20 Мая
20.05.2019

Сядзі і глядзі. Вучоныя пра тое, як сапсаваць дзіцяці настрой, зрок і сон

logo
Плануй свядома
7 0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Усяго дзве гадзіны ў дзень, праведзеныя ля экрана тэлевізара, могуць быць прычынай дрэнных паводзінаў у дзіцяці. Больш за тое! Доўгае баўленне часу ў кампаніі з гаджэтамі ў 7 разоў павялічвае рызыку развіцця сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Альберцкага ўніверсітэта – адной з перадавых вышэйшых навучальных устаноў Канады. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў рэцэнзуемым навуковым часопісе PLOS ONE.

Пра тое, што тэлевізар дзіцяці не таварыш, вядома даўно. Вучоныя не аднойчы заяўлялі, што доўгае сядзенне ля экрана не ідзе на карысць дзіцячай псіхіцы і нясталай нервовай сістэме, псуе зрок і зніжае разумовыя здольнасці. І прыводзілі доказы.

Але праўда і тое, што змены не адбываюцца імгненна. Умоўна кажучы, ад прагляду мульцікаў у бальніцу яшчэ ніхто не трапляў. А перапады настрою, безуважлівасць або празмерную ўзбуджанасць дзіцяці бацькі часцяком звязваюць з чым заўгодна, толькі не з вольным часам ля тэлевізара.

дети и гаджет

Больш глядзіш – меней бачыш

Між тым, праблема значна вырасла ў маштабах са з'яўленнем і шырокім распаўсюджваннем тэхнічных навінак – планшэтаў, смартфонаў і г.д. Залежнасць ад гаджэтаў ужо параўноўваюць з наркаманіяй, а эксперты прадказваюць, што зусім хутка ў развітых краінах яна збярэ ахвяр больш за тых, хто пакутуе ад курэння і алкагалізму.

Што тычыцца канадскага даследавання, дык вучоныя зрабілі ўпор на гаджэтах, як адным з трыгераў развіцця сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Нагадаем, СДУГ абумоўлены слабасцю нервовай сістэмы з прычыны парушэння ў ёй метабалічных працэсаў і недастатковасці функцыянавання лобных доляў галаўнога мозгу. На думку вучоных, гэтыя дэфекты ў дзяцей дашкольнага ўзросту, апроч іншага, могуць быць справакаваныя доўгім і бескантрольным сядзеннем ля тэлевізара ці з гаджэтамі.

У даследаванні ўзялі ўдзел дзеці з 2400 канадскіх сем'яў ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. У сярэднім, яны штодня праводзілі не менш за паўтары гадзіны за праглядам мультфільмаў і дзіцячых перадач. У выніку тыя, хто гадзінамі глядзеў тэлевізар, мелі значна больш сур'ёзныя праблемы з паводзінамі, чым аднагодкі з кантрольнай групы, чый вольны час з тэхнікай быў строга рэгламентаваны.

Доктар Мандхэйн, адзін з удзельнікаў даследчай групы, прызнаўся, што асабліва негатыўны ўплыў на паводзіны адзначаны ў дашкольнікаў, якія «завісалі» з гаджэтамі больш за дзве гадзіны на дзень. Яны капрызілі, праяўлялі непаслушэнства, іх настрой хутка мяняўся і ў большай ступені характарызаваўся павышанай узбуджальнасцю, раздражняльнасцю, схільнасцю да крыкаў і істэрык. Некантралюемае і неабмежаванае карыстанне тэлевізарам, смартфонамі, планшэтамі прывяло да таго, што ў малышоў у 7 разоў часцей назіраліся сімптомы, якія дазваляюць меркаваць пра развіццё СДУГ. У цэлым, дзеці ў 5 разоў часцей выяўлялі няўважлівасць, безуважлівасць і немагчымасць канцэнтравацца на якім-небудзь занятку, не звязаным з гаджэтамі.

Не да сну

Таксама вучоныя праверылі ўплыў гаджэтаў на дзіцячы сон. Як вядома, выразны і стабільны рэжым сну і няспання з'яўляецца важнай часткай гарманічнага росту і развіцця дзіцяці.

На жаль, і тут вынікі несуцяшальныя. Амаль 65% малышоў, якія праводзілі з электроннымі «нянькамі» больш за 2 гадзіны ў дзень, спалі менш за патрэбнае ў іх узросце, адчувалі цяжкасці з засынаннем, часцей прачыналіся па начах і пакутавалі ад невядомых начных жахаў.

Гэтыя высновы толькі пацвердзілі вынікі даследаванняў, якія праводзіліся раней, у тым ліку і тых, якія паказвалі, што недахоп сну ў дзіцячым узросце згубна адбіваецца на развіцці мозгу і можа прыводзіць да праблем у будучым.

дети и гаджет

Так, вучоныя з даследчага інстытута CHEO ў Атаве выявілі, што ў дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў разумовая працаздольнасць зніжана на пяць працэнтаў у параўнанні з аднагодкамі, калі яны праводзяць больш за дзве гадзіны ў дзень, гледзячы на экран. Эксперты выказалі здагадку, што гэта можа быць звязана з тым, што гульні і відэа не стымулююць мозг гэтак жа, як, напрыклад, чытанне кніг. І ў той жа час згубна ўплываюць на працягласць і якасць сну.

Таксама вучоныя Каралеўскага каледжа педыятрыі і дзіцячага здароўя Вялікабрытаніі афіцыйна рэкамендавалі бацькам выключыць знаходжанне дзяцей ля тэлевізараў або з іншымі гаджэтамі мінімум за 2 гадзіны да начнога сну. А таксама строга кантраляваць «экранны час» на працягу дня. Эксперты робяць асаблівы акцэнт на тым, што нерацыянальнае харчаванне, гіпадынамія і пагаршэнне псіхічнага здароўя наўпрост звязаныя з празмерным захапленнем гаджэтамі. «Бацькі павінны кантраляваць і свой час, які праводзіцца ля тэлевізара ці са смартфонам у руках, калі яны хочуць уплываць на звычкі дзіцяці. Нашмат лягчэй быць аўтарытэтным, калі вы практыкуеце тое, што прапаведуеце», – заявіў доктар Макс Дэві, прадстаўнік Каралеўскага каледжа педыятрыі і дзіцячага здароўя.

Тым не менш, ёсць і добрая навіна. Канадскія даследчыкі выявілі таксама, што заняткі спортам могуць абараніць мозг дзіцяці і кампенсаваць шкоднае ўздзеянне ад залішняга часу ля тэлеэкрана. Пры адной умове: гэта не павінна быць на пастаяннай аснове. Прасцей кажучы, нельга разлічваць на тое, што гадзінная трэніроўка вырашыць усе праблемы, калі з дня ў дзень гадзінамі гуляць у смартфоне або глядзець мультфільмы.

Аптымальная колькасць часу для дашкольнікаў, які яны могуць правесці без асаблівай шкоды для здароўя ля тэлевізараў або з гаджэтамі, – да 30 хвілін у дзень, перакананыя эксперты.

Рызыка – справа невысакародная

Трэба сказаць, не ўсё ў вучонай супольнасці пагадзіліся з высновамі канадскіх калегаў. Эксперты з Вялікабрытаніі, напрыклад, пакрытыкавалі даследаванне і заявілі, што сувязь паміж колькасцю часу, праведзенага ля тэлевізара, і высокімі рызыкамі развіцця СДУГ не даказана. Напрыклад, у даследаванні няма базавых дадзеных пра паводзіны дзяцей да пачатку яго правядзення. Адпаведна, можна дапусціць, што дзеці, якія праводзілі шмат часу ля тэлевізараў або з гаджэтамі, былі першапачаткова схільныя да паводніцкіх праблем і расстройстваў. А значыць, выснова пра высокую рызыку праблемных паводзінаў і развіцця СДУГ з-за злоўжыванняў гаджэтамі адназначна не даказана і выклікае сумневы.

Пра тое, што думае на гэты конт вядучы эксперт у галіне СДУГ у Беларусі Таццяна Емяльянцава, можна прачытаць тут.

Як бы там ні было, вучоныя з Альберцкага ўніверсітэта не ставілі перад сабой мэту зрабіць на даследаванні сенсацыю. Хутчэй, гэта выдатная нагода нагадаць бацькам пра магчымую рызыку, якая ў кантэксце апісанай праблемы справа зусім не высакародная. І заклікаць да таго, каб вольны час дзяцей, асабліва малалетніх, ні ў якім разе не абмяжоўваўся рамкамі экрана тэлевізара або смартфона, а ў літаральным сэнсе выходзіў далёка за іх межы. Чым далей, тым лепей.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

 

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

7 0 46

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх