19 Мая
19.05.2019

«Сёння сорамна заставацца ў нешчаслівым шлюбе». Адносіны вачыма псіхатэрапеўта з Нью-Ёрка

logo
Пабудуй стасункі
11 0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У свеце, дзе людзі рэдка дажывалі да 40 гадоў, шанцы на адно-адзінае і вялікае каханне былі вельмі высокімі. З павелічэннем працягласці жыцця сучаснае грамадства сутыкнулася з цікавай праблемай, пра якую пісаў яшчэ Эрых Марыя Рэмарк: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Амаль кожны другі шлюб у Беларусі заканчваецца разводам. У Расіі колькасць разводаў складае 52%, у Ізраілі – 38%, у ЗША – 31%. Такая тэндэнцыя прымушае задумацца: што не так з працэсам выбару партнёраў? А можа, развод – заканамерны працэс у сучасным свеце?

Мужчынам таксама цікава

На інтэрактыўную лекцыю «Што адбываецца з адносінамі і сем'ямі ў сучасным свеце: міфы і рэаліі» прыйшла, у большасці сваёй, жаночая аўдыторыя, як і на ўсе падобныя мерапрыемствы. Але хаця мужчыны і апынуліся ў меншасці, аказалася, што яны былі найбольш актыўнымі і ў сваіх пытаннях, і ў развагах. Тэма адносінаў перастала быць толькі жаночай.

Лектарам выступіў Алекс Енцін, уладальнік ступені магістра Нью-Ёркскага ўніверсітэта. За яго плячыма тры гады аспірантуры па клінічнай псіхатэрапіі і 2 гады па групавой псіхатэрапіі. Алекс жыве і працуе ў Нью-Ёрку ў якасці індывідуальнага і групавога псіхатэрапеўта ў кансультацыйным цэнтры, а таксама з прыватнымі кліентамі, з'яўляецца актыўным спікерам па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе.

Для чаго жаніцца?

Традыцыйны шлюб, гасцявы, адкрыты, сужыцельства, сустрэчы для сэксу, шлях адзіночкі... Перад сучаснымі маладымі людзьмі адкрываецца выбар, якога не мелі пакаленні да іх. Многія, падазраю, у гэтым месцы легкадумна фыркнуць, маўляў: «Вось крута! Рабі ўсё, што хочаш. Ніякіх праблем». На самай справе, па загадзя зададзеным маршруце ісці нашмат прасцей. Сапраўдная ж свабода мяжуе з вялікай адказнасцю.

І калі моду дыктуе большасць, дык хто яе складае сёння? Бо ва ўсім свеце ўсё больш людзей адмаўляюцца ад традыцыйнага шлюбу і выбіраюць альбо быць адзіночкамі, альбо будаваць адносіны без абавязацельстваў.

Прынята лічыць, што матыў уступлення ў шлюб – узаемныя пачуцці. Аднак не ўсё так проста.

 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
У пакаленні нашых бабуль і дзядуляў уступленне ў шлюб – адзін з абавязковых пунктаў жыццёвага сцэнару, закладзенага з дзяцінства. Стандарт ранняга шлюбу быў безальтэрнатыўным. Падстаў для таго мноства. Гэта і сацыяльныя катаклізмы XX стагоддзя, калі з улікам дэмаграфічных стратаў наяўнасць мужчыны ў доме была раскошай. Асноватворную ролю адыгрываў эканамічны фактар. Жыць у адзіночку было вельмі складана. Працаваў прынцып «сцерпіцца-злюбіцца». Да таго ж, сям'і былі даступныя сацыяльныя даброты (жыллё, пуцёўкі). Жорсткая маральная норма, у сваю чаргу, прыводзіла да таго, што сэкс прыраўноўваўся да шлюбу. І першы вопыт маладыя людзі атрымлівалі ўжо ў шлюбных адносінах. Бясшлюбнасць ганілі. Пры гэтым не было такіх сродкаў камунікацыі і мабільнасці, як сёння. Шлюбны рынак абмяжоўваўся невялікім колам, сярод якога было неабходна хутка выбраць партнёра.

Што змянілася сёння?

Цікавы факт. У ЗША, Расіі, Ізраілі працэнт жанчын у ВНУ перавышае працэнт мужчын. І тэндэнцыя бачная не толькі ў гэтых краінах. Гэта сведчыць пра тое, што жанчыны ўсё больш імкнуцца да таго, каб не разлічваць на партнёра-здабытчыка, які сёння побач, а заўтра – невядома дзе. Нашмат большая колькасць жанчын цяпер у стане забяспечыць сябе самастойна.

Шлюб ужо не абавязковы для таго, каб займацца сэксам, нараджаць дзяцей. Тады якія матывы стварэння сям'і для сучаснага чалавека? Што на самай справе хоча жанчына, калі кажа: «Я хачу замуж»? Што крыецца за словамі мужчыны: «Мне важная мая свабода, таму я не жанюся»?

Удзельнікі інтэрактыўнай лекцыі вылучалі мноства сваіх варыянтаў. Сярод меркаванняў па першым пытанні: імкненне да бяспекі, абароненасці, патрэба ў блізкасці. Мужчын жа абвінавацілі ў адсутнасці жадання несці адказнасць і інфантыльнасці. А як бы адказалі на гэтыя пытанні вы?

Выбар ідэальнага партнёра – пастка?

Калі праблемы выжывання і эканамічнага складніка не з'яўляюцца прыярытэтнымі, на першае месца ў пошуках адносінаў выходзяць жаданне сустрэць роднасную душу, раскрыць сваю сэксуальнасць, атрымаць вопыт новага рамана.

Сярод амерыканскіх псіхатэрапеўтаў ёсць спецыяльнае паняцце – «серыйны монагаміст». Гэта чалавек, які ўвесь час знаходзіцца ў рамантычных адносінах. Але... з рознымі людзьмі. З кожным партнёрам у яго нешта не складваецца, ён выпраўляецца на пошукі новага. І так шмат разоў.

Што перашкаджае знаходзіцца ў доўгатэрміновых і моцных адносінах?

  • Няўменне размаўляць і выказваць свае пачуцці.
 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
Маладому пакаленню даводзіцца ісці па цалкам новаму шляху пабудовы адносінаў. І выпрацоўваць свае правілы. Ніякіх шаблонаў тут няма. Аднак складанасць заключаецца ў тым, каб навучыцца абмалёўваць загадзя свае жаданні, магчымасці, планы. Для гэтага трэба, у першую чаргу, самім іх усведамляць. І пры гэтым умець данесці. Мужчынам гэта рабіць складана, паколькі іх з дзяцінства вучаць падаўляць эмоцыі. Варта таксама зразумець: магічнае мысленне не працуе. Абапірацца трэба на рэальнасць і не дадумваць за партнёра.
  • Рамантычны ідэал.
 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
Культурай навязаны якісьці рамантычны ідэал, які абвяшчае, што наш партнёр павінен быць: лепшым палюбоўнікам, лепшым сябрам і павераным, лепшым бацькам, адпавядаць нашаму эмацыянальнаму і інтэлектуальнаму ўзроўням. І ўсё гэта чакаецца ад аднаго чалавека! Але ж калісьці гэтыя функцыі ўскладаліся на групу людзей. Да прыкладу, калі людзі жылі ў абшчыне ці племені. Ці можна зараз знайсці таго, хто задаволіць па ўсіх гэтых пунктах? Мне здаецца, тут вельмі шмат фантазій. А як наконт рэальнасці?
  • Вялікая нагрузка на бацькоў.
 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
Калі раней дзіця выхоўвала пашыраная сям'я, дык сёння ўся нагрузка і адказнасць упала на пару. А пры гэтым трэба паспяваць яшчэ быць малайчынай на працы і лепшым эратычным партнёрам у спальні.
  • Згасанне сэксуальнай цікавасці.
 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
У сучасных адносінах сэкс адыгрывае вельмі важную ролю. Чакаецца, што яго будзе шмат, прыемна разнастайнага, бесперапыннага, што партнёры будуць пастаянна жадаць адзін аднаго. Паслабленне цягі расцэньваецца як прыкмета зніжэння якасці адносінаў, хваробы шлюбу. Таму сэкс сёння (пры ўмове пераносу галоўнага акцэнту ў пары на яго) – адна з самых трывожных і неабароненых зон шлюбнага жыцця. Раней з ім не вельмі лічыліся і не казалі пра гэта. Але сёння ў адносінах кожны партнёр хоча атрымліваць задавальненне, надаваць сабе ўвагу. І вось, дапусцім, пара пабралася шлюбам у 30 гадоў. Ці рэальна чакаць гэтага феерверка ад аднаго чалавека на працягу 40-50 гадоў? Бо сучасныя людзі хочуць жыць паўнавартасным жыццём і ў самыя сталыя гады. Сэксуальная цяга з часам слабее. Партнёры замоўчваюць гэтую тэму. Лічаць, што з імі нешта не так. Адчуваюць сорам і непаўнавартаснасць. Гэтыя пачуцці збіраюцца, пакуль не надыходзіць выбух. Развод. Таму яшчэ раз паўтару пра тое, як важна размаўляць.

Развод – спосаб зрабіцца больш шчаслівым?

Развод прыраўноўваюць па ўзроўні стрэсу да смерці блізкага чалавека. Але на самай справе стаўленне да яго ў кожнага будзе розным. У розумах сучасных людзей адбыліся кардынальныя змены з нагоды адносінаў да гэтай з'явы.

 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
Калі раней людзі рашаліся на развод таму, што былі няшчаснымі, дык цяпер прычынай часцяком становіцца жаданне быць больш шчаслівым. Калі раней было няёмка прызнаць, што шлюб не склаўся, дык сёння сорамна заставацца ў адносінах, якія не працуюць, дзе ёсць аб'юз, дзе хтосьці адчувае сябе дрэнна. Хто сказаў, што калі адносіны перарываюцца, дык гэта дрэнна? Так, іх можна працягнуць. Але трэба дапусціць і такую думку: можа быць, любыя адносіны рана ці позна заканчваюцца. І гэта – частка нормы. Як і наяўнасць не аднаго, а некалькіх рамантычных партнёраў на працягу жыцця.

Сучасная сям'я. Новая сацыялагічная формула

Калі адысці ад усяго, што вам казалі і што вы засвоілі як норму з дзяцінства, дык важна разабрацца, што такое шлюб менавіта для вас. Якія базавыя патрэбы вы хочаце задаволіць у ім? Якія з іх рэалізаваць у сямейным жыцці немагчыма? Адказы могуць наблізіць вас да разумення таго, ці гатовыя вы на самай справе да працяглых адносінаў і ці патрэбныя яны вам прама зараз, сцвярджае Алекс Енцін.

 
Алекс Енцін
Магістр Нью-Ёркскага ўніверсітэта, псіхатэрапеўт, спікер па сэксуальнай адукацыi для дарослых і дзяцей у ЗША і Еўропе
Варыянт рашэння ў сучасным свеце: вызваленне ад класічных стандартаў і нормаў. Усё, што працуе для вас і партнёра і не парушае законаў, – норма. І яна змянілася. Сёння большасць людзей мае не адзін шлюб і некалькі адносінаў. Пачынае працаваць і новая сацыялагічная формула сям'і. У сучасным свеце гэта група падтрымкі і прынцып, па якім людзі клапоцяцца адзін пра аднаго, прычым яны не абавязкова звязаныя роднаснымі або сэксуальнымі адносінамі. Гэта зусім не тая форма побыту, якую выбіраюць у якасці стандарту ідэолагі. Гэта сваё «племя», якое вы можаце фармаваць самі з тых людзей, якіх можаце назваць сваёй сям'ёй.

Замест высновы

Магчыма, некаторыя выказванні Алекса Енціна здаюцца занадта радыкальнымі. З аднымі можна паспрачацца, іншыя спісаць на розніцу менталітэтаў. Камусьці гэтыя думкі прынясуць палёгку, камусьці – адчуванне небяспекі і злосць. Адно застаецца відавочным: мадэль пабудовы адносінаў у сучасным свеце мяняецца. І гэты працэс не залежыць ад нашага жадання ці гатоўнасці. Адаптавацца або ў жаху ўцякаць – выбар за кожным з нас.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

11 0 27

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх