23 Верасня
23.09.2019

Мама ахрыпла, суседзі ўсё вывучылі. Як выконваць хатнія заданні без істэрыкі?

logo
Здароўе дзяцей
55 0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«8-гадовы сын не хоча вучыцца. Штораз, калі трэба садзіцца за ўрокі, істэрыць. Што рабіць? Як сябе з ім паводзіць?» Такія пытанні турбуюць чытачоў нашага партала. Рана ці позна з падобнай праблемай сутыкаюцца любыя тата ці мама. Як зрабіць так, каб дзіця не прапусціла важныя веды, і пры гэтым не ператварыцца ў цэрбера і наглядчыка, не страціць кантакт?

Аднойчы давялося пачуць такую думку ад колішняга педагога: «У мяне ствараецца ўражанне, што часам школа зацікаўленая ў тым, каб зладзіць вайну паміж бацькамі і дзецьмі. Але ж дзецям так важна атрымліваць безумоўную бацькоўскую любоў». Часцей за ўсё «бітвы» адбываюцца менавіта з нагоды выканання хатніх заданняў.

Дзіця рабіць іх адмаўляецца, а бацькі пры гэтым павінны станавіцца карнай машынай, якая толькі павучае, кантралюе і прыкрыквае. Усе памятаюць жарты пра тое, што калі сын вучыў урокі, мама ахрыпла, а суседзі ведалі ўсё на памяць? У рэальным жыцці гэта не смешна.

Важнасць ведаў у сучасным свеце аспрэчыць складана. Аднак як прывіць жаданне вучыць урокі мірна і пры гэтым заставацца падтрымліваючым дарослым для свайго дзіцяці? Пра гэта журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла Аксана Якубеня, практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў.

 
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў
Першае, што павінны зрабіць бацькі, – навучыцца захоўваць спакой, калі ў дзіцяці істэрыка. Вы дарослы, таму ваша задача супакоіць, а потым паспрабаваць высветліць прычыну падобных паводзінаў. На гэта можа спатрэбіцца час. Часта менавіта такім чынам дзеці даюць ведаць бацькам пра тое, што маюць патрэбу ў іх падтрымцы і дапамозе. Магчыма, ваша дзіця адчувае страх ацэнкі, сутыкнення з няўдачай і г.д. У гэтым выпадку трэба быць з ім побач, не ацэньваць, не параўноўваць з кімсьці (хто сам робіць урокі і паводзіць сябе добра), не патрабаваць таго, чаго ён пакуль не ў сілах зрабіць.

Што рабіць з «нехачухай»?

  • Дапамажыце дзіцяці з выкананнем урокаў, будзьце з ім побач, пры гэтым даючы права на памылку і магчымасць быць такім, які ён ёсць.
 
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў
Настаўнік і мама звярнуліся па кансультацыю наконт 7-гадовага хлопчыка. Ён псіхуе, крычыць і істэрыць на ўроку. У працэсе работы стала зразумела, што прычынай падобных паводзінаў быў страх памылкі і адрынутасці ад значнага дарослага (настаўніка, кагосьці з бацькоў).
  • Выдзяляйце час для кантакту з дзіцем без гаджэтаў і спадарожнага выканання іншых спраў. Некаторыя дзеці толькі праз істэрыку могуць задавальняць патрэбу ў тым, каб іх заўважылі, у бацькоўскай увазе, клопаце, любові, прызнанні.
 
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў
Адзін з самых распаўсюджаных прыкладаў. Бацькі 9-гадовай дзяўчынкі звярнуліся са скаргамі на тое, што дзіця дрэнна вучыцца, не хоча самастойна выконваць хатняе заданне. Штовечар дома крыкі і лаянка з-за ўрокаў. У ходзе работы з сям'ёй высветлілася, што прычына «дрэннай вучобы» ў адсутных паводзінах бацькоў. Дзяўчынка не раз на кансультацыі казала, што мама пастаянна ў тэлефоне, а тата на працы. Атрымліваецца, што для таго, каб быць заўважанай бацькамі, дзіцяці неўсвядомлена даводзілася «дрэнна вучыцца».

  • Кажыце дзіцяці, што любіце яго, нават калі ў яго нешта не атрымліваецца зрабіць з першага разу, хваліце за тое, што ён ужо ўмее рабіць. Размаўляйце не толькі пра яго жыццё ў школе, але і пра тое, што для яго насамрэч цікава.
  • Наладзьце сямейныя традыцыі ў выглядзе сумесных паходаў у выхадныя дні ўсёй сям'ёй у кіно, у заапарк, парк забаў і г.д. Гэта будзе станоўча адбівацца на ўзаемаадносінах усіх сямейнікаў.
 
Аксана Якубеня
Практыкуючы псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт, член Беларускага таварыства псіхолагаў
Нельга не браць пад увагу яшчэ некалькі важных момантаў. Тое, што адбываецца з дзіцем, можа мець дачыненне да псіхалагічнай абстаноўкі ў сям'і. Наяўнасць частых канфліктных сітуацый, сведкам якіх ён з'яўляецца, нараджэнне яшчэ аднаго малога і г.д. – гэта для вучня стрэс, які можа выяўляцца падобным чынам. Калі сітуацыю не атрымліваецца вырашыць самастойна, рэкамендую звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста.

  • Паспрабуйце зацікавіць дзіця навучальнымі прадметамі. Часам вучыцца нецікава з-за таго, што падача школьнага матэрыялу сумная або незразумелая. Магчыма, вучань адстаў ад праграмы, не разумее тэму, а можа, і зусім псіхалагічна яшчэ не гатовы быць школьнікам. У гэтым выпадку бацькам трэба набрацца цярпення і паспрабаваць распавесці пра незразумелае проста і цікава, у выглядзе гульні. У дапамогу – пазнавальныя перадачы, дзіцячыя энцыклапедыі. Лепш за ўсё выкарыстоўваць некалькі крыніц. Галоўная мэта – выклікаць цікавасць да вучобы для таго, каб у далейшым дзіця магло вучыць хатнія заданні самастойна.

У кожнай дзіцячай істэрыкі, безумоўна, ёсць шэраг прычын. Імі могуць быць як праблемы ў школе, так і псіхалагічная абстаноўка ў сям'і. Задача бацькоў – набрацца цярпення і паспрабаваць высветліць, што менавіта прымушае дзіця так сябе паводзіць. Калі справіцца з сітуацыяй самастойна не атрымліваецца, не трэба саромецца звяртацца да спецыялістаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

55 0 22

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх