18 Снежня

Не ў рытме сэрца. Мігальная арытмія

Жыццё з анкалогіяй
88 0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адна з прычын развіцця інсульту, а таксама хранічнай сардэчнай недастатковасці – фібрыляцыя перадсэрдзяў, альбо мігальная арытмія. Гэта найбольш распаўсюджаны від парушэння рытму сэрца ў сталых людзей. Чым чалавек старэйшы, тым вышэйшая рызыка развіцця мігальнай арытміі. Калі ва ўзросце да 50 гадоў такі від парушэння сардэчнага рытму сустракаецца прыкладна ў 1% выпадкаў, то пасля 80 гадоў распаўсюджанасць фібрыляцыі перадсэрдзяў дасягае ўжо 6%. Але як распазнаць, што ў працы сэрца пачаліся збоі?

Пра тое, што такое фібрыляцыя перадсэрдзяў і чаму такі від парушэння рытму сэрца патрабуе абавязковага лячэння, Здаровым людзям распавяла Алена Грыгарэнка.

Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук

Небяспечны сімптом

Фібрыляцыя перадсэрдзяў не з'яўляецца самастойным захворваннем. Гэта адзін з сімптомаў хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы. Тым не менш, сярод усіх відаў парушэнняў сардэчнага рытму менавіта мігальная арытмія часцей за ўсё з'яўляецца прычынай экстраннай шпіталізацыі пацыента, патрабуе абавязковага і пажыццёвага прафілактычнага медыкаментознага лячэння.

Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Фібрыляцыя перадсэрдзяў небяспечная ўскладненнямі. Яна ў 5 разоў павялічвае рызыку развіцця вострага парушэння мазгавога кровазвароту альбо інсульту. Акрамя гэтага, мігальная арытмія прыводзіць да ўзнікнення хранічнай сардэчнай недастатковасці, якая значна пагаршае якасць жыцця і скарачае яго працягласць.

Адрозніваюць некалькі формаў фібрыляцыі перадсэрдзяў альбо, як раней называлі такое парушэнне рытму, мігальнай арытміі.

Параксізмальная форма (парушэнні рытму адбываюцца перыядычна).

Назіраюцца кароткія эпізоды парушэння сардэчнага рытму. Як правіла, пры такіх збоях у працы сэрца нармальны сінусавы рытм узнаўляецца самастойна.

Персістыруючая форма (устойлівыя парушэнні).

У пацыента асноўным рытмам з'яўляецца нармальны сінусавы рытм, але перыядычна адбываюцца зрывы сінусавага рытму ў фібрыляцыю перадсэрдзяў. Самастойнага аднаўлення рытму пры такіх параксізмах (прыступах) не адбываецца. Гэта магчыма толькі з дапамогай лекавых сродкаў на працягу першых 48 гадзін ад моманту парушэння рытму.

Перманентная форма (пастаянная фібрыляцыя перадсэрдзяў, без перыядаў аднаўлення сінусавага рытму).

На працягу доўгага перыяду захоўваецца мігальная арытмія ў сувязі з неэфектыўнымі спробамі аднаўлення сінусавага рытму або адсутнасцю перспектыў яго ўтрымання ў сувязі з выяўленымі незваротнымі зменамі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Пры адэкватнай медыкаментознай тэрапіі (прыёме лекавых сродкаў для кантролю частаты сардэчных скарачэнняў і для разрэджвання крыві з мэтай прафілактыкі кардыяэмбалічнага інфаркту галаўнога мозгу) пацыент з пастаяннай формай мігальнай арытміі будзе жыць такую ж колькасць гадоў, як і яго равеснікі з нармальным сінусавым рытмам.

Разам з тым, якасць жыцця ўсё ж будзе іншая. Пагоршыцца пераноснасць фізічных нагрузак. Калі прафесійная дзейнасць чалавека звязана з інтэнсіўнай фізічнай працай, хутчэй за ўсё ён не зможа выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Прычыны мігальнай арытміі

Спецыялісты вылучаюць шэраг захворванняў, якія прыводзяць да развіцця фібрыляцыі перадсэрдзяў. Гэта:

  • артэрыяльная гіпертэнзія. Калі не кантраляваць лічбы артэрыяльнага ціску, тым больш на працягу доўгіх гадоў, гэта можа прывесці да ўтварэння фіброзных змен у міякардзе (разрастанне злучальнай тканкі) і павелічэнню памераў адной з камер сэрца – левага перадсэрдзя. А гэта ўжо перадумовы для з'яўлення фібрыляцыі перадсэрдзяў;
  • ішэмічная хвароба сэрца, якая з'яўляецца прычынай развіцця кардыясклерозу (стану, калі клеткі сардэчнай мышцы замяшчаюцца рубцовай тканкай);
  • парокі сэрца – мітральны стэноз (звужэнне левай перадсардэчна-жалудачкавай адтуліны). Прычым, калі ў такога пацыента дыягнастуецца мігальная арытмія, гэта сведчыць пра прагрэсіраванне пароку сэрца.
Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Існуюць так званыя па-за сардэчныя прычыны фібрыляцыі перадсэрдзяў. Да іх адносяць абдамінальнае атлусценне (залішняе назапашванне тлушчавай тканкі ў верхняй палове тулава і на жываце), парушэнне функцыі шчытападобнай залозы, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх. Пацыенты, якія маюць такую паталогію, павінны ведаць, што пры падобных станах высокая рызыка развіцця мігальнай арытміі і, як вынік, інсульту і хранічнай сардэчнай недастатковасці.

Адназначна сказаць, што з'яўленне мігальнай арытміі абумоўлена спадчыннасцю пацыента, нельга. Разам з тым, ёсць навукова даказаныя факты генетычнай схільнасці да хвароб, якія прыводзяць да развіцця фібрыляцыі перадсэрдзяў (артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет і інш.).

Факт. У мужчын мігальная арытмія сустракаецца часцей. Што ж тычыцца прагнозу развіцця інсульту ў пацыентаў з падобным відам парушэння рытму сэрца, то ў жанчын рызыка вострага парушэння мазгавога кровазвароту вышэйшая.

Дыягназ пастаўлены. Як жыць далей?

Пры пастаноўцы дыягназу ўрачы-кардыёлагі адмовіліся ад тэрміну «мігальная арытмія». У асноўным выкарыстоўваецца тэрмін «фібрыляцыя перадсэрдзяў» або «трапятанне перадсэрдзяў». Такім чынам, дыягназ пастаўлены – а далей?

Першае. Карэкцыя фактараў рызыкі, якія прывялі да ўзнікнення парушэнняў рытму сэрца. Напрыклад, пры залішняй вазе – зніжэнне масы цела, эндакрынных парушэннях – кансультацыя і лячэнне ва ўрача-эндакрынолага, пры артэрыяльнай гіпертэнзіі – кантроль артэрыяльнага ціску і дасягненне яго мэтавых паказчыкаў.  

Другое. Калі гэта персістыруючая альбо параксізмальная форма фібрыляцыі перадсэрдзяў, прызначаецца лекавая тэрапія, накіраваная на ўтрыманне ў паміжпрыступны перыяд нармальнага сінусавага рытму. Прымаць такія лекавыя сродкі неабходна пажыццёва.

Пацыент павінен усведамляць, што калі ён не будзе піць прызначаныя лекі, то сардэчны рытм будзе зрывацца. А кожны зрыў рытму – гэта рызыка развіцця вострага парушэння мазгавога кровазвароту.

Памятка пацыента

Ёсць катэгорыя пацыентаў, якія не адчуваюць збоі рытму сэрца і арытмія з'яўляецца выпадковай знаходкай. Напрыклад, пры вымярэнні артэрыяльнага ціску танометр пачынае сігналізаваць пра няправільную частату сардэчных скарачэнняў. 

Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Нармальны рытм сардэчных скарачэнняў – гэта рэгулярны сінусавы рытм з частатой ад 60 да 80 удараў у хвіліну. Яго забяспечвае асноўны кіроўца рытму – сінусавы вузел. Пры мігальнай арытміі частата сардэчных скарачэнняў складае, як правіла, больш за 120 удараў у хвіліну.

Разам з тым, існуе брадысісталічная мігальная арытмія, калі частата сардэчных скарачэнняў вар'іруецца ў межах 60-70 удараў у хвіліну. У такіх выпадках клінічным паказчыкам альбо здагадкай, што ў пацыента ёсць мігальная арытмія, з'яўляецца нерэгулярны сардэчны рытм.

Алена Грыгарэнка
Галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Ёсць яшчэ такі дыягнастычны крытэрый фібрыляцыі перадсэрдзяў як дэфіцыт пульса. Гэта значыць, што частата сардэчных скарачэнняў, што вызначаецца з дапамогай фанендаскопа, будзе вышэйшая, чым пульс на прамянёвай артэрыі.

Аднак каб адказаць на пытанне, ці ёсць парушэнні рытму ў выглядзе фібрыляцыі перадсэрдзяў альбо трапятання перадсэрдзяў, абавязкова трэба зрабіць электракардыяграму. У некаторых выпадках выкарыстоўваецца спецыяльны прыбор – холтар, які дазваляе запісаць і прааналізаваць электракардыяграму пацыента на працягу 24-48 гадзін. Дадзенае даследаванне дапамагае не толькі выявіць парушэнні рытму, але і ацаніць эфектыўнасць прызначанай пацыенту антыарытмічнай тэрапіі.

88 0 14

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх