11 Чэрвеня
11.06.2018

5 правілаў захоўвання мёду

logo
Выбірай прадукты
168 0 182
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра тое, наколькі карысны мёд і як правільна яго выбраць, мы пісалі ў папярэдніх артыкулах. Але пытанне захоўвання гэтай карыснай прысмакі не менш важнае, таму карэспандэнт інфармацыйнага партала 24health.by вырашыла разабрацца ва ўсіх тонкасцях правільнага захоўвання мёду.

Правіла 1. Выбірайце правільны посуд

Важна звярнуць увагу на матэрыял, з якога выраблена тара, ступень яе чысціні і здольнасць прапускаць вільгаць.

Лепшым матэрыялам для захоўвання мёду з'яўляецца шкло, пажадана цёмнае. Дапушчальна выкарыстанне тары з алюмінію, нержавейкі, гліны, керамікі, а таксама эмаляванага посуд.

Недапушчальна выкарыстанне посуду з цынку, свінцу, медзі і жалеза, а таксама эмаляванага посуду, які мае сколы. Гэта ж адносіцца і да матэрыялу лыжкі, з дапамогай якой вы будзеце набіраць мёд. Ніколі не карыстайцеся жалезнай лыжкай і тым больш не пакідайце яе ў мёдзе! Гэта пагоршыць смак і сапсуе якасць прадукту.

А вось пластык, так упадабаны многімі, выкарыстоўваць лепш з асцярогай. Пры награванні ў мёд могуць патрапіць прадукты раскладання гэтага матэрыялу, што значна пагоршыць якасць прадукту.

Пры захоўванні ў драўляных ёмістасцях мёд можа змяняць свае ўласцівасці. Напрыклад, асінавая бочачка зробіць яго больш горкім, ад дуба мёд можа пацямнець, хвойныя дрэвы насыцяць мёд сваім пахам. Адзінае дрэва, прыдатнае для захоўвання мёду, – вярба (але такія бочачкі рэдка выкарыстоўваюцца сёння).

Яшчэ адна важная ўмова: посуд з мёдам павінен герметычна зачыняцца, каб пазбегнуць траплення старонніх пахаў і вільгаці.

Змешваць леташні мёд са свежым не рэкамендуецца: свежы прадукт можа забрадзіць і сапсавацца. Посуд для захоўвання мёду павінен быць ідэальна чыстым і сухім.

Правіла 2. Захоўвайце тэмпературны рэжым і не змяняйце яго

Мёд вельмі адчувальны да тэмпературнага рэжыму, таму паспрабуйце забяспечыць для яго камфортныя ўмовы ў дыяпазоне ад -5 да +20°С. Пры тэмпературы вышэй за 20°С разбураюцца карысныя вітаміны, якія змяшчаюцца ў мёдзе, ён расслойваецца і псуецца, а пры тэмпературы звыш 40°С на большую частку карысных уласцівасцяў мёду можна забыцца. Пры тэмпературы ніжэй -20°С мёд стане цвёрдым, але карысныя ўласцівасці захоўваюцца лепш.

Халадзільнік таксама не лепшае месца для захоўвання мёду. У ім досыць высокая вільготнасць, якая негатыўным чынам можа адбіцца на якасці прадукту (выключэнне – калі ваш халадзільнік мае функцыю сухой замарозкі). Па гэтай жа прычыне мёд лепей трымаць далей ад вады і солі.

Яшчэ адна ўмова – стабільнасць тэмпературнага рэжыму. Перапады тэмпературы могуць негатыўна адбіцца на ўласцівасцях прысмакі.

Правіла 3. Не – прадуктам і спецыям з моцным пахам

Мёд вельмі хутка назапашвае староннія пахі, таму настойліва не рэкамендуецца захоўваць яго паблізу спецый, цыбулі, часнаку, рыбы. Гараж з яго пахамі бензіну, газы, масла таксама непадыходзячае месца для захоўвання мёду. Ужо лепш прыбраць яго ў шафку на лоджыі ці балконе.

Правіла 4. Выбірайце для захоўвання цёмнае месца або непразрысты посуд

Пры ўздзеянні святла на мёд ён губляе супрацьмікробныя ўласцівасці з-за разбурэння ферменту інгібіну, таму пры захоўванні ў шкляным слоіку паклапаціцеся пра тое, каб на яго не траплялі сонечныя прамяні. Акрамя таго, пры ўздзеянні прамых сонечных промняў адбываецца награванне мёду, што таксама негатыўна адбіваецца на яго карысных уласцівасцях.

Ідэальнае месца – цёмная шафка, якая стаіць далёка ад уздзеяння святла, награвальных прыбораў, пліты і духавой шафы.

Правіла 5. Пазбягайце павышанай вільготнасці

Чым ніжэй вільготнасць памяшкання, у якім вы будзеце захоўваць мёд, тым лепей. Мёд вельмі добра ўбірае вільгаць, аднак пры гэтым робіцца вадкім, пачынае брадзіць і псавацца.

Калі вы заўважылі, што ў працэсе захоўвання мёд стаў крышталізавацца, ведайце, што вы купілі якасны прадукт. На працягу трох месяцаў пасля выпампоўвання мёд павінен зацукравацца. Выключэнне складае акацыевы мёд, для якога гэты працэс можа расцягнуцца на год.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

168 0 182

Наверх