1 Лістапада

Вітаўская крыніца

Сакральная Беларусь
34 0 54
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Маленькая вёска пад назвай Вітаўка ў Дзяржынскім раёне Міншчыны даўно славіцца сваёй цудадзейнай крыніцай, дзе на працягу ўсяго года тэмпература вады +9 °C. Вада добра лекуе сардэчна-сасудзістыя захворванні, хваробы вачэй, суставаў і ног.

Пакаранне Віта

У пачатку ХХ ст. пра гэтыя мясціны беларускі пісьменнік і мастак Карусь Каганец запісаў старажытнае народнае паданне. Згодна з ім, тут жыў багаты князь Віт са сваёй дачкой. Вакол ягонага маёнтка месціліся непраходныя гушчары і топкія балоты. Усё было ціха і спакойна. Але аднойчы ўначы прачнуўся Віт ад дзіўнага голасу: «Віт, Віт! Бяры стрэльбу і палі па ворагах, а то забяруць дачку!». Выйшаў ён на ганак, а ў двары ўжо шмат шведскіх марадзёраў. Ад перапуду князь стаў страляць. Сярод шведаў пачалася паніка, і яны разбегліся па балотах. Там і загінулі ў багне. Каб аддзячыць Богу за сваё выратаванне, Віт пабудаваў каменны храм. Але мінуў час, князь забыўся на Божую міласць і цудадзейнае выратаванне ды здзейсніў нейкі страшэнны грэх. І такі цяжкі, што нават зямля затрэслася і паглынула ўсё багацце Віта разам з храмам.

Праз некаторы час людзі выявілі, што на месцы, дзе раней стаяла царква, забруіла чысцюткая крынічка. А побач з ёй знайшлі разьбяную выяву Збаўцы. Мясцовыя людзі, якія хаваліся ад ворагаў у тутэйшых лясах і балотах, часта пілі гэтую чыстую ваду. Пазней яны высветлілі: вада мае цудадзейныя якасці і лекуе многія хваробы. Тады каля крыніцы паставілі крыж, а потым і невялічкую цэркаўку. Праз стагоддзе мясцовы пан замест старой святыні ўзвёў новы храм і змясціў там драўляную скульптуру Ісуса Хрыста, якую ў народзе сталі лічыць цудадзейнай. Бясконцая плынь вернікаў розных хрысціянскіх канфесій пацягнулася да гэтага святога месца. Было заўважана, што больш за ўсё вада з крынічкі дапамагае людзям з хворымі вачамі і суставамі. Калі бралі ваду з крыніцы, то каля скульптуры складалі грошы, лён, палатно, воўну.

Так апавядае старажытнае паданне. Яно пацвярджаецца шматлікімі гістарычнымі сведчаннямі. З’яўленне шведскіх жаўнераў у гэтых краях, хутчэй за ўсё, звязана з водгаласам падзей сярэдзіны XVII і пачатку XVIII стагодзяў, у часы шведска-польскай і Паўночнай войнаў.

Непераможная крынічка

У 1868 годзе тут узводзяць новы, Спаса-Праабражэнскі храм. Побач будуюць званіцу, а над крыніцай – дубовы зруб. Царкву асвячаюць па праваслаўным абрадзе на Уздзвіжанне. На ўрачыстасць збіраецца каля 15 тысяч чалавек. Слава пра крыніцу распаўсюджваецца ўсё шырэй і шырэй, ўсё больш людзей вераць, што вада дапамагае ў пэўныя сакральныя дні. Цяпер сюды паломнікі найчасцей пачынаюць хадзіць менавіта на Уздзвіжанне, а таксама на Вялікдзень. Як плату за лячэнне, грошы кідалі ў калодзеж.

У цяжкія часы 1930-х гадоў, часы ваяўнічага атэізму, новыя ўлады расстралялі святара вітаўскага храма, сам храм зачынілі і разабралі яго для будаўніцтва клуба ў суседняй вёсцы Чаркасы. Іконы і царкоўныя рэчы спалілі, а крынічку замуравалі ў бетон. Але яна неўзабаве зноў прабілася з-пад зямлі, і гэтая вестка хутка абляцела ўсё наваколле. Паломнікі сталі патаемна хадзіць да вады, а некаторыя нават паўзлі да яе на каленях.

Адраджэнне святыні

Прайшло больш чым паўстагоддзя, і ў вітаўскай крыніцы пачалося новае жыццё. Намаганнямі жыхароў Вітаўкі, Чаркасаў і іншых навакольных вёсак пачалі адраджаць Святыню. Спачатку крыніца была  прыведзена ў прыстойны выгляд. Для больш зручнага падыходу да яе пабудавалі мост. Потым на крыніцы ўсталявалі дубовы крыж і калодзеж, а затым і дыхтоўную купель, куды вада цячэ па дубовым жолабе. Паставілі і скрыначку для ахвяраванняў, якія забіраюць на патрэбы царквы.

Крынічка з кожным месяцам набірала былую папулярнасць. Але, як вядома, гэта прыцягвае не толькі добрых паломнікаў, але і злодзеяў. Двойчы на Вялікдзень у 2006 і 2011 гадах тут здарылася бяда. Нейкія прышлыя вандалы пашкодзілі зруб і жолаб, а таксама ўскрылі скарбонку. Людзі ўсё аднавілі. Цяпер на палянцы каля крыніцы апроч крыжа стаіць і часовая каплічка ў вагончыку, а ў вёсцы Чаркасы будуецца вялікі храм.

Сёння да крыніцы ідуць і едуць не толькі з наваколля, але і з замежжа. У купелі акунаюцца летам і зімой. Людзі ідуць да Святой Крыніцы са сваімі нягодамі і хваробамі, а сыходзяць адтуль з надзеяй на выздараўленне. Расказваюць шматлікія гісторыі вылячэння пасля наведвання крыніцы: адны пазбавіліся артрыту, другія – хваробы пазваночніка, трэція – сардэчнай хваробы.

Як дабрацца да святой крыніцы?

Калі выязджаць з Мінска, трэба кіравацца на Брэсцкую трасу і ехаць увесь час наўпрост. Справа будзе знак павароту на кар’ер Чаркасы. Праз 100-200 метраў – на вёску Чаркасы. Паварочвайце направа і, нікуды не збочыўшы, уязджаеце ў вёску. Наперадзе – канец асфальтавай дарогі і знак павароту на вёску Вязынка. Паварочвайце налева і па грунтовай дарозе едзьце наўпрост да знака на Вітаўку. Праз 50 метраў убачыце шыльду «На святую крыніцу» і невялікую стаянку.

34 0 54

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх