17 Ліпеня
17.07.2019

Метэанеўроз, альбо Што рабіць, калі надвор'е ў доме – не галоўнае

logo
SOS
64 0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З тым, што ў прыроды няма дрэннага надвор'я (як спяваецца ў вядомым савецкім шлягеры), пагодзяцца нямногія. Гэта значыць, у прыроды, магчыма, яго і няма. Але вось для чалавека не ўсякае надвор'е – любата. Для некага няма нічога лепшага за прыемны сонечны дзень, калі і дыхаецца лёгка, і настрой цудоўны, і самаадчуванне такое, што горы гатовы знесці адной левай. І такіх, безумоўна, большасць. Але ёсць і тыя, каму для душэўнага і фізічнага камфорту проста неабходна зацягнутае хмарамі неба, імжа і прахалодны густы туман. Калі надвор'е «не сваё», і тыя, і іншыя літаральна не жывуць, а выжываюць: настрой на нулі, усё валіцца з рук, хандра і апатыя накрываюць з галавой. У такога стану ёсць цалкам дакладнае вызначэнне – метэанеўроз.

Што гэта такое, як жыць, калі настрой у прамым сэнсе залежыць ад надвор'я, і ці можна дапамагчы сабе «ўраўнаважыцца», журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ў галоўнага ўрача 32-й гарадской клінічнай паліклінікі, галоўнага пазаштатнага амбулаторна-паліклінічнага тэрапеўта камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірыны Свораб.

Метэанеўроз і метэазалежнасць: ці ёсць розніца?

 
Ірына Свораб
Галоўны ўрач 32-й гарадской клінічнай паліклінікі г.Мінска, галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Для пачатку трэба вызначыцца з паняццямі. Метэанеўроз вельмі часта блытаюць з метэазалежнасцю. Але гэта зусім не адно і тое ж. Уплыў надвор'я на настрой і самаадчуванне метэазалежных людзей напрамую звязаны з наяўнасцю ў іх хранічных захворванняў. Напрыклад, у чалавека з артэрыяльнай гіпертэнзіяй рэзкае змяненне клімату або скокі тэмпературы на тэрмометры могуць выклікаць павышэнне крывянага ціску; з хваробай суставаў – ламоту, фізічны боль і г.д. І тады патрабуецца медыцынская карэкцыя прызначанай ім тэрапіі. А вось людзі, якія пакутуюць ад метэанеўрозу, з пункту гледжання саматыкі цалкам здаровыя. Змена надвор'я ў першую чаргу адбіваецца на іх настроі.

У Беларусі людзей, схільных да метэанеўрозу, значна больш, чым прынята думаць. Паводле неафіцыйнай статыстыкі, ад надвор'я залежыць настрой калі не кожнага другога, дык кожнага трэцяга беларуса дакладна. Віной таму – банальны дэфіцыт сонца.

На жаль, сумны жарт пра тое, што зіма з яе пахмурным і няўтульным надвор'ем доўжыцца ў нашай краіне паўгода, мае пад сабой рэальную аснову: часам сонца можа не выходзіць з-за хмараў тыднямі! Для тых людзей, каму яно літаральна стварае настрой, гэты перыяд пакутліва невыносны.

Бо да дрэннага настрою, як пацеры на нітку, дадаюцца:

  • агульная апатыя;
  • дрымотнасць;
  • адсутнасць жадання што-небудзь рабіць (не мае нічога агульнага з лянотай); прыкметы дрэннага самаадчування: слабасць, галаўны боль, стан хваробы, які цяжка паддаецца тлумачэнню;
  • плаксівасць, раздражняльнасць;
  • значнае зніжэнне працаздольнасці.

Такі стан, няхай нават непагадзь доўжыцца ўсяго дзень, выбівае чалавека з каляіны. А што рабіць, калі некамфортныя ўмовы захоўваюцца значна даўжэй або настрой «скача» праз дзень?

Дапамажы сабе сам. Як перамагчы метэанеўроз

 
Ірына Свораб
Галоўны ўрач 32-й гарадской клінічнай паліклінікі г.Мінска, галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Метэанеўроз не з'яўляецца хваробай у класічным разуменні, адпаведна, лекаў, якія дапамаглі б з ім змагацца, не існуе. Але ёсць некалькі спосабаў зрабіць так, каб настрой і самаадчуванне не залежалі ад надвор'я за акном. Скарыстацца імі можа кожны.

Наш эксперт прапануе кіравацца наступнымі правіламі:

  1. У некамфортнае для вас надвор'е знайдзіце крыніцу станоўчых эмоцый. Калі вы любіце яснае надвор'е, абкружайце сябе «сонечным» колерам: у інтэр'еры, у гардэробе і нават... у меню. Зрабіце акцэнт на жоўтых, аранжавых колерах, зялёным (але не цёмным, а колеру маладой зеляніны). Аднак паспрабуйце не перабраць з яркасцю. У інтэр'еры лепей падыдуць цёплыя, мяккія, прыглушаныя адценні «сонца». А вось яркія акцэнты ненадакучліва ажывяць гардэроб. Таксама не забывайце песціць сябе жоўтай, аранжавай, зялёнай агароднінай і садавіной. Вы створыце вакол сябе жыццёвую прастору, якая будзе паступова ўзнімаць вам настрой нават у непагодны дзень.
  2. Надавайце асаблівую ўвагу асвятленню дома і працоўнага месца. Штучнае святло не павінна прыгнятаць. Скажыце катэгарычнае «не» цьмянаму асвятленню, выбірайце максімальна набліжанае да дзённага. Гэтае правіла справядлівае для тых, хто любіць сонца, і для тых, каму яно замінае. Асабліва ўзімку. У гэтую пару года дзённага святла аднолькава не хапае ўсім.
  3. Прымайце вітамін D. Па вялікім рахунку, яго можна назваць «штучным сонцам», якое будзе асвятляць вас знутры. Дэфіцыт гэтага вітаміну пагаршае эмацыянальную нестабільнасць і павышае рызыку дэпрэсіўных станаў.
  4. Займіцеся фізічнай актыўнасцю. Спорт, фізкультура, актыўны адпачынак, нават проста фізічная праца – выдатныя лекі супраць хандры і дрэннага настрою. Падчас фізічнай нагрузкі арганізм чалавека пачынае выпрацоўваць эндарфіны – так званыя гармоны радасці. Нездарма пасля інтэнсіўнай трэніроўкі або напружанай фізічнай працы чалавек адчувае не толькі стомленасць, але і лёгкасць у целе. Так што не спрабуйце «перачакаць» непагадзь, лежачы на канапе – толькі пагоршыце апатыю. Ды і дрэнны настрой не палепшыцца. Лепей прымусьце сябе выйсці на прабежку, схадзіце ў басейн або трэнажорную залу. На крайні выпадак падыдзе нават генеральная прыборка ў кватэры.
  5. Падманіце надвор'е. Калі вы любіце сонца, плануйце адпачынак узімку, каб з'ехаць з краіны туды, дзе ясна і сонечна. І наадварот. Аддаяце перавагу туману і пахмурнаму небу – улетку самы час перабрацца ў камфортны клімат. Калі не звяртаць увагі на акліматызацыю, гэта хаця і часовая мера, але цалкам рэальны спосаб пазбегнуць метэанеўрозу.
 
Ірына Свораб
Галоўны ўрач 32-й гарадской клінічнай паліклінікі г.Мінска, галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Метэанеўроз хаця і не хвароба, але не варта ставіцца да яго легкадумна. У некаторых выпадках стан можа пагоршыцца. Асабліва калі чалавек не робіць ніякіх намаганняў, каб палепшыць свой настрой незалежна ад надвор'я. У рэшце рэшт, нават «сваё», камфортнае надвор'е перастане прыносіць радасць і задавальненне. Апатыя, хандра, дэпрэсіўны настрой стануць звыклымі. І тады, каб выйсці з яго, чалавеку спатрэбіцца дапамога спецыяліста – псіхатэрапеўта.

Так што лепей вазьміце за правіла «рабіць» сабе настрой, а значыць, і сваё жыццё самастойна. Не чакаючы, калі на небе з'явіцца сонца або пачне накрапваць восеньскі дождж.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

64 0 39

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх