаўрушкі» асабліва ярка праявіліся пры лячэнні прастудных захворванняў, розных паражэнняў скуры і слізістых (ячмень, пролежні, грыбковыя захворванні, стаматыт), хваробаў печані і страўнікава-кішачнага тракту. Дагэтуль у народнай медыцыне папулярныя адвары, настоі, кампрэсы, прымочкі, інгаляцыі на аснове лаўровага ліста. Такому шырокаму прымяненню вострая прыправа абавязана ў першую чаргу сваім складам, багатым на вітаміны А, РР, С, групы В, каліем, жалезам, селенам, цынкам, меддзю. Дзякуючы мяккаму ўздзеянню на страўнік, лаўровы ліст — адна з нямногіх вострых траў, што падыходзіць для асоб з гастрытам, язвай страўніка і 12-перснай кішкі.

Проціпаказанні. У цуда-ліста ёсць якасці, якія замест чаканай карысці могуць нанесці шкоду. Напрыклад, з-за здольнасці ўплываць на згусальнасць крыві ад выкарыстання лаўрушкі варта ўстрымацца цяжарным жанчынам і маці ў час кармлення грудзьмі, людзям, схільным да крывацёкаў, а таксама тым, хто пакутуе на захворванні сэрца, печані. Моцна канцэнтраваны адвар лаўровага ліста — той самы выпадак, калі лекі становяцца атрутай нават для здаровых людзей.

Перац

Чорны, чырвоны, белы, духмяны — лепш назапасіць гарошкам і малоць уласнаручна перад тым, як дадаць у страву. Такім чынам захоўваецца каштоўнасць прыправы, у той час як пры доўгім захоўванні молатага перцу значная частка яго ўласцівасцяў папросту знікае. А там, паверце, ёсць што губляць.

  • Па-першае, перац надае страве вастрыню (у залежнасці ад разнавіднасці больш ці менш інтэнсіўную), спрыяе страваванню, стымулюе хутчэйшае вывядзенне з арганізма таксінаў, актывізуе абменныя працэсы ў арганізме, расшчапляе тлушчы, чым у пэўнай ступені дапамагае тым, хто прагне скінуць колькі лішніх кіло.

  • Па-другое, па сваім складзе гэтая вострая прыправа можа даць фору некаторым вітамінна-мінеральным комплексам. Утрыманне ў перцы марганца, жалеза, капсаіцына (у чырвоным) і піперына (у чорным) робіць яго фактычна ўніверсальным антымікробным і імунамадэлюючым раслінным сродкам.

Супрацьпаказанні. Зноў у баку малыя, а таксама ж людзі з павышаным крывяным ціскам, хваробамі сэрца і страўнікава-кішачнага тракту. Для іх любы перац пад забаронай: прынясе болей шкоды, чым карысці. Дарэчы, і здароваму чалавеку можа не паздаровіцца, калі занядбаць здаровым сэнсам і есці перац без меры. 6 гарошын або чвэрць чайнай лыжкі — максімум, які чалавек можа сабе дазволіць за раз без шкоды для здароўя. У адваротным выпадку аматары вострых (у прамым сэнсе) адчуванняў рызыкуюць атрымаць апёк гартані.

Імбір

Мабыць, яго з пэўнасцю можна назваць царом прыпраў.

  • Па-першае, яго папулярнасць у апошні час б'е ўсе мажлівыя рэкорды. Імбір любяць за даўкі арыгінальны водар, пікантную вастрыню і ўнікальныя ўласцівасці, што аказваюць дабратворны ўплыў на здароўе і самаадчуванне. Гэтая расліна ўключае каля 400 (!) хімічных злучэнняў. У тым ліку амінакіслоты, якія арганізм чалавека не сінтэзуе ў дастатковай колькасці, і адзіны спосаб іх атрымаць — ежа.
  • Па-другое, гэта адзіная вострая прыправа, у якой ёсць свая «імянная» страва. Імбірнае печыва за кароткі тэрмін стала неад'емным атрыбутам Раства як на Захадзе, так і ў нас.
  • Па-трэцяе, гаючыя ўласцівасці імбіру зрабілі яго фактычна ўніверсальным сродкам на ўсе выпадкі жыцця. Рэгулярнае ўжыванне вострай прыправы ў ежу паляпшае кровазабеспячэнне і тым самым паскарае метабалізм, спрыяе спальванню тлушчаў. Стравы, прыгатаваныя з дадаткам імбіру, лепш засвойваюцца.

Імбір валодае супрацьзапаленчымі і болесуцішальнымі ўласцівасцямі, яго ўжыванне для прафілактыкі і лячэння прастудных захворванняў, ангіны, бранхітаў, пры мышачных і сустаўных болях не толькі апраўдана, але і прыносіць адчувальную палёгку. Даказаны і процірвотны эфект імбіру пры млоснасці любога паходжання: пры таксікозе, укачванні ў транспарце, марской хваробе, пераяданні, пасля курсаў хіміятэрапіі. У цэлым, ужыванне вострай прыправы ў ежу спрыяе ўмацаванню імунітэту, зняццю нервовага напружання і нават паляпшэнню зроку.

Супрацьпаказанні. Пры відавочнай карысці імбіру, ужываць яго ў ежу можна далёка не ўсім. Ён зніжае згусальнасць крыві, а значыць проціпаказаны тым, хто мае схільнасць да крывацёкаў. Выключыць вострую прыправу з рацыёну варта людзям з хваробамі страўніка і кішэчніка, печані, сардэчна-сасудзістай сістэмы, гіпертонікам і цяжарным жанчынам. Пры лячэнні вірусных рэспіраторных інфекцый ужыванне імбіру дапушчальнае пры невысокай тэмпературы і катэгарычна проціпаказана пры высокай. Акрамя таго, ужыванне імбіру без усялякай меры можа скончыцца праявай алергічных рэакцый, ванітамі і дыярэяй.

Гваздзіка

Калі імбір — цар, то гваздзіка — царыца сярод прадуктаў па змесціве антыаксідантаў. Зялёны чай (звыклая асацыяцыя на слова «антыаксіданты», ці не праўда?), журавіны, чарніцы, якія да нядаўніх часоў прызнаваліся непераўзыдзенымі барацьбітамі з вольнымі радыкаламі, — з гваздзікай і побач не стаялі. Моц антыаксідантных уласцівасцей крыецца ў высокім утрыманні эфірных масел у пупышках гваздзікі.

Прымяненне гэтай вострай прыправы сапраўды не ведае межаў. Яе кладуць у супы і кашы, выкарыстоўваюць у выпечцы, дадаюць у чаі і ўзвары. Пры правільным ужыванні адвары і настоі на аснове гваздзікі выдатна спраўляюцца з першымі сімптомамі прастуды, ліквідуюць насмарк, здымаюць боль у горле, палягчаюць кашаль, а таксама дапамагаюць супакоіць зубны боль і спрыяюць павышэнню апетыту.

Супрацьпаказанні. Наколькі дабратворна дзейнічаюць эфірныя алеі гваздзікі на ўмоўна здаровых людзей, настолькі шкоднымі яны могуць апынуцца для дзяцей да 2-х гадоў і асоб, якія пакутуюць на гіпертанію, гастрыт і язву. Гэтую вострую прыправу з іх меню трэба выключыць цалкам. Пазбягаць гваздзікі варта людзям з павышанай кіслотнасцю страўніка, паколькі яна здольная пагоршыць стан. А таксама цяжарным жанчынам з-за рызыкі тонусу маткі.

Галоўнае, пра што варта памятаць: не трэба падманвацца наконт безумоўнай карысці прыпраў з-за іх расліннага паходжання. Каб атрымаць максімальны станоўчы эфект ад ужывання тых ці іншых спецый, іх трэба не толькі разумна выкарыстоўваць, але і правільна выбіраць, а пасля захоўваць.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

184 0 28

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх