12 Кастрычніка
12.10.2019

Райскі яблык. Уласцівасці, карысць і шкода садавіны

logo
Здаровае меню
170 0 64
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Англійская мудрасць кажа: «З'ядай яблык у дзень – і доктар не спатрэбіцца». У ёй істотная доля праўды. Яблыкі – адзін з самых здаровых прадуктаў рацыёну. У іх утрымліваюцца неабходныя вітаміны і мінералы, вялікая колькасць клятчаткі. Пры гэтым у іх няма тлушчу, дзякуючы чаму яны маюць нізкую каларыйнасць. Да таго ж, гэта садавіна на ўсе сезоны за невысокі кошт.

Уласцівасці яблыкаў цяжка пераацаніць: дапамагаюць кантраляваць вагу, добра ўплываюць на працу страўнікава-кішэчнага тракта, спрыяюць умацаванню касцявой тканкі і змякчаюць наступствы хваробы Альцгеймера. Нездарма яблыкі называюць цуда-ежай і «пажыўнай электрастанцыяй». Але пра ўсё па парадку.

Пажыўная каштоўнасць яблыка

Адзін сярэдні яблык (каля 200 г) змяшчае 95-130 ккал і каля 4,5 г дыетычных харчовых валокнаў (прыкладна 20% сутачнага запатрабавання), якія спрыяюць нармальнай працы стрававальнай сістэмы, дапамагаюць прадухіліць запор і гемарой.

Таксама ў сярэднім яблыку змяшчаецца 8,4 мг вітаміну С, што адпавядае 11% сутачнай патрэбы ў аскарбінавай кіслаце. Як вядома, вітамін С мае здольнасць павышаць імунітэт і прадухіляць інфекцыі.

Акрамя таго, з'ядаючы адзін яблык, чалавек забяспечвае паступленне ў арганізм:

  • кальцыю, неабходнага для моцных костак і здаровых зубоў (2% сутачнай нормы);
  • жалеза для ўтварэння гемаглабіну (2% сутачнай нормы);
  • вітаміну А для добрага зроку (2% сутачнай нормы);
  • вітамінаў групы В для здароўя нервовай сістэмы і добрага настрою;
  • калію (7% сутачнай нормы);
  • магнію;
  • прыроднага цукру (фруктозы, цукрозы) – 25 г;
  • фалійнай кіслаты і інш.

Карысць яблыкаў для здароўя

Здаўна ва ўсходняй медыцыне лічылася, што яблыкі «надаюць сілу сэрцу і страўніку», «дзяцей ад чэзласці ратуюць». І ў сучаснай медыцыне яблыкі шырока выкарыстоўваюць у лячэбным харчаванні.

Дабратворны ўплыў яблыкаў на сардэчна-сасудзістую сістэму ў першую чаргу звязаны з вялікім утрыманнем у іх складзе харчовых валокнаў, паліфенолаў і антыаксідантаў. Паводле паведамлення ў «Часопісе Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі» за 2011 год, рэгулярнае ўжыванне аднаго яблыка ў дзень зніжае рызыку развіцця інсульту.

Акрамя нерастваральных харчовых валокнаў, якія ўзмацняюць перыстальтыку, нармалізуюць страваванне і забяспечваюць адчуванне сытасці, у яблыку змяшчаецца пекцін. Гэта растваральнае валакно, якое мае здольнасць звязваць шэраг шкодных рэчываў, у тым ліку радыеактыўных, і бяспечна выводзіць іх з арганізма. Пекцін прадухіляе адкладанне халестэрыну на сценках крывяносных сасудаў і, як вынік, перашкаджае развіццю атэрасклерозу і сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Спецыялісты кафедры харчавання Універсітэта штата Фларыда ў 2011 годзе правялі даследаванне, удзельнікі якога на працягу паўгода штодня з'ядалі 75 г сушаных яблыкаў. У выніку ў кожнага падвопытнага ўзровень «дрэннага» халестэрыну знізіўся на 23%, а «добрага» вырас прыкладна на 4%.

Яшчэ адна навукова пацверджаная ўласцівасць яблыкаў – іх здольнасць мінімізаваць рызыку развіцця бранхіяльнай астмы. Даследаванне вучоных Каліфарнійскага ўніверсітэта, у якім узялі ўдзел 2,5 тысячы мужчын сярэдняга ўзросту, паказала значнае паляпшэнне працы лёгкіх сярод падвопытных, якія рэгулярна з'ядалі не менш за адзін яблык у дзень.

Вынікі яшчэ аднаго даследавання павінны парадаваць усіх, хто імкнецца трымаць пад кантролем стрэлку вагаў. Даданне трох яблыкаў у штодзённы рацыён спрыяе зніжэнню вагі, сцвярджаюць бразільскія вучоныя. Аднак гэта справядліва толькі пры ўмове захавання прынцыпаў здаровага харчавання.

Бясспрэчная карысць яблыкаў для здароўя абумоўленая таксама высокім утрыманнем антыаксідантаў. Фітахімічныя рэчывы, выяўленыя ў яблыках, прадухіляюць рост ракавых клетак і, адпаведна, перашкаджаюць развіццю пэўных тыпаў злаякасных новаўтварэнняў. Напрыклад, даказана, што людзі, якія ўключаюць у свой штодзённы рацыён яблыкі, хварэюць на рак лёгкіх удвая радзей, чым тыя, хто не настолькі паслядоўны ў харчаванні.

Найбольшая канцэнтрацыя антыаксідантаў, а таксама вітамінаў С (прыроднага імунастымулятару) змяшчаецца ў скурачцы плоду.

З рызыкай для здароўя

Нягледзячы на відавочныя перавагі яблыкаў для здароўя, ужываць іх трэба ў меру.

Калі ў невялікай колькасці яблыкі спрыяюць зніжэнню масы цела, дык бескантрольнае іх паглынанне можа прывесці да адваротнага эфекту. Яблыкі «разбіваюць» страўнік, павышаюць апетыт, а салодкія гатункі маюць шмат цукру.

Акрамя таго, яблычны сок можа пашкодзіць зубную эмаль. Паводле меркаванняў некаторых вучоных, спажыванне яблыкаў у 4 разы больш разбуральнае для зубоў, чым газаваных напояў! Але варта зрабіць заўвагу: справа не ў самой садавіне, а ў тым, як яе есці. Стаматолагі раяць рэзаць яблыкі на долькі і не занадта расцягваць задавальненне ад іх паглынання: доўгае ўздзеянне соку (як і  кіслаты) на зубную эмаль павялічвае верагоднасць яе пашкоджання.

І ўсё ж такі гэта не падстава адмаўляцца ад яблыкаў. Наадварот! Пры перажоўванні гэтай садавіны знікаюць амаль 97% бактэрый, якія знаходзяцца ў роце! Чым не сродак для чысткі зубоў, калі пад рукой няма зубной шчоткі! Гэтая выснова пасля шматгадовых назіранняў была зробленая амерыканскімі стаматолагамі яшчэ ў 1960 годзе! Каб атрымаць ад яблыкаў карысць для зубоў і звесці да нуля шкоднае ўздзеянне кіслаты, варта старанна прапаласкаць рот пасля ежы.

 Атрутныя яблыкі?

Насенне яблыкаў мае амігдалін. У выпадку кантакту з харчовымі ферментамі з яго ўтворыцца атрутны цыянід. Цэлае насенне праходзіць праз стрававальную сістэму практычна некранутым і натуральным чынам выводзіцца з арганізма. А вось аматары жаваць яблычнае насенне рызыкуюць адчуць на сабе ўздзеянне таксінаў.

Няма нічога страшнага, калі разжаваць 1-2 штукі насення, бо арганізм здольны без наступстваў нейтралізаваць нязначныя дозы цыяніду. Але ў вялікай колькасці яго ўздзеянне можа быць фатальным для чалавека.

Цікавыя факты

  • у яблыках прадстаўлены ўсе адценні чырвонага, зялёнага і жоўтага колераў;
  • ва ўсім свеце вырошчваецца 7500 гатункаў яблыкаў;
  • археолагі знайшлі доказы таго, што людзі атрымлівалі асалоду ад яблыкаў па меншай меры з 6500 г. да н. э.;
  • яблыкі былі ўлюбёным плодам старажытных грэкаў і рымлян;
  • у XVI стагоддзі ў некаторых краінах людзям, абвінавачаным у высечцы пладовых дрэў, у тым ліку яблынь, адсякалі правую руку;
  • навука пра вырошчванне яблынь называецца памалогіяй;
  • яблык-рэкардсмен важыў 1,4 кг.

Яблык – прадукт ва ўсіх сэнсах удзячны. Ён нясе бясспрэчную карысць для здароўя, выдатна спаталяе голад і смагу, ідэальны ў якасці карыснага перакусу і крыніцы неабходных вітамінаў і мінеральных рэчываў. Адзін яблык у дзень – mast have для чалавека, для якога здароўе, маладосць і прыгажосць маюць значэнне.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

170 0 64

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх