29 Кастрычніка

Інсульт. Эксперты пра фактары рызыкі і важнасць «залатой гадзіны» для яго лячэння

Трывожны сімптом
174 0 94
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у свеце інсульт пераносяць каля 15 млн чалавек. 5 млн застаюцца працаздольнымі, 5 млн паміраюць, 5 млн становяцца інвалідамі. Лічыцца, што 78% выпадкаў інфаркту мозгу ўзнікаюць пасля 65 гадоў. Максімальная ж рызыка інсульту прыпадае на ўзрост, старэйшы за 80 гадоў. Прычым калі да 80 гадоў інфаркты мозгу часцей здараюцца ў жанчын, дык пасля 80 гэтыя рызыкі ў мужчын і жанчын практычна ўраўноўваюцца.

Пра тое, чаму так важна звяртацца па дапамогу на працягу першай гадзіны пасля прыступу, якія метады выкарыстоўваюцца для лячэння сасудзістай катастрофы, распавялі:

  • вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Анацкая;
  • загадчыца неўралагічнага аддзялення № 2 Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Юлія Шабаліна.

Паводле слоў Людмілы Анацкай, інфаркты мозгу – другая прычына смяротнасці і інваліднасці сярод насельніцтва. У 2017 годзе інсульт перанеслі больш за 33 тысячы беларусаў, 14,5% выпадкаў скончыліся смерцю.

Пры інфаркце мозгу адбываецца аклюзія (закаркаванне) цэрэбральнай артэрыі тромбам. Вакол гэтага сасуда фарміруецца так званае ядро інфаркту – зона галаўнога мозгу, у якой практычна няма кровазабеспячэння. Каля яе ёсць зона паўценю, у якой таксама зніжаныя кровазабеспячэнне і метабалізм. Клеткі галаўнога мозгу яшчэ жывыя, але не функцыянуюць. Таму чым раней пачынаецца лячэнне і чым хутчэй аднаўляецца кроваток, тым большая верагоднасць аднаўлення функцыі клетак зоны паўценю, адзначыла Людміла Анацкая.

 
Людміла Анацкая
Вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі МЗ РБ
Ёсць такое паняцце, як «залатая гадзіна» ці «тэрапеўтычнае акно». Вельмі важна, каб пацыент як мага раней, на працягу першай гадзіны, звярнуўся ў клініку для таго, каб лячэнне было своечасова распачата. Зараз існуе такі метад лячэння, як трамбалізіс, заснаваны на растварэнні тромба, што закаркаваў цэрэбральны сасуд. Чым раней яго выконваюць, тым вышэйшая верагоднасць адкрыцця артэрыі. Адпаведна, чым пазней ужываецца трамбалізіс, тым меншая верагоднасць адкрыцця сасуда і тым большая рызыка развіцця ўнутрымазгавога кровазліцця.

Трамбалізіс можна выконваць толькі на працягу першых чатырох з паловай гадзін з моманту пачатку прыступу. Калі прайшло больш часу, значна вырастае верагоднасць узнікнення ўнутрымазгавой гематомы.

Моцны галаўны боль, які ўзнік раптоўна, – гэта ўжо падстава звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Такі боль можа быць прыкметай унутрымазгавога кровазліцця. Не варта ігнараваць і такія сімптомы пагаршэння самаадчування, як:

  • здранцвенне ў палове твару, тулава, у руцэ або назе;
  • парушэнне або неразуменне маўлення, немагчымасць вымавіць слова;
  • парушэнне глытання;
  • парушэнне каардынацыі рухаў;
  • слабасць у канечнасцях.
 
Людміла Анацкая
Вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па неўралогіі МЗ РБ
На жаль, сярод беларусаў ёсць такое паняцце, як паляжаць, пачакаць, а можа пройдзе. Вельмі часта нашы пацыенты, нягледзячы на моцны галаўны боль, своечасова не выклікаюць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, ляжаць дома і п'юць таблеткі, пакуль не надыходзіць кома.

З тым, што пацыенты часта самі позна звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, згодна і Юлія Шабаліна. Паводле яе слоў, колькасць тых, хто звярнуўся ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) на працягу першых чатырох з паловай гадзін, невялікая. А гэта той час, калі пацыенту можна дапамагчы эфектыўнымі метадамі па растварэнні тромба або яго механічным выдаленнем з сасуда.

 
Юлія Шабаліна
Загадчыца неўралагічнага аддзялення №2 Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Пры зменах, што адбыліся ў стане здароўя, задача людзей – не займацца самалячэннем, а выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. У крайнім выпадку – прыехаць на агляд да медыкаў самастойна. Можа здарыцца, што ў выніку праведзенага абследавання чалавеку скажуць, што ў яго няма інсульту і такі стан здароўя абумоўлены іншымі прычынамі.

У Беларусі ў кожным рэгіёне створаны міжраённыя сасудзістыя цэнтры і распрацаваная так званая дарожная карта, якая дазваляе дастаўляць пацыентаў з інсультам у лячэбную ўстанову, дзе ёсць усё неабходнае абсталяванне, на працягу 40 хвілін – адной гадзіны. Тым самым па ўсёй рэспубліцы выконваецца правіла «залатой гадзіны».

Напрыклад, у Мінску арганізаваныя тры такія цэнтры: БХМД, 5-я гарадская клінічная бальніца і Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. У кожнай вобласці рэспублікі дзейнічаюць ад 7 да 9 падобных цэнтраў.

БХМД з'яўляецца вядучай установай сталіцы па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з інсультам. Клініка працуе ў кругласутачным рэжыме, у такім жа рэжыме выконваюцца ўсе неабходныя абследаванні, якія праводзяцца экстрана і аператыўна. Акрамя гэтага, клініка на працягу некалькіх гадоў удзельнічае ў пілотным праекце, згодна з якім прывозяць пацыентаў з усяго горада з інсультам на працягу чатырох з паловай гадзін ад пачатку захворвання. Напрыклад, за 2017 год у бальніцы пралечаныя каля 2,5 тысячы чалавек з інсультамі.

На жаль, адзначыла Юлія Шабаліна, у апошні час інсульт маладзее. Напрыклад, у 2017 годзе самай малодшай пацыентцы быў 21 год.

 
Юлія Шабаліна
Загадчыца неўралагічнага аддзялення №2 Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Актыўнае прызначэнне сумежнымі спецыялістамі некаторых прэпаратаў, у прыватнасці, жаночых палавых гармонаў, прыводзіць да тромбаўтварэння, што можа справакаваць інсульт. Назіраецца таксама «амаладжэнне» ўнутрымазгавога кровазліцця – вельмі цяжкай паталогіі. Гаворка ідзе пра маладых мужчын, бо не прынята пачынаць кантраляваць артэрыяльны ціск у насельніцтва хаця б пасля 40 гадоў. На жаль, да нас часам прывозяць мужчын ва ўзросце 40-45 гадоў з ціскам 260 і ўнутрымазгавым кровазліццём.

Інсульт – цяжкая паталогія. Яна з высокай ступенню верагоднасці можа прывесці да інваліднасці, залежнасці чалавека ад іншых. Чалавек можа страціць здольнасць размаўляць, перасоўвацца, могуць з'явіцца іншыя парушэнні.

Фактараў рызыкі, што здольныя стаць прычынай развіцця інсульту, шмат. Сярод іх артэрыяльная гіпертэнзія, фібрыляцыя перадсэрдзяў, атэрасклероз буйных магістральных артэрый галавы, а таксама хваробы сэрца (перанесены інфаркт міякарда, стэноз аартальнага і мітральнага клапанаў, наяўнасць штучных клапанаў, тромб у сэрцы або ў перадсэрдзі). Трэцяя частка пацыентаў з інфарктамі мозгу маюць у анамнезе цукровы дыябет. Значна павялічваюць верагоднасць развіцця сасудзістай катастрофы курэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

174 0 94

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх