18 Жніўня

Гаспадыні да ўвагі: карысныя рэцэпты нарыхтовак на зіму

Гатуй са смакам
96 0 5
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як кажуць, не закруткамі адзінымі жывы чалавек. Сярод нарыхтовак, якія сталі традыцыйнымі на нашых сталах, можна знайсці нямала варыяцый падрыхтоўкі розных кампотаў, саленняў, варэння. Але можна адысці ў бок, зазірнуць на «кухні» іншых краін свету і ўзяць да ўвагі рэцэпты простых, карысных і вельмі смачных страў, якія стануць выдатным дадаткам да паўсядзённага рацыёну.

Агароднінная прыправа

Універсальная для супоў, мяса і іншых страў. Замест сумесей з крамы і кубікаў з сумніўным складам.

Інгрэдыенты:

  • морква, цыбуля, пятрушка, часнок, сельдэрэй – 1,5 кілаграма агульнай вагі;
  • соль – 1 сталовая лыжка;
  • па жаданні можаце дадаць любую зеляніну ці агародніну.

Спосаб прыгатавання

Ачысціць і падрыхтаваць гародніну, парэзаць роўнымі кавалачкамі каля 1 см, адправіць сушыцца ў духоўку (не вышэй за 100° С) або электрасушылку на 7-8 гадзін. Гатовая сухая гародніна павінна ламацца. Здрабняем з дапамогай блендара, дадаем соль.

Выхад: 130 грамаў сухой гародніны.

Тэрмін захоўвання: да 1 года ў сухім і цёмным месцы.

Дарэчы, такім жа чынам можна зрабіць і грыбны парашок-прыправу.

Вяленыя памідоры па-італьянску

Самастойны гарнір, выдатная закуска і прыправа, ідэальнае начынне для брускет, піцы, пасты.

Інгрэдыенты:

  • саспелыя памідоры (форма «слівы» выдатна падыдзе) – 1,5 кілаграма;
  • розныя прыправы;
  • соль;
  • 3 зубчыкі часнаку;
  • аліўкавы або сланечнікавы алей;
  • размарын ці базілік па жаданні.

Спосаб прыгатавання

Памідоры разрэзаць на чатыры часткі, выдаліць унутраную мякаць з семачкамі. Раскласці на блясе, пасаліць, заправіць, у кожную чвэртачку дадаць кроплю алею і паставіць у духоўку пры 80-110° С або ў электрасушылку на 6-8 гадзін. Кантраляваць стан – павінны быць крышачку вільготнымі і лёгка гнуцца, не ламацца. Даем астыць. Выкладваем у слоік пластамі: уніз – размарын ці базілік, парэзаны часнык і па чарзе – алей, спецыі, памідоры. Утрамбаваць. Даліць алей да верху, зачыніць вечкам. Каштаваць не раней, чым праз 3-4 гадзіны.

Выхад: 350 грамаў вяленай гародніны.

Тэрмін захоўвання: да 6 месяцаў у сухім і цёмным месцы.

Фруктовая стужка

Аналаг пасцілы, правільнае салодкае. Для дзяцей і ласуноў – проста знаходка. Зручна браць з сабой у дарогу, выдатны карысны перакус.

Інгрэдыенты:

  • 1 кілаграм любой садавіны (яблыкаў, сліў, персікаў, абрыкосаў, груш) або ягад (парэчак, клубніц, малін, вінаграду).
  • Цукар або мёд, але не абавязкова.
  • Па жаданні можна дадаць карыцу, мускатны арэх, ванілін, кардамон, арэхі, кунжут, мак.

Практычна ва ўсёй садавіне і ягадах утрымліваецца пекцін – прыродны загушчальнік, таму ніякага жэлаціну або жэліруючага цукру не патрабуецца.

Спосаб прыгатавання

Садавіну памыць, ачысціць ад скуры, выдаліць асяродак або костачку, парэзаць дробнымі кавалачкамі. Выкласці ў рондаль, заліць 500 мл вады, варыць пасля закіпання 15 хвілін. Атрыманую масу ўзбіць у пюрэ з дапамогай блендара або ўручную. Варыць яшчэ 10 хвілін. Выслаць бляху пергаментнай паперай. Выкласці і тонка разраўняць лапаткай атрыманую масу. У разагрэтай да 80-100° С духоўцы прасушыць на працягу 2-3 гадзін з функцыяй абдзімання або прыадчыненымі дзверцамі. Даць астыць у духоўцы.

Ёсць варыянт падрыхтоўкі без вады, але ў гэтым выпадку можна атрымаць больш шчыльную, не заўсёды мяккую масу, гэта значыць на аматара. Але пракіпяціць пюрэ рэкамендуем пры любым варыянце рэцэпту.

Выхад: 200-250 г фруктовай стужкі.

Тэрмін захоўвання: да 1 месяца ў шкляным посудзе з вечкам.

Цукаты вітамінныя беларускія

Нацыянальнае салодкае нароўні з журавінамі ў цукры, зефірам і пасцілой. Прыродны аналаг цукерак. Айчынны суперфуд.

Інгрэдыенты для асарці:

  • 1 кг у суме вычышчанага гарбуза, буракоў, морквы;
  • 1,2 кг цукру;
  • пакетык лімоннай або аскарбінавай кіслаты;
  • духмяныя прыправы: ваніль, карыца, куркума, мускатны арэх, кардамон.

Спосаб прыгатавання

Гародніну памыць, ачысціць ад лупіны, выдаліць насенне, нарэзаць на аднолькавыя па памеры кавалачкі (усё, акрамя буракоў, уварыцца прыкладна ў 2-3 разы). Засыпаць 200 г цукру і пакінуць на 3-4 гадзіны або на ноч. 1 шклянку соку, які вылучыцца, змяшаць з 1 кг цукру (можна замяніць 300-400 г мёду) і пакуначкам лімоннай або аскарбінавай кіслаты. Атрымаецца сіроп. Астатні сок зліць.

Сіропам заліць кавалачкі гародніны ў рондалі вялікага дыяметра, каб раўнамерна ўсё ўварылася (дапушчальна і разам, і ў трох асобных рондалях). Для цытрусавага смаку можна дадаць скурку апельсіна ці лімона. Калі кавалачкі стануць празрыстымі – дастаць і сушыць на паперы. Пасля абкачаць ў цукровай пудры або вострых прыправах. Падаваць да гарбаты, дадаваць у кашы, тварог, тарты.

Выхад: 100-150 г цукатаў.

Тэрмін захоўвання: 3-6 месяцаў у герметычнай упакоўцы.

96 0 5

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх