3 Лістапада

Свет паглядзець, сябе паказаць. Як без праблем выехаць з малым за мяжу, а потым вярнуцца назад

Падарожнічай
98 0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Напэўна, многія з нашых чытачоў памятаюць часы свайго дзяцінства, калі выехаць за межы роднай вёскі, раёна альбо вобласці было Падзеяй, параўнальнай з вялікім кругасветным падарожжам. Сёння сучасныя дзеці бесклапотна курсіруюць з краіны ў краіну, пераадольваючы межы і акіяны нароўні з дарослымі, і не лічаць гэта чымсьці неверагодным. Адпачынак, атрыманне адукацыі, аздараўленне, экскурсійныя туры і яшчэ мноства падстаў зрабілі сучасны свет у нейкім сэнсе сапраўды бязмежным. Было б жаданне яго паглядзець і сябе паказаць.

Аднак, выезд дзіцяці за мяжу прадугледжвае пэўныя юрыдычныя нюансы. Здаровым людзям пра іх расказала Вольга Серафіновіч.

Вольга Серафіновіч
Загадчыца натарыяльнай канторы Мінскага раёна №2 Мінскай вобласці
Асаблівасці выезду непаўналетніх дзяцей за межы Рэспублікі Беларусь залежаць ад таго, з кім дзіця з'язджае з краіны: з бацькамі альбо адным з іх; без бацькоў, але ў складзе, напрыклад, школьнай групы; з так званымі «трэцімі асобамі»: бабуляй, цёткай, дзядзькам, ці нейкім іншым. Выключэнне складаюць непаўналетнія, якія набылі дзеяздольнасць у поўным аб'ёме, заключыўшы, напрыклад, шлюб, а таксама з усталяваным рашэннем органаў апекі і папячыцельства альбо ў судовым парадку фактам эмансіпацыі. На такіх дзяцей распаўсюджваюцца агульныя правілы і абмежаванні выезду за мяжу, якія ў нашай краіне рэгулюе Закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Любое дзіця, якое пакідае межы краіны, незалежна ад узросту абавязана мець пашпарт.

Калі дзіця выязджае з бацькамі ...

Калі непаўналетняе дзіця выязджае за мяжу ў суправаджэнні мамы і/альбо таты, бацькам дастаткова мець пры сабе дакумент, які пацвярджае іх статус:

  • пашпарт, у якім маецца адзнака аб наяўнасці дзіцяці;
  • пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці;
  • копію запісу акта грамадзянскага стану ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу i ўтрымлівае адзнаку аб непаўналетнім.

Калі дзіця ўсыноўленае (удачаронае), то акрамя яго пасведчання аб нараджэнні бацькам прыйдзецца падаць пасведчанне альбо копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні).

У выпадку, калі над непаўналетнім устаноўлена апека, да пераліку неабходных дакументаў варта прыкласці копію рашэння органаў апекі і папячыцельства аб устанаўленні апекі, пасведчанне на права прадстаўляць інтарэсы дзіцяці альбо іншы дакумент, які пацвярджае ўсталяванне апякунскіх абавязацельстваў.

Калі дзіця пакідае межы краіны ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, пiсьмовая згода іншага не патрабуецца да таго часу, пакуль той не аспрэчыць у судзе iншы парадак выезду непаўналетняга!

Калі дзіця выязджае без бацькоў…

Менавіта такія сітуацыі выклікаюць больш за ўсё пытанняў, таму што прадугледжваюць наяўнасць згоды на выезд ад абодвух бацькоў. Усё роўна, едзе дзіця на адпачынак і аздараўленне з бабуляй; у складзе калектыву на міжнародныя спаборніцтвы альбо фестываль дзіцячай творчасці; у экскурсійнай групе, арганізаванай школьным актывам, дабро на выезд свайго дзіцяці павінны даць і мама, і тата.

Прычым згода складаецца пісьмова і павінна быць засведчана асаблівым спосабам:

  • натарыусам;
  • службовай асобай, упаўнаважанай здзяйсняць такое натарыяльнае дзеянне (у невялікіх населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, гэта можа быць старшыня сельвыканкама альбо кіраўнік спраў);
  • службовай асобай падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства дзіцяці альбо аднаго з бацькоў (ці законных прадстаўнікоў: апекуна, папячыцеля).
Вольга Серафіновіч
Загадчыца натарыяльнай канторы Мінскага раёна №2 Мінскай вобласці
Пiсьмовая згода мае тэрмін дзеяння, які ўсталёўваецца па жаданні бацькоў: на адну паездку, на 1 год альбо некалькі гадоў, аж да паўналецця дзіцяці. Пры перасячэнні мяжы непаўналетнім, неабходна прад'явіць супрацоўнікам памежных службаў толькі арыгінал пісьмовай згоды!

Калі дзіця выязджае ў іншую краіну для аздараўлення, санаторна-курортнага лячэння альбо атрымання медыцынскай дапамогі, то акрамя дакументаў, якія рэгулююць яго выезд з бацькамі ці без іх, неабходна мець дакументы, якія пацвярджаюць санаторна-курортнае лячэнне альбо атрыманне медыцынскай дапамогі.

Калі згоды няма…

Асаблівай увагі заслугоўваюць сітуацыі, калі заручыцца пісьмовай згодай аднаго з бацькоў вельмі складана ці нават немагчыма.

Напрыклад, мама ці тата па нейкіх асабістых матывах катэгарычна супраць таго, каб дзіця пакідала межы краіны. У такім выпадку, няма іншага выйсця, як звярнуцца ў суд з заявай аб устанаўленні іншага парадку выезду непаўналетняга за мяжу, гэта значыць без згоды аднаго з бацькоў. Калі судовае рашэнне будзе станоўчым, яго копію ў абавязковым парадку трэба прад'явіць супрацоўнікам органаў пагранічных службаў.

Часам атрымаць згоду абодвух бацькоў немагчыма з-за аб'ектыўных прычын. Напрыклад, калі адзін з бацькоў:

  • памёр;
  • прызнаны без вестак адсутным;
  • пазбаўлены бацькоўскіх правоў;
  • прызнаны судом недзеяздольным;
  • знаходзіцца ў вышуку.

У гэтым выпадку прыйдзецца мець на руках адпаведныя пацвярджальныя дакументы (пасведчанне аб смерці, рашэнне суда аб прызнанні без вестак адсутным і г.д).

Акрамя таго, ёсць выхад з сітуацыі, калі дзіця расце ў няпоўнай сям'і, а ўсе звесткі пра бацьку пры рэгістрацыі факту нараджэння запісаныя са слоў маці. Для выезду за межы краіны без суправаджэння мамы апроч іншага неабходна прадаставіць даведку з ЗАГСа, якая змяшчае звесткі з запісу акта аб нараджэнні.

Будзьце ў курсе, і хай перад вамі адкрыюцца ўсе межы!

98 0 27

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх