1 студзеня
01.01.2020

А ранкам яны прачнуліся... Як падмануць пахмелле?

logo
Навiны
293 0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Колькі святу ні доўжыцца, а раніца наступнага дня ўсё роўна надыдзе. Ці будзе яна добрай, вось у чым пытанне.

Колькі алкаголю можна выпіць, каб назаўтра не было пакутліва балюча? Як пазбегнуць пахмелля і што рабіць, калі раніца пасля застолля ператварылася ў катаванне? Піць і не п'янець – ці рэальна гэта? Пра недарэчныя памылкі ў пытаннях правільнага «піцця» і верныя спосабы «паправіць здароўе» журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распыталася ў Аляксандра Алішэвіча і Андрэя Богдана.

Пахмелле. Дрэнна раніцай.

Каму краёў не бачна?

Крылатая фраза Лёліка з «Брыльянтавай рукі» – «За чужы кошт п'юць нават непітушчыя і язвенікі» – нясе ў сабе сакраментальны сэнс: так ці інакш алкаголь ужываюць усе. Пытанне толькі ў абставінах і дозе. А значыць, гіпатэтычна, эфект уздзеяння алкаголю і пахмелле можа адчуць кожны.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя вывела сярэднія і адносна бясшкодныя дозы алкаголю, дапушчальныя да ўжывання пры ўмове захавання жорсткіх правілаў.

Для мужчын умоўна бяспечнымі лічацца 35 дозаў алкаголю на тыдзень.

Для жанчын – 21 доза на тыдзень.

1 доза – 9 г чыстага спірту.

Колькасць доз разлічваецца па формуле:

колькасць доз = (працэнт утрымання спірту ў напоі (крэпасць) *

*аб'ём вадкасці ў мл): 1000

Напрыклад, бутэлька піва аб'ёмам 0,5 л і з утрыманнем спірту 4% уключае 2 дозы алкаголю.

Бутэлька чырвонага/белага/ружовага віна аб'ёмам 0,75 л і крэпасцю 13,5% – 10 доз алкаголю.

Бутэлька гарэлкі 0,5 л – 20 доз.

Дапушчальныя дозы алкаголю павінны быць раўнамерна размеркаваныя на працягу тыдня. І мінімум два дні на тыдзень, прычым не запар, чалавек павінен быць абсалютна цвярозым. Толькі пры выкананні гэтай умовы рызыка нанесці шкоду свайму здароўю памяншаецца, хаця і не адсутнічае зусім!

А вось колькі дозаў неабходна «кліенту», каб дайсці «да кандыцыі», залежыць ад мноства індывідуальных асаблівасцяў: узросту, масы цела, ступені «трэніраванасці» арганізма, наяўнасці спадарожных паталогій, працы ферментатыўнай сістэмы, абставінаў ужывання спіртнога (напрыклад, нашча або пасля шчыльнага абеду)…

 
Андрэй Богдан
Загадчык таксікалагічнага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска
Значэнне мае нават расавая прыналежнасць. Напрыклад, прадстаўнікі экватарыяльнай расы схільныя да мацнейшага ап'янення ад параўнальна невялікіх дозаў алкаголю. І яны даўжэй застаюцца цвярозымі. А вось у прадстаўнікоў паўночных народаў ярчэй выяўленыя сімптомы пахмелля ад параўнальна невялікіх дозаў алкаголю, і «недамаганне» пасля ўжывання больш зацяжное.

Пахмелле. Паўночныя народы.

Прычына – у нераўнамернай рабоце і дысбалансе двух ферментаў, якія адказваюць за вывядзенне этанолу з арганізма: пры норме аднаго фермента адчуваецца востры недахоп другога. Адсюль розная рэакцыя на алкаголь: камусьці дастаткова, умоўна кажучы, чаркі да стану «тварам у салату», а кагосьці ад гэтай жа чаркі на наступны дзень замучыць пахмелле.

Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!

І ўсё ж колькі б правілаў і перасцярогаў ні існавала, заўсёды знойдзецца хаця б фармальная нагода іх парушыць. Найбольш прыдатная – святы. Нярэдка ліміт «бяспечных» тыднёвых дозаў за адно застолле вычэрпваецца на месяцы наперад. На гэты выпадак у народзе існуе мноства «дзедаўскіх» спосабаў мінімізаваць уздзеянне і наступствы алкагольнай ударнай хвалі.

Перад застоллем трэба добра падсілкавацца

І гэта правільна. У адрозненне ад таго, хто п'е нашча, у чалавека, які добра паабедаў, ап'яненне наступіць пазней. Перш чым усмактацца, спірт вымушаны пераадолець бар'ер з масы ежы. Але і ўсё на гэтым.

 
Аляксандр Алішэвіч
Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
Гэта прафілактычная мера, каб застолле не скончылася, не паспеўшы пачацца. Але як бы шчыльна чалавек ні паеў перад ужываннем спіртнога, гэта ніколькі не паменшыць тую колькасць алкаголю, якую ён вып'е і якая ўсё роўна паўплывае на арганізм. З той жа катэгорыі міф пра цудадзейны эфект расліннага алею, выпітага да пачатку застолля. Ён сапраўды ўтварае плёнку на сценках страўніка і, як следства, запавольвае ўсмоктванне алкаголю, згладжвае «ўдарную хвалю». Але «працуе» алей не ўвесь вечар, а першыя хвіліны, пакуль спірт не разбурыць ахоўную плёнку!

Больш за тое! Спосаб «падрыхтаваць» свой арганізм да прыёму алкаголю больш тлустай і сытнай закускай дзеля эфемернай магчымасці падоўжыць свята можа прывесці да бальнічнага ложку з прыступам панкрэатыту.

Калі алкаголь запіваць, гэта запаволіць працэс ап'янення

Добры міф, а, галоўнае, з гістарычнай асновай. Да 17-пачатку 18 стагоддзя Парыж, адзін з найбуйнейшых культурных цэнтраў Еўропы, з-за адсутнасці каналізацыі і ачышчальных збудаванняў перажываў востры дэфіцыт чыстай пітной вады. Смурод і антысанітарыя ішлі поруч па вуліцах французскай сталіцы. Каб абеззаразіць тую ваду, якая вельмі не дацягвала да параметраў чыстай пітной, парыжане ўсіх узростаў пілі моцна разведзенае віно і... не п'янелі.

На жаль ці на шчасце, мы не ў Францыі 17-га стагоддзя, а да святочнага стала падаваць моцна разведзенае віно неяк не прынята. Але лагічна выказаць здагадку, што напой любой крэпасці можна разбавіць да такой ступені, каб максімальна адтэрмінаваць надыход ап'янення. Пытанне ў іншым: колькі вады давядзецца выпіць?

Пахмелле. Пітная вада.

 
Аляксандр Алішэвіч
Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера
Чаго сапраўды не варта рабіць, дык гэта запіваць алкагольныя напоі газаванымі, змешваць газаваныя алкагольныя напоі (шампанскае, піва, пеністае віно) з моцным алкаголем. Бурбалкі дзейнічаюць у сукупнасці так, што паскараюць усмоктванне этанолу. Калі ж усмоктванне адбываецца павольна, паступова, арганізм чалавека ў пэўнай меры і да пэўнага моманту паспявае прыстасавацца, запусціць працу ферментаў-«антыдотаў». Адпаведна, гэта дазваляе яму даўжэй заставацца на нагах.

Беспадстаўнымі назваў наш эксперт і такія парады, як:

  • нельга «паніжаць» градус алкаголю, г. зн. пасля больш моцных спіртных напояў пераходзіць на менш моцныя, бо гэта паскарае ап'яненне і пагаршае яго ступень;
  • лепей піць большымі аб'ёмамі, але радзей. Бо частыя дробныя «дрынкі» хутчэй выводзяць чалавека, які п'е, са строю.

З пункту гледжання нарколага, алкагольныя напоі ў любой паслядоўнасці, у любой колькасці і з любым працэнтам спірту прыводзяць да ап'янення рознай ступені і наносяць шкоду арганізму.

Бо значэнне мае не методыка піцця, а ўтрыманне алкаголю і аб'ём выпітага. І нават умоўна бясшкодная «ўсярэдненая» доза не можа ісці ў разлік, бо, як мы ўжо высветлілі, доза ў кожнага свая.

Дакладны сродак ад пахмелля

Насамрэч ён усяго адзін: наогул не ўжываць алкаголь. Бо пахмелле – гэта стан, выкліканы выключна наступствамі ўжывання спіртнога, а канкрэтна – атручваннем арганізма ацэтальдэгідам (высокатаксічным рэчывам, якое атрымліваецца ў выніку расшчаплення малекулы спірту). Пасля вады, колькі яе ні пі, пахмелля не бывае.

Часцей за ўсё яно выяўляецца галаўным болем, дыскамфортам і болем у жываце, метэарызмам, арытміяй, павышаным або паніжаным ціскам, млявасцю, патлівасцю, раздражняльнасцю.

Калі недамагання пасля застолля пазбегнуць не атрымалася, можна паспрабаваць палегчыць свой стан. Аляксандр Алішэвіч даў дабро на два народныя сродкі:

  1. Расол (але толькі не воцатны марынад!). Ён бы «забірае» на сябе рэшткі прысутнага алкаголю ў арганізме, памяншае канцэнтрацыю сівушных алеяў, спрыяе зніжэнню ацёку абалонак кары галаўнога мозгу (уласна, з-за ацёку галава па раніцах пасля выпіўкі і баліць). Выводзіць этылавыя шлакі ў крывяноснае рэчышча, праганяе іх праз ныркі і натуральным чынам разам з мачой адпраўляе вонкі. Па такім жа прынцыпе працуе і моцны чай. Але да ўсяго іншага ён яшчэ станоўча ўплывае на тонус крывяносных сасудаў.

А вось каву піць не рэкамендуецца. Кіслата, якая прысутнічае ў кававым зерні, наадварот, можа ўзмацніць пахмельную млоснасць. 

  1.  Заняць сябе справай. Так, усё правільна. І пажадана фізічна актыўнай. Заняцца вільготнай прыборкай у кватэры, арганізаваць сабе на гадзінку-паўтары прагулку пешшу, прыняць кантрасны душ, закончыўшы абавязкова абліваннем прахалоднай вадой... Усё, што заўгодна, абы не сядзець на месцы і тым больш не спаць. Хаця з пахмелля хочацца рабіць усё з дакладнасцю ды наадварот, праўда? Але вось парадокс: чым мацнейшы галаўны боль і млоснасць, тым больш актыўна трэба рухацца. Рэшткі этанолу і прадукты яго перапрацоўкі пакідаюць арганізм чалавека з мачой і паветрам праз дыханне. Такім чынам, чым больш актыўна вы будзеце рухацца, тым больш актыўна будзеце дыхаць. Чым больш актыўна будзеце дыхаць і рухацца, тым хутчэй станеце цвярозым. Каб узмацніць эфект, піце расол і/або чыстую пітную ваду.

У стане сну праца ферментаў, адказных за перапрацоўку спірту і вывядзенне яго з арганізма, моцна запавольваецца.

Праўда ў тым, што пахмелле праходзіць само, нават калі нічога не рабіць. Як і ў тым, што яно не надыходзіць, калі не піць алкаголь.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

293 0 56

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх